Аб 11 гадзіне 25 ліпеня зь менскага ізалятара на Акрэсьціна выйшаў на волю актывіст анархісцкага руху, былы палітвязень Зьміцер Паліенка. Ён сьцьвярджае, што з 15 сутак адміністрацыйнага арышту 6 першых дзён трымаў сухую галадоўку пратэсту.
«Хачу распавесьці, што творыцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, — кажа Зьміцер Паліенка Свабодзе. — Там цяпер вельмі жорстка, упершыню з такім сустракаюся. Палітычных арыштантаў беспрычынна трымаюць у карцэрах, не даюць матрацаў, робяць усё, каб пасварыць простых арыштантаў з палітычнымі, вады ў карцэры няма, трэба кожны раз прасіць.
Зразумеў, гэта ўсё робіцца на адмысловы загад зьверху, а шараговыя супрацоўнікі ізалятару ставяцца да нас нават прыязна, бывае, што і нейкія просьбы выконваюць. І яшчэ зь іх размоваў можна меркаваць, што большасьць нэгатыўна ставяцца да Лукашэнкі, ім гэты рэжым таксама надакучыў».
Зьмітра Паліенку затрымалі 8 ліпеня пасьля таго, як на сваёй старонцы ў Facebook выказаўся ў падтрымку палітвязьняў. Суд адбыўся яшчэ праз два дні, але Зьміцер Паліенка мяркуе, што ягоная справа была сфальшаваная.
«Міліцыянты зьмясьцілі ў маю справу нейкія здымкі нібыта праведзенай мной акцыі, хаця я знаходжуся на хатняй хіміі і ў акцыях удзелу ня мог браць. Сфальшавалі справу, толькі б мяне пасадзіць. Відаць, быў загад ізаляваць, як іншых палітвязьняў», — мяркуе Паліенка.
Зь яго словаў, на яго склалі яшчэ як мінімум два пратаколы. Таксама актывіста апытвалі міліцыянты з Маскоўскага РУУС паводле крымінальнай справы, заведзенай за зьнявагу супрацоўнікаў міліцыі ў Ганцавічах. Які статус Зьміцер Паліенка мае ў гэтай крымінальнай справе, яму не паведамілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На Ціханоўскага „кінулі маляву“». Палітвязень Баброўскі пра ўмовы ў СІЗА і рэйтынг Лукашэнкі за кратаміЗьміцер Паліенка і цяпер адбывае пакараньне па крымінальнай справе. 25 кастрычніка 2019 году суд прызнаў яго вінаватым у «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 3 арт. 339 КК) і прысудзіў 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.
МУС сьцьвярджае, што галадоўкі не было
Паводле прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольгі Чамаданавай, Паліенка не трымаў галадоўку. У размове са Свабодай 25 ліпеня яна спаслалася на відэа з камэры, якое пацьвярджае яе словы і якое ў міліцыі вырашылі не публікаваць з «этычных прычынаў».
Тое ж яна раней сьцьвярджала ў Telegram, апублікаваўшы відэа, на якім чалавек у форме перадае ежу і газэты ў дзьверы камэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да Севярынца не падпускаюць». Затрыманы раварыст расказаў пра ўмовы ў турме на Акрэсьціна
Севярынец перадаў, калі выйдзе на волю
Некалькі дзён Зьміцер Паліенка сядзеў у карцары побач з карцарам, дзе знаходзіўся Павал Севярынец — і яны перагаворваліся праз сьцяну.
«Павал трымаецца, перадаваў усім прывітаньне і словы «Жыве Беларусь». Сказаў, што вызваліць яго мусяць 21 жніўня, а 16 гадзіне. Пра сябе перадаваў, што пачуваецца нармальна», — распавёў Паліенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец перадаў, калі выйдзе на волюШто важна ведаць пра справу Паліенкі
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).