Менскі гарадзкі суд адмяніў рашэньне Маскоўскага суду ад 8 чэрвеня, паводле якога парафія Чырвонага касьцёла за самавольнае будаўніцтва (арт. 21.12 КаАП) была пакараная штрафам на 1350 рублёў.
Пазоў падавала падразьдзяленьне Менгарвыканкаму — КУП «Менская спадчына», якая склала адміністрацыйны пратакол за тое, што парафія нібыта паставіла ў падземнай частцы плябаніі дзьве лёгкія перагародкі.
Гэта палічылі пераплянаваньнем памяшканьняў. Раней там быў гараж, і парафіяне лічаць, што ніякага пераплянаваньня не было. Да таго ж сама перагародка там знаходзіцца з 2013 году. Яна не фігуруе ў тэхнічных пашпартах, якія перадала «Менская спадчына», але насамрэч існуе там вельмі даўно.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чырвоны касьцёл вінаваты дзяржаве 156 тысяч рублёў падаткаў. Вернікі зьвяртаюцца да ЛукашэнкіПарафія абскардзіла рашэньне Маскоўскага суду ў гарадзкім судзе.
Адвакат сказаў у судзе, што ўсталяваньне перагародак не зьяўляецца мадэрнізацыяй і на гэта не патрабуецца дазвольная дакумэнтацыя. У гэтых памяшканьнях будзе праведзена рэканструкцыя на падставе праекту Міністэрства культуры і КУП «Менская спадчына», там усталююць новыя перагародкі і захаваюць цяперашнія.
Ксёндз Завальнюк, які ня мае будаўнічай адукацыі, падпісаў у сьнежні 2019 году акты прыёму тэхнічнай дакумэнтацыі, згодна зь якімі гэтых перагародак не было. Але яны існавалі яшчэ да перадачы ўсяго комплексу будынкаў парафіі па дамове бязвыплатнага карыстаньня.
«Ён ня ведаў гэтых абставінаў і падпісаў тэхнічную дакумэнтацыю, якая зафіксаваная на паперы і ня робіць адзнакаў, што ў памяшканьні зроблена перапляніроўка», — сказаў адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па іншых касьцёлах такіх пытаньняў не было». Падрабязнасьці гісторыі канфлікту з падаткамі вакол Чырвонага касьцёлаРаней парафіі прыйшло паведамленьне, што яна павінна выплаціць дзяржаве больш за 160 тысяч рублёў падаткаў. Вернікі распачалі збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, каб комплекс будынкаў Чырвонага касьцёла перадалі парафіі.
Для парафіі выплаты «непад’ёмныя, а таксама несправядлівыя»
Згодна з распараджэньнем прэзыдэнта Беларусі ад 13 верасьня 2013 году комплекс Чырвонага касьцёла з рэспубліканскай уласнасьці перададзены ў камунальную ўласнасьць гораду Менску і ў бязвыплатнае карыстаньне парафіі Сьвятых Сымона і Алены. Менгарвыканкам жа перадаў яго ў гаспадарчае кіраваньне КУП «Менская спадчына».
Пасьля рэканструкцыі комплексу Чырвонага касьцёла ў 2018-2019 гадах парафію прымушаюць дадаткова, звыш камунальных плацяжоў, штомесячна плаціць КУП «Менская спадчына» 12 950,39 рубля — за зямельны падатак, амартызацыю і падатак на нерухомасьць. Паводле «Менскай спадчыны», гэтыя выплаты вынікаюць з дамовы бязвыплатнага карыстаньня. Дакумэнты з патрабаваньнем аплаты парафія атрымала ў першым квартале 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам пацьвердзіў, што парафія Чырвонага касьцёла вінная 166 тысяч рублёўЦяпер запазычанасьць парафіі перад КУП «Менская спадчына» складае больш за 160 тысяч рублёў.
Паколькі будынкі комплексу Чырвонага касьцёла належаць не рэлігійнай грамадзе, а прадпрыемству «Менская спадчына» на праве гаспадарчага кіраваньня, парафія страціла права на падатковыя льготы па зямельным падатку і падатку на нерухомасьць, якія гарантаваныя заканадаўствам.
Парафія ня раз зьвярталася да дзяржаўных уладаў з просьбай аднавіць гістарычную справядлівасьць і перадаць ёй комплекс Чырвонага касьцёла, аднак безвынікова. Апошні раз такую просьбу парафія накіравала ў Менгарвыканкам у траўні 2020 году. Менгарвыканкам адказаў, што цяпер ня бачыць падставаў для перадачы будынка касьцёла і плябаніі ва ўласнасьць рэлігійнай грамады.
Як гаворыцца ў заяве курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, за ўсю гісторыю існаваньня комплексу Чырвонага касьцёла дзяржава ўпершыню прыняла фінансавы ўдзел у рэстаўрацыі. Аднак цягам амаль 30 гадоў гэтыя будынкі аднаўляліся і падтрымліваліся сіламі рэлігійнай супольнасьці. Падчас рэстаўрацыі парафія набыла тры дарагія бронзавыя званы, якія ўсталяваныя на вежы касьцёла.
Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ня бачыць рэальнай магчымасьці плаціць штомесяц 12 950,39 рубля, як гэтага патрабуе КУП «Менская спадчына», бо для парафіі гэтыя выплаты «непад’ёмныя, а таксама несправядлівыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чырвоны касьцёл: Менска-Магілёўская архідыяцэзія заявіла пра страту гарантаваных законам ільготаў«Атрымліваецца так, што дзяржава, не пытаючыся ў парафіі, як быццам пазычыла ёй і цяпер патрабуе вяртаньня. Але пра гэта не было гаворкі перад пачаткам рэстаўрацыі», — гаворыцца ў заяве.
Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі заклікала дзяржаўныя ўлады перагледзець сваё рашэньне, перадаць комплекс будынкаў Чырвонага касьцёла парафіі «і тым самым аднавіць права карыстаньня падатковымі льготамі ў адпаведнасьці з заканадаўствам».
«Падаткі не такія вялікія, як у Чырвонага касьцёла»
Ці ўзьнікаюць падобныя сытуацыі ў Беларускай праваслаўнай царкве?
Старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ протаярэй Сяргей Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што прыходы, якія спраўляюць набажэнствы не ва ўласных памяшканьнях, а, напрыклад, у жылых будынках, на арэндных плошчах, плацяць адпаведныя падаткі.
«Проста яны не такія вялікія, як у Чырвонага касьцёла, бо агульны падатак дзеліцца на ўсіх карыстальнікаў плошчы будынка, як у шматкватэрных дамах, напрыклад, — патлумачыў протаярэй Сяргей Лепін. — Звычайна гэта не такія вялікія падаткі. Розьніца ў іх памерах, калі яна ёсьць, — гэта розьніца памераў падаткаў для юрыдычных і фізычных асобаў».