Асамблея НДА сабрала на сайце Sos.belngo.info кантакты праваабаронцаў, парады наконт паводзінаў падчас затрыманьня, допыту, суду і зьняволеньня.
Сам сайт пакуль мае толькі беларускамоўны інтэрфэйс, але на ім зьмясьцілі парады як на беларускай, так і на расейскай мове.
Рашэньне стварыць старонку, якая аб’яднае ўсе неабходныя напярэдадні выбараў памяткі і кантакты, прыняў шэраг праваабарончых арганізацыяў. Сваімі матэрыяламі, падрыхтаванымі за доўгія гады працы, падзяліліся Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Human Constanta, «Прававая ініцыятыва», Асамблея НДА Беларусі, Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, Беларускі дом правоў чалавека, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Ініцыятыва FoRB і Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend, а таксама часопіс 34mag.net.
Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштавалі, 333 аштрафавалі на агульную суму звыш 65 000 рублёў. У сьпісе палітычных зьняволеных цяпер 25 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нагнятаньне атмасфэры страху і запалохваньня ў грамадзтве»,— праваабаронцы пра выбарчую кампаніюПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.