Беларуска-амэрыканская IT-кампанія EPAM распрацавала і бясплатна перадала Міністэрству здароўя Беларусі аўтаматызаваную сыстэму манторынгу і аналізу сытуацыі з эпідэміяй COVID-19, піша БелаПАН са спасылкай на прэс-службу міністэрства. Зьветскі маніторынгу не зьбіраюцца публікаваць.
Сыстэму стварылі ў межах супольных сацыяльных праектаў, з улікам пажаданьняў спэцыялістаў міністэрства, гаворыцца ў паведамленьні. Яна будзе выкарыстаная ў лякарнях, паліклініках, лябараторыях, цэнтрах гігіены і эпідэміялёгіі і іншых арганізацыях, зацікаўленых у санітарна-эпідэміялягічным маніторынгу. У міністэрстве падкрэсьлілі, што праграма «стане часткай новай сыстэмы кантролю за эпідэмічным становішчам у краіне».
Паводле міністра здароўя Уладзімера Караніка, праграма дазваляе павысіць апэратыўнасьць абмену зьвесткамі і забясьпечвае паўнату і празрыстасьць інфармацыі, атрыманай з арганізацыяў аховы здароўя. Аўтаматызацыя працэсу скарачае колькасьць папяровай працы і дапамагае палепшыць працэсы апрацоўкі інфармацыі.
З дапамогай сыстэмы можна сабраць у адзін рэестар зьвесткі аб кожным асобным пацыенце, у якога выявілі каранавірус, зьвесткі пра «кантакты I і II узроўняў», адсачыць перавод пацыентаў з адной мэдыцынскай установы ў іншую, зьмену падыходаў да лячэньня пацыента, выяўленьне новых сымптомаў; сачыць за дынамікай хваробы ў групе пацыентаў, прымаць рашэньні на падставе вялікіх аб’ёмаў зьвестак (big data). Праграма зьбірае зьвесткі ня толькі ў рэальным часе, але і за мінулыя пэрыяды.
Каранік падзякаваў ЕРАМ за апэратыўную распрацоўку і паведаміў, што праграма будзе выкарыстоўвацца для аналізу інфармацыі, атрыманай зь лютага гэтага году, а таксама ў працэсе падрыхтоўкі да магчымай другой хвалі COVID-19 і для «ўсіх сацыяльна значных інфэкцыяў».
Зьвесткі, атрыманыя падчас маніторынгу і аналізу, складаюць мэдыцынскую тайну і знаходзяцца ў абароненым контуры Рэспубліканскага цэнтру апрацоўкі зьвестак, дадалі ў міністэрстве.
Тым часам Міністэрства здароўя ні разу не паведамляла поўную статыстыку пашырэньня COVID-19 па асобных раёнах Беларусі, з красавіка не давала статыстыкі па ўсіх абласьцях краіны, з пачатку траўня не паведамляла колькасьць хворых у цяжкім або крытычным стане і на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Афіцыйным лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць тых, хто знаёмы з законамі матэматычнай статыстыкі. З канца красавіка міністэрства штодзень паведамляе, што ўсе памерлыя з COVID-19 былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй — шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так, паміралі і без хранічных хваробаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.