Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Любімы баяніст» Лукашэнкі: Акторы і спартоўцы яго не падтрымліваюць, бо баяцца дызлайкаў


Віталь Варанко
Віталь Варанко

Музыка Віталь Варанко выклаў у інтэрнэт відэакліп з уласнай песьняй «Бацька», прысьвечанай Аляксандру Лукашэнку. У ёй баяніст называе кіраўніка краіны супэргероем, дзякуе за чысьціню, мірнае неба і сьпявае пра народную любоў да яго. Відэа набрала амаль 9 тысяч дызлайкаў.

«Многія знаёмыя адрэагавалі вельмі рэзка»

— Віталь, як думаеце, чаму ваш кліп сабраў такую вялікую колькасьць адмоўных ацэнак?

— Бо ў кожнага ёсьць сваё меркаваньне, я не магу на гэта паўплываць. Але я рады, што людзі актыўныя, што яны актыўна пішуць мне. Гэта цудоўна, што ёсьць такая магчымасьць дзякуючы інтэрнэту. Калі так шмат дызлайкаў, то значыць, што людзям нешта не спадабалася.

— Што канкрэтна? Ваша выкананьне, гук або нешта іншае?

— Справа ня ў якасьці музыкі. Я зрабіў усё выдатна, уклаў сваю душу. Відаць, людзі рэзка адрэагавалі на маю заяву. Магчыма, яны падумалі, што гэта ўсё зь нейкай падачы. Але я незалежны творца, гэта маё асабістае меркаваньне. Мяне ведаюць у розных краінах. Мне нават прапаноўвалі пераяжджаць у Аўстралію, Англію, Польшчу і ЗША. Але я выбраў Беларусь. Я хачу тут ствараць. І я падтрымаў нашага прэзыдэнта, бо вельмі цешуся, што ў нас няма вайны.

— А дзе вайна? У Літве, Латвіі, Польшчы? Недзе далей у Эўразьвязе?

— Там няма, але ёсьць ва Ўкраіне. І калі ў нас будзе пераварот, то яна непазьбежная. Я быў і ў Расеі, бачыў, што там робіцца.

— А чаму вы кажаце пра пераварот? Нехта з кандыдатаў у прэзыдэнты пра гэта кажа?

— Калі шчыра, то я не назіраў канкрэтна гэтых момантаў. Я творца, у мяне часам няма нават часу чытаць навіны. Я прашу — не асуджайце мяне за маё меркаваньне. Ну яно вось такое, я нічога не магу з гэтым зрабіць. Я так усё гэта бачу.

— Дык адкуль тады думкі пра пераварот, калі вы ня ў стане сказаць, хто яго хоча арганізаваць?

— Людзі таксама гэтага ня хочуць. Яны хочуць, каб па тэлевізары проста паказвалі іншы твар. Яны хочуць, каб гэта адбылося мірным чынам. У нас вельмі добрыя людзі, яны таксама хочуць міру. Усё як бы лягічна.

— Чаму, на вашу думку, вы — адзін зь вельмі нямногіх творчых людзей, зорак, якія публічна падтрымалі Аляксандра Лукашэнку?

— Мне здаецца, што яны хвалююцца за сваю рэпутацыю. Яны баяцца тых дызлайкаў, якія атрымаў я. Бо натоўп настроены вельмі жорстка. Людзям нават не цікава, чаго я дасягнуў, дзе выступаў. Натоўпу цікава толькі націснуць, і ўсё. Мне пішуць людзі з музычнага каледжу ў родных Баранавічах, што ім сорамна, што яны са мною гралі ў аркестры. Не разумею, а пры чым тут увогуле аркестар да гэтай песьні? Многія знаёмыя адрэагавалі вельмі рэзка.

«Паглядзіце, як зьмянілася Беларусь. Зьявілася Зыбіцкая»

— Калі вы лічыце, што справы ў Беларусі выдатныя, то дзе з лайкамі тыя людзі, якія падтрымліваюць кіраўніка краіны і вашу песьню?

— Магчыма, яны не ў інтэрнэце.

— Цяпер амаль кожны мае смартфон, інтэрнэт ёсьць у самых аддаленых вёсках.

— Або яны баяцца ставіць лайкі.

— Баяцца паставіць лайк? Што ў гэтым небясьпечнага?

— Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Мая пазыцыя ў гэты час была ўспрынятая ў штыкі. Магчыма я несвоечасова гэта зрабіў. Ня ведаю. Я не чакаю падачак ад дзяржавы. Мне шмат дзе адмаўляюць, я пяць разоў спрабаваў прасьці на «Эўравізію». Але я ўсё роўна гатовы падтрымліваць уладу. Прычына адна — мір

— Вы думаеце, што калі Аляксандар Лукашэнка некалі памрэ, то ў Беларусі пачнецца вайна?

— Людзі думаюць, што без вайны і перавароту немагчыма. Людзі падзеленыя. Мне гэта не падабаецца. Іх трэба аб’яднаць. Магчыма, стварыць лепшыя ўмовы для разьвіцьця. Але мяне ўсё задавальняе. Кожны робіць сам сябе. Перш чым пісаць мне камэнтары, задумайцеся, ці ўсё вы зрабілі дзеля таго, каб тут было ўсё добра. Паглядзіце, як зьмянілася Беларусь. Зьявілася Зыбіцкая, шмат цікавых месцаў. Гэта зрабілі мы, людзі.

— Дык а пры чым тады Лукашэнка, калі гэта не ён будаваў, а людзі?

— Гэта адбылося пры ім, значыць, ён дазволіў гэта зрабіць, і каб усё было мірна і спакойна.

— Віталь, але на Зыбіцкую можа пайсьці невялікая частка беларусаў. Там шалёныя кошты, для абсалютнай большасьці кактэйлі проста не па кішэні.

— Я быў там на мінулым тыдні, і там было шмат людзей.

— Колькі? Тысяча? Колькі беларусаў дазволіць сабе туды пайсьці?

— Цэны там сапраўды высокія. Але ёсьць выхад для ўсіх. Там ёсьць шаўрмішная, дзе за 2 рублі можна купіць шаўрму. Для кожнага там знойдзецца свая забава. Калі ў вас няма грошай ісьці ў клюб, то на вуліцы граюць шыкоўныя музыкі. І я вельмі цешуся, што нарэшце музыкам дазволілі граць на вуліцы. Гэта вялізны плюс.

— А як, на вашу думку, сытуацыя выглядае па-за Зыбіцкай і ўвогуле за Менскам?

— Я сам родам з Баранавічаў. Мне неяк падабаецца, што там таксама ўсё, як быццам, уладкоўваецца. У кожным з гарадоў ствараецца свая Зыбіцкая, у цэнтры. І музыкі там ёсьць. Пасьля Эўропы, дзе я быў, у Польшчы, напрыклад, тут ёсьць тыя самыя вулачкі, як у Варшаве ці Празе. Магчыма, я ня маю рацыі, але я бачу, што зьмянілася. Раней мы езьдзілі ў Польшчу на закупы, у іхныя гандлёвыя цэнтры. А цяпер усе гэтыя брэнды ёсьць у нас. У людзей зьнікла патрэба ехаць у Вільню ці ў Варшаву. Таму ўсе і кажуць, што гэта краіна для жыцьця.

— Тады чаму так шмат людзей езьдзяць працаваць за мяжу, у тым ліку з вашых Баранавічаў? Сяргей Ціханоўскі вёў з Баранавічаў стрым, і людзі скардзіліся, што заводы зачыняюцца, што мала працы.

— Але людзі пачынаюць шукаць выхады. Яны працуюць за мяжой, прыяжджаюць сюды, а цэны ў нас ніжэйшыя, чым там. Людзі зарабляюць там, а тут могуць сабе дазволіць значна больш. Чаму б і не выяжджаць?

— Каб быць зь сям’ёй, напрыклад.

— Канешне, добра было б праводзіць час зь сям’ёй.

«Мае сябры едуць жыць у вёскі, зарабляюць нават 1000 даляраў»

— Вы шмат дзе былі ў сьвеце. Чым у Беларусі лепш, чым там?

— Скажу шчыра, пабываўшы ў Амэрыцы, я не адчуў асаблівай розьніцы з намі. Такія самыя супэрмаркеты, вуліцы. Усё аднолькавае. У нас усё цяпер даступнае. Галоўнае, не ленавацца, а пачаць працаваць. Я паехаў у Амэрыку і там прагучала мая песьня на радыё ў Дэтройце.

— Але пагадзіцеся, што ня ўсе могуць прэзэнтаваць свае песьні на радыё ў Дэтройце. Людзі жывуць і зарабляюць па 400 рублёў. Што вы ім параіце, калі яны ня могуць выехаць нікуды, а падчас адпачынку зьбіраюць ягады і грыбы, каб прадаць загатоўшчыкам?

— Я іх цудоўна разумею. Я сам знаходжуся ў такой сытуацыі, я з простай сям’і. Мая мама таксама зарабляе няшмат. Але заўсёды ёсьць выхад, магчымасьці. Трэба ўкючаць мазгі і максымальна працаваць над сабой, а не хадзіць на працу і казаць, як усё кепска і як нехта мала зарабляе.

— А што рабіць, калі чалавек сапраўды мала зарабляе, а іншых варыянтаў няма?

— Дзякуючы інтэрнэту можна знайсьці шмат спосабаў зарабіць грошы. Айцішнікі, напрыклад, шмат зарабляюць. Мае сябры едуць жыць у вёскі, зарабляюць нават 1000 даляраў. За гэтыя грошы можна добра жыць. Ясна, што ня ўсе могуць займацца IT. Трэба шукаць. Можна фэрму ў полі зрабіць, расьціць гародніну. У нас падаткі меншыя, чым у іншых краінах. Усё гэта можна зрабіць. Магчыма, гэта цяжка, а можа, нават нерэальна. Я проста з гэтым не сутыкаўся.

«Большасьць за Лукашэнку, але ня маюць часу пісаць у інтэрнэце, бо клапоцяцца, як пракарміць сям’ю»

— А як да Лукашэнкі ставяцца вашы і сям’я? Падтрымліваюць ці не?

— Па-рознаму. Але апошнім часам мяне, чамусьці, больш крытыкуюць. Некаторыя нават адпісваюцца ў Інстаграме. Але гэта іх меркаваньне. Я іх вельмі за гэта паважаю. Рэальна, я зь імі салідарны.

— А большасьць у краіне, на вашу думку, за Лукашэнку ці не? Магчыма вы чулі, што яго называюць «Саша 3%».

— Гэта нейкая лухта, гэта меркаваньне інтэрнэту. А ня ўсе такія актыўныя. Многія клапоцяцца, каб пракарміць сябе і сям’ю, у іх няма часу пісаць у інтэрнэце. У іх няма часу. Большасьць за яго, па-любому. Але яны вельмі занятыя. Вось мае сябры-спартоўцы, яны пастаянна ў трэніроўках. Але калі я ў іх пытаюся, то яны ўсе за нашага Аляксандра Рыгоравіча.

— Яны так занятыя, што ня маюць часу ўзяць у рукі тэлефон і паставіць вам лайкі і не напісаць камэнтар?

— Яны баяцца дызлайкаў. А я не пабаяўся, нават коштам сваёй рэпутацыі. Але сярод музыкаў яна не зьмянілася. Я б хацеў, каб людзі неяк больш ляяльна ставіліся да маёй пазыцыі.

— А як да гэтага паставіліся вашы асабістыя сябры?

— Ёсьць людзі, якія мяне падтрымліваюць. Гэта мая мама.

— А ці падабаецца вам нехта яшчэ з кандыдатаў на выбарах?

— Я вывучаў кандыдатаў. Бачу, што кожны пісьменна выказвае думкі і кожны ў нейкай ступені мае рацыю.

— А 26 гадоў той самы прэзыдэнт вас не стамляе?

— Ня ўсё залежыць ад яго. Ён мяняе каманду, там працуюць у асноўным маладыя людзі. А незадаволеныя ёсьць паўсюль. І ў Аўстраліі крытыкуюць, кажуць, як ім кепска. Яны «гоняць» таксама на свой урад.

— У Аўстраліі кіраўніцтва мяняецца на выбарах кожныя некалькі гадоў. А ў Беларусі апанэнты ўлады ня могуць трапіць у камісіі, каб лічыць галасы. Назіральнікам абмяжоўваюць кантроль за падлікам бюлетэняў. СМІ забаронена рабіць апытаньні. Таму ў Беларусі многія сумняваюцца, што выбары сумленныя.

— Калі шчыра, я не палітоляг. Я не магу сказаць дакладна, як праводзяцца выбары. У гэтым пляне я непісьменны. Я разьбіраюся ў музыцы, а ва ўсім чалавек разьбірацца ня можа.

«Ад відэа разгонаў разрываецца сэрца, але з боку дзяржавы гэта выхаваньне»

— Ці бачылі вы відэа або здымкі, як людзей затрымліваюць у чэргах, пікетах? Вашы калегі асуджалі такія паводзіны міліцыі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Я за мір. Калі я гляджу такія відэа разгонаў, то ў мяне сэрца ажно разрываецца. Магчыма, гэтыя пытаньні можна вырашыць неяк інакш. Мне вельмі шкада наш народ, што яго так забіраюць.

— А хто ў гэтым вінаваты?

— Так адбываецца момант выхаваньня з боку кіраўніцтва. Яны таксама хочуць зрабіць усё мірна, але мірна не атрымліваецца. Яны спрабуюць, хіба што, дамовіцца неяк з народам. Гэта ўсяго своесаблівая размова з народам.

— Вы таксама так размаўляеце зь іншымі?

— Я ведаю, як здымаюцца галівудзкія фільмы. Я не магу верыць відэазапісам. Я магу верыць сваім вачам.

— Радыё Свабода вядзе шматгадзінныя стрымы, без мантажу. Там бачна ўсё.

— На жаль, я ня маю часу, каб усё глядзець. Я хачу, каб быў мір.

— А ці былі вам нейкія прапановы пасьля гэтага кліпу? Ад Міністэрства культуры ці ўлады агулам?

— Не. Думаю, што і ня будзе. Дзяржава і так кліча мяне на ўсе дзяржаўныя мерапрыемствы ад 2012 году. Па-сутнасьці, я тут даўно ў абойме як артыст. Больш і клікаць няма куды.

— Дарэчы, як баян, які падараваў вам Лукашэнка?

— Насамрэч, ня ён, гэта фабрыка «Zonta». Але яны не падаравалі, а далі ўзамен за рэкляму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG