Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская анансавала заплянаваныя пікеты на найбліжэйшыя выходныя.
Яна абяцае езьдзіць па гарадах разам з прадстаўніцамі штабоў, якія яе падтрымалі: Марыяй Калесьнікавай са штабу Віктара Бабарыкі і жонкай Валера Цапкалы Веранікай Цапкалай.
Расклад такі:
- Ворша — 25 ліпеня, 12.00, парк Герояў, курган Бесьсьмяротнасьці;
- Магілёў — 25 ліпеня, 16.00, вул. Гагарына, 1, Лядовы палац;
- Бабруйск — 25 ліпеня, 21:00, вул. Урыцкага, 76А, стадыён;
- Жлобін — 26 ліпеня, 11.00, парк Прядняпроўскі, былая бібліятэка;
- Гомель — 26 ліпеня, 20.00, вул. Юбілейная, 48.
Сёньня, 24 ліпеня заплянаваныя адразу тры мітынгі Ціханоўскай:
- У Глыбокім — пачатак у 13:30 на пляцоўцы каля крамы «Белмаркет» на вул. Леніна, 107Б
- У Наваполацку — пачатак у 16:30 на ўваходзе ў гарадзкі парк, каля вул. Паркавай, 1.
- У Віцебску — пачатак у 19.00 каля цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
У некаторых гарадах Беларусі кандыдатам у прэзыдэнты адмаўляюць у «звычайным» часе для правядзеньня мітынгаў — прапануюць толькі раніцу або позьні вечар. Праваабаронцы называюць гэта «свавольствам».
Ціханоўская ў якасьці кандыдаткі ўжо правяла пікеты ў Менску, Горадні, Барысаве і шэрагу іншых гарадоў.
Іншы кандыдат, Андрэй Дзьмітрыеў з «Гавары праўду», анансаваў на 24 ліпеня сустрэчу ў Стоўбцах — на стадыёне «Юнацтва», што на вул. Ленінскай, 68. Сустрэчу дазволілі правесьці толькі адну гадзіну, з 18 да 19.
Кандыдаты Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань пакуль не давалі анонсы пікетаў на бліжэйшы час. Чэрачань адмовіўся ад пікетаў, каб не перашкаджаць кампаніі Ціханоўскай, штаб Канапацкай робіць стаўку на сустрэчы ў працоўных калектывах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядаюць пікеты за Аляксандра Лукашэнку. ФАТАФАКТ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніводнага пытаньня пра выбары. Як прайшла сустрэча з аглядальнікам БТ, які стаў даверанай асобай ЛукашэнкіПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.