У 2019 годзе ў Менску было 372,5 тысячы дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў. Гэта на 19,3% больш, чым было ў 2010 годзе, паведамілі Minsknews.by у гарадзкім статыстычным упраўленьні.
Колькасьць дзяцей павялічваецца ў беларускай сталіцы істотна хутчэй за агульнае насельніцтва: з 2010 да 2019 году ўсіх людзей у Менску стала больш на 8%.
Хлопчыкаў у Менску крыху больш, чым дзяўчынак: 190,9 тысячы супраць 181,6 тысячы. Толькі за 2019 год у Менску нарадзіліся 15,9 тысячы дзяцей, у тым ліку 249 двойняў і 9 тройняў. Больш за палову дзяцей былі ня першымі дзецьмі ў сем’ях.
Пры тым насельніцтва ўсёй Беларусі з 2010 па 2019 год ня вырасла, а толькі скарацілася — на 0,26%. Па стане на 2020 год у Беларусі жыве 9,4084 млн чалавек, у Менску — ужо больш за два мільёны.
Нараджальнасьць па краіне падае. Сумарны каэфіцыент нараджальнасьці ў 2019 годзе склаў 1,388 (у гарадах — 1,2). Гэты паказьнік меншы, чым у 1995 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незвычайная ўрбанізацыя. Чаму Беларусь — краіна аднаго мэгаполісу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 12 600 за 10 гадоў. У гэтых 5 раёнах найбольш скарацілася насельніцтва ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмаграфічны партрэт беларусаў паводле перапісаў