Выведка ЗША: Расея распаўсюджвае дэзынфармацыю пра COVID-19

Расейскія выведніцкія службы выкарыстоўваюць некалькі ангельскамоўных сайтаў для распаўсюджваньня дэзынфармацыі, зьвязанай з пандэміяй каранавірусу. Пра гэта са спасылкай на справаздачу амэрыканскай выведкі паведамляюць амэрыканскія СМІ, расказвае расейская служба Свабоды.

Паводле справаздачы, расейская вайсковая выведка выкарыстоўвала сама меней тры сайты — InfoRos.ru, Infobrics.org і OneWorld.press, дзе было апублікавана звыш 150 артыкулаў, у якіх прапагандуюцца кансьпіралягічныя тэорыі, у прыватнасьці кітайскія сьцьвярджэньні аб тым, што каранавірус створаны ў якасьці біялягічнай зброі ў амэрыканскай вайсковай лябараторыі, і зьяўляюцца камэнтары пра тое, як расейскае мэдыцынскае абсталяваньне, дастаўленае ў ЗША, адкрые эпоху разрадкі ў стасунках дзьвюх краін.

У дакумэнце згадваюцца імёны Дзяніса Цюрына і Аляксандра Старунскага, якія арганізуюць публікацыю гэтых матэрыялаў. Яны, паводле амэрыканскіх выведных службаў, зьвязаныя з расейскай вайсковай выведкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трактар ня лечыць, пасадзіў печань». Радыёвядоўца прасьпяваў аб процівірусных «рэцэптах» Лукашэнкі

Сайт InfoRos.ru належыць расейскаму ўраду, два іншыя сайты фармальна незалежныя інфармацыйныя парталы. Паводле крыніц газэты New York Times у амэрыканскіх спэцслужбах, ФБР расьсьледуе сувязі яшчэ аднаго інтэрнэт-выданьня Strategic Culture Foundation cа Службай замежнай выведкі Расеі.

У траўні на яго сайце зьявіўся рэзка нэгатыўны артыкул пра Эвэлін Фаркас, якая працавала ў адміністрацыі Барака Абамы, вядомай сваімі крытычнымі выказваньнямі ў адрас Крамля. У чэрвені Фаркас прайграла на першасных выбарах Дэмакратычнай партыі ў барацьбе за месца ў Кангрэсе.

Сайт InfoRos.ru назваў «ілжывымі» абвінавачваньні ў тым, што ён зьвязаны з расейскай выведкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube апублікаваў сьпіс забароненых тэмаў пра COVID-19. У іх ліку «народныя сродкі» лячэньня

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ