Гурт Intelligency, гітарыста якога ў чэрвені зьбіў АМАП, дасьць бясплатны канцэрт у Менску 25 ліпеня. У наступныя дні платныя канцэрты дадуць Зьміцер Вайцюшкевіч, J:морс і «Стары Ольса».
Менскі тэхна-гурт Intelligency выступіць на пляцоўцы «Пясочніца» (вул. Куйбышава, 45) 25 ліпеня ў 19:00. Анансавалі «вулічныя танцы на даху». Уваход вольны.
Гурт цяпер працуе з лэйблам Warner, ладзіць канцэрт пры падтрымцы «Яндэкс.Музыкі», хваліцца тым, што іх песьня «August» стала «гітом лета ў TikTok» і была ў першых радках папулярнасьці ў сэрвісе распазнаваньня музыкі Shazam.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вы гэта чулі? ТЭСТ пра беларускія музычныя альбомыНа наступныя дні анансавалі адразу тры канцэрты ў дворыку Lidbeer Bar (пр-т Незалежнасьці, 58). Усе канцэрты платныя (квіткі прадаюць на Kvitki.by), але іх абяцаюць правесьці максымальна бясьпечна з улікам пандэміі каранавірусу, пры выкананьні бясьпечнай дыстанцыі між гледачамі (колькасьць месцаў строга абмежаваная), як было на нядаўнім канцэрце Лявона Вольскага.
Бард Зьміцер Вайцюшкевіч дасьць канцэрт 26 ліпеня, абяцае выбраныя песьні з розных альбомаў і праектаў, у тым ліку з новага, яшчэ ня выдадзенага альбому. Магчымасьць пабачыцца са слухачамі ён лічыць найлепшым падарункам сабе на дзень народзінаў. Пачатак у 18.00, квіткі ад 33 рублёў.
Рок-гурт J:морс выступіць 1 жніўня з акустычнай праграмай «Вместе». Акустыка для гурту — «фармат асаблівы, сакрамэнтальны», пішуць у анонсе. Абяцаюць выканаць найлепшыя і новыя песьні. Пачатак у 19.00, квіткі ад 50 рублёў.
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» дасьць канцэрт 2 жніўня. Абяцаюць ня проста выступ, а сярэднявечны баль са сьпевамі, танцамі, «добрымі напоямі і шчырымі размовамі». Пачатак у 18:00, квіткі ад 30 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты кахаеш родны край — ну тады і адграбай». Гурт «Дай дарогу!» апублікаваў жорсткі кліп пра падзеі ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Любімы баяніст» Лукашэнкі: Акторы і спартоўцы яго не падтрымліваюць, бо баяцца дызлайкаў