Эўрадэпутатка: Лукашэнка ня мог сабе ўявіць, наколькі людзям абрыд гэты рэжым

Віёла фон Крамон-Таўбадэль

Эўрапейскія дэпутаты бяруць шэфства над беларускімі палітвязьнямі ў межах кампаніі салідарнасьці #WeStandBYyou, арганізаванай швайцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco. Нямецкая дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Партыі зялёных Віёла фон Крамон-Таўбадэль стала «хроснай» беларускага палітвязьня Вяргілія Ушака.


Наш брусэльскі карэспандэнт Рыкард Юзьвяк пагаварыў зь Віёлай фон Крамон-Таўбадэль пра беларускія выбары.

— Чаго вы чакаеце ад прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?

— Мы чакаем, што не пабачым новых палітычных зьняволеных, што сытуацыя ў Беларусі застанецца спакойнай. Што мы ўбачым канкурэнтнае палітычнае выбарчае асяродзьдзе. Што, спадзяюся, упершыню зможам убачыць сапраўдную канкурэнцыю паміж кандыдатамі, у тым ліку незалежнымі. І што нават калі выбары нельга назваць справядлівымі, бо некаторыя прэтэндэнты ўжо арыштаваныя, але тым ня менш ёсьць прынамсі невялікі шанец, што адзін кандыдат мог бы застацца, скажам так, у апошняй фазе выбарчай кампаніі, і гэта, выглядае, цяпер і можа разглядацца як сапраўдная альтэрнатыва.

— Мы бачылі масавыя арышты, адхіленьне кандыдатаў і жорсткі наступ на СМІ. Як вы інтэрпрэтуеце тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Цяпер ён (Лукашэнка) сапраўды пад пагрозай. Вы можаце бачыць, як усе носяць футболкі ці кашулі «Саша 3%». І супраць яго ўпершыню вялікая большасьць. Ну, людзі, якія ўсё яшчэ моцна залежаць ад яго, дзяржаўных органаў, супрацоўнікі ўрадавых установаў, магчыма, яшчэ трымаюцца за яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба спрасьціць для беларусаў візавыя правілы, а санкцыі супраць рэжыму ўзмацніць», — дэпутат Эўрапарлямэнту

Але я б сказала, што пераважнай большасьці ў Беларусі цяперашні прэзыдэнт ужо моцна надакучыў. І гэта нешта, чаго ён, відавочна, не чакаў. Ён думаў, што калі ён кантралюе сродкі масавай інфармацыі, усе інстытуты, калі фактычна мае кантроль над усёй краінай, — гэтага будзе дастаткова. І я мяркую, што ён ня мог сабе ўявіць, наколькі людзям абрыд гэты рэжым, а таксама дзеяньні ўладаў падчас крызісу з каранавірусам. Гэта, можа, недастаткова цікава, гэта не Ўкраіна, таму людзі ня выйшлі на вуліцы. Яны не блякуюць вуліцы і раёны сталіцы.

Але тым ня менш можна бачыць, што незадаволенасьць сапраўды існуе, і было б вельмі цяжка прадбачыць, што можа здарыцца, калі Лукашэнка выкарыстае яшчэ больш сілы, чым ён гэта рабіў раней.

— Вас гэта непакоіць?

— Tак, вядома. У сэнсе, ён рабіў гэта заўсёды. Ён рабіў гэта ў 2010 годзе, а потым у 2017-м. Кожны раз, у гэтым сэнс яго існаваньня. Яму трэба выжыць. І таму нармальная, натуральная ягоная рэакцыя — усё здушыць і абрэзаць. Але праблема ў тым, што мы не гатовыя ўступiць у нейкі, скажам так, двубой, які мы ня можам выйграць. Пад «мы» я маю на ўвазе Эўрапейскі Зьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыца ААН заступілася за беларускую мову ў адукацыі

Дык які галоўны патэнцыйны «бізун» мы можам выкарыстаць? Гэта маглі б быць адрасныя санкцыі, але нават адрасныя санкцыі Лукашэнка выкарыстае супраць Эўразьвязу. Ён выставіць іх як пагрозу насельніцтву. Пагрозу беларускаму народу. Пагрозу грамадзянам. Ён ніколі ня ўбачыць у іх пагрозу самому сабе або сваім палітычным саюзьнікам.

Так што вельмі і вельмі складана выбраць правільную рэакцыю на ўжываньне сілы ў тым выпадку, калі яно будзе большае, чым бывала раней.

— Як Эўрапейскі Зьвяз мусіў бы рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі?

— Я думаю, што цяпер Эўрапейскі Зьвяз павінен выразна даць зразумець, у якую цану абыдуцца цяперашняму прэзыдэнту жорсткія і агрэсіўныя рэпрэсіі, якіх выдаткаў гэта будзе яму каштаваць.

Вы бачыце, як выглядае эканоміка, у якой яна дрэннай сытуацыі, і пандэмія робіць гэтую сытуацыю яшчэ горшай. Беспрацоўе, напэўна, будзе расьці. А паколькі няма спакусы павялічыць залежнасьць ад расейскіх грошай, ад расейскіх інвэстыцыяў, не існуе іншай альтэрнатывы, акрамя сродкаў Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брусэль зноў выказаў Менску занепакоенасьць і шкадаваньне з нагоды выбараў

І я ведаю, што ўсе рады супрацоўнічаць зь Беларусьсю, але ня ў выпадку, калі далей парушаюцца правы чалавека і чыняцца рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў, якія проста хочуць рэалізоўваць свае правы і проста просяць зарэгістраваць сваіх альтэрнатыўных кандыдатаў, хочуць карыстацца сваім правам на выказваньне свабоднай палітычнай волі ў форме галасаваньня.

Але цяпер мы бачым нешта адваротнае. Спадар Лукашэнка маніпулюе ўсімі спосабамі. Ён выкарыстоўвае так званы нямецкі закон аб ахове здароўя, каб выключыць апошніх незалежных сяброў выбарчай камісіі ў пасольстве, а таксама ў консульстве ў Мюнхэне. Гэта абсалютна непрымальна. Але пакуль ніхто гэтага не крытыкаваў. Ніхто ня ўзяўся за гэта. Тут нямецкія ўлады сапраўды мусяць умяшацца і сказаць: «Слухайце, мы не дазволім гэтага зрабіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькім беларусам у Нямеччыне, якія трапілі ў выбарчыя камісіі, цяпер адмовілі

Нямецкі закон аб ахове здароўя, гэтак званы Bundesseuchengesetz, ня ведаю, як дакладна перакласьці, вызначае дыстанцыяваньне ва ўмовах пандэміі, але там абсалютна не сказана пра тое, што сябрам выбарчай камісіі патрэбныя кожнаму па 10 квадратных мэтраў у пакоі. Гэта проста сьмешна. І адзіныя, каго ён, міністар замежных спраў Беларусі, выключыў, былі незалежныя назіральнікі.

Вось жа, гэтыя дробныя дзеяньні трэба адкрыта крытыкаваць, і яны павінны мець свае наступствы. Так, як я ўжо сказала, я не сачу ўважліва за ўсімі дзеяньнямі ўладаў, але яны настолькі відавочна перашкаджаюць выбарчаму працэсу і маніпулююць выбарамі, што я баюся і сумняваюся, што гэтыя выбары будуць празрыстымі i справядлівымі, як павінны былі б быць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія санкцыі адносна Беларусі — на карысьць ці на шкоду? Карач супраць Ягорава

— Якое вашае пасланьне людзям Беларусі?

— Яны проста цудоўныя. Такія актыўныя і такія адданыя. Сапраўды, яны поўныя надзеі і вартыя лепшай будучыні. Вартыя палітычнай клясы, якая б дамагалася таго, што яны хочуць мець.

Яны не рэвалюцыянэры, яны не імкнуцца да палітычнай барацьбы. Яны хацелі б мець больш высокі ўзровень жыцьця. Хацелі б мець мірнае жыцьцё. Але яны таксама хочуць мець сумленныя, свабодныя і ўсебаковыя выбары, і я думаю, што яны гэтага заслугоўваюць. І з нашага боку ёсьць усё, каб гэта гарантаваць.

Да таго ж у Канстытуцыі і законах Беларусі ёсьць неабходныя палажэньні. Яны проста павінны выконвацца, і гэта трэба кантраляваць і дакумэнтаваць. Але калі ў вас няма незалежных місій назіраньня за выбарамі ў вашай краіне, будзе вельмі цяжка забясьпечыць такі кантроль і пасьля абнародаваць усе маніпуляцыі і недахопы напярэдадні і ў дзень выбараў.

Але тым ня менш я бачу, што большасьць беларусаў добра разумеюць, што гэта гістарычны момант і што яны могуць перамагчы, і яны будуць трымацца разам, яны выдатна робяць сваю справу. Яны моцна ўзьнялі сьвядомасьць грамадзтва. І я проста магу сказаць: мы ёсьць. Мы падтрымліваем вас. Будзем спадзявацца, што ў гэтым сэнсе 9 жніўня мы ўбачым добры вынік. Але, шчыра кажучы, я таксама рэалістка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.