Гарадзенец Васіль Баброўскі, які праходзіць у крымінальнай «справе Ціханоўскага», пасьля 42 дзён за кратамі расказаў, як там ставяцца да дзейнай улады, якую «маляву кінулі» на Сяргея Ціханоўскага і як адрэагавалі на сюжэт пра затрыманьне Віктара Бабарыкі.
Жонка чатыры дні шукала мужа
Васілю Баброўскаму 45 гадоў, жанаты, трое дзяцей. Працуе аўтасьлесарам. Яго затрымалі падчас выбарчага пікету на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. У менскі ізалятар яго везьлі ў адной машыне з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Ехалі моўчкі.
Ён застаўся падазраваным у прычыненьні гвалту двум міліцыянтам і абвінавачаным паводле артыкула аб арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзеле ў іх. Асобна атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Гэтага тэрміну яшчэ не адбыў.
Нечакана 9 ліпеня яму ўручылі дакумэнты аб зьмене меры стрыманьня і выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.
Сям’я Баброўскіх цяпер дзеліць сваё жыцьцё на «да» і «пасьля» 29 траўня. Васіль сапраўды быў на Савецкай плошчы ў той дзень. За што яго затрымалі, не разумее, бо не рабіў нічога супрацьзаконнага. Думае, што на ягоным месцы мог быць любы іншы чалавек. Гэтаксама ён ня ведае, чаму менавіта яго адпусьцілі.
Сям’я шукала Васіля чатыры дні. У розных інстанцыях казалі, што Баброўскага ў іх няма. Жонка Алена дапускала вэрсію, што мужа «зьвезьлі ў лес і закапалі». У пэўны момант ад бездапаможнасьці стала на калені і малілася, каб муж знайшоўся. Наткнулася ў сеціве на праваабарончы цэнтар «Вясна», які акурат шукаў сваякоў апошняга зь дзесяці затрыманых. Алена кажа, што праваабаронцы вельмі моцна ёй дапамаглі як юрыдычна, так і маральна. Незнаёмыя людзі падтрымлівалі грашыма ў гэты час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўскі сьпяваў на Акрэсьціна „Муры“». Палітвязень Навумік расказаў пра ўмовы ў СІЗА і як там выжыць навічку
«У нас шмат знаёмых па той бок барыкад»
Пасьля вызваленьня Васіля ніхто са знаёмых яго не асудзіў і не паверыў, што той мог зрабіць злачынства. Казалі, што яны ў шоку ад таго, што адбылося.
«У нас шмат знаёмых і сяброў, якія па той бок барыкад: тыя, хто ў міліцыі, недзе служыў. І там таксама ёсьць шмат добрых людзей, якія цьвяроза ацэньваюць цяперашнюю сытуацыю. Сказаць, што яны ворагі, — не. Мне б хацелася, каб ніхто не пацярпеў, ні з таго, ні з гэтага боку», — кажа Алена.
Пасьля 29 траўня Баброўскія іншымі вачыма пачалі глядзець на жыцьцё ў краіне. Маці Васіля, як даведалася, куды зьнік сын, моцна плакала і сказала, што плянавала сёлета ісьці галасаваць за Лукашэнку.
«Ня ведалі раней пра Плошчу-2010»
Васіль і Алена Баброўскія ня лічаць сябе палітычна актыўнай сям’ёй. Алена кажа, што толькі пасьля затрыманьня мужа пачала чытаць, цікавіцца палітычнай сытуацыяй, тым, што адбывалася раней.
«Якая агіднасьць адбывалася ў 2010 годзе! Мы нават ня ведалі, што гэта вакол нас. Я дзіўлюся, як можна жыць і ня ведаць, што ў тваёй краіне адбываецца», — кажа Алена.
Аказалася, што многія ейныя знаёмыя таксама ня ведалі пра Плошчу-2010. Некаторыя зь яе атачэньня дагэтуль ня ведалі нават, як ідзе сёлетняя выбарчая кампанія, пра затрыманьне Ціханоўскага і паплечнікаў. Васіль кажа, што адносна нядаўна пачаў глядзець ролікі Ціханоўскага, які паказваў сапраўдную сытуацыю ў краіне.
«Па цэнтральных вуліцах усё добра, а зойдзеш за рог, там усё развалена. Уся краіна такая. Толькі абгортка», — кажа Васіль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль тры месяцы арышту. Падсумоўваем маратон адміністрацыйных судоў па «справе Ціханоўскага»На ягоную думку, людзі стаміліся ад таго, што ў краіне «ўсё добра».
«Хочацца, каб у нашай краіне кожны чалавек быў важны», — дадае Алена.
Баброўскія кажуць, што, яны, як і большасьць беларусаў, жывуць ад заробку да заробку. Алена працуе бухгальтарам на чатырох працах, Васіль застаецца, калі трэба, і пасьля працы — не «беларучкі».
Васіль галасаваў за Лукашэнку ў 1994 годзе, бо той быў «блізкі да народу». Цяпер плянуе галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую. Тое, што яна ня мае досьведу ў палітыцы, яго не пужае. Падабаецца, што ейны штаб згуртаваў народ. Ён думае, што ўладу варта зьмяняць.
«Тое, што ён узгадвае 90-я гады, што мы ўсе па малако стаялі... Я памятаю СССР, натуральна, была праблема з прадуктамі, ва ўсіх краінах. Але ва ўсіх краінах зьмяняецца прэзыдэнт. Чаму ў нас не павінен зьмяняцца?» — разважае Васіль.
Ён упэўнены цяпер, што беларусы — не «народзец», а народ, які сам варты вырашаць, каму кіраваць краінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якая ў нас бяспраўная краіна!» Што расказваюць блізкія затрыманых разам зь Ціханоўскім
У СІЗА даведаліся пра затрыманьне Бабарыкі праз тэлебачаньне
Васіль кажа, што ў тых, з кім ён сядзеў, настроі падобныя — усе стаміліся ад дзейнай улады. У ягонай камэры ўсе былі за апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Інфармацыю пра выбарчую сытуацыю зьняволеныя атрымліваюць толькі праз газэту «Советская Белоруссия» і дзяржаўныя тэлеканалы. Кабэльнае тэлебачаньне адключылі зь ліпеня. У камэры быў тэлевізар. Аднак людзі з розных куткоў Беларусі, якія аказаліся ў СІЗА, разумеюць, што карцінка па тэлевізары не супадае зь іхнай рэчаіснасьцю.
Пра тое, што 9 жніўня плянуюцца выбары і што сёлета ажно 15 чалавек высоўвалі сваю кандыдатуру на пост прэзыдэнта, сукамэрнікам расказаў Васіль. Пра асобу Ціханоўскага і тое, што адбылося на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня, яны таксама ня ведалі. Аднак Васіля прынялі нармальна. Адразу празвалі яго «палітычным» і «апазыцыянэрам».
Адначасна Баброўскі чуў, як ахоўнікі ў СІЗА са зьдзіўленьнем абмяркоўвалі затрыманьне Ціханоўскага: «Што рабілася, жах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурант «справы Ціханоўскага», які выйшаў на волю: «Я да ўсяго гатовы»Затрыманьне Віктара Бабарыкі і вечаровы пратэст у Менску 14 чэрвеня зьняволеныя ўбачылі па тэлебачаньні.
«Як закрылі Бабарыку, паказалі мімалётам, што рабілася ноччу ў Менску, што езьдзілі, сыгналілі вакол СІЗА КДБ... Яны (зьняволеныя. — РС) адразу: „Што робіцца! Што робіцца!“», — успамінае Баброўскі.
Любімыя праграмы па тэлебачаньні ў зьняволеных — «Навіны» і «Зона Х». На наступны дзень паказалі сюжэт пра «Белгазпрамбанк».
«У іх адразу: „О, перад выбарамі, афшоры! А чаму адразу не маглі кудысьці закрыць, бо, як казалі, сьледзтва ідзе з 2016 ці 2017 году? Чаму канкрэтна перад выбарамі яго закрылі?“», — пераказвае словы сукамэрнікаў палітвязень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ і Эўрапарлямэнт заклікалі вызваліць Ціханоўскага і яго паплечнікаў, прыгразілі санкцыямі
«Там усе веруючыя»
Пра ўмовы Васіль кажа, што непараўнальна горш было ў ізалятары на Акрэсьціна. Вельмі халадно, кепска кармілі, трымалі ў адзіночных камэрах. На «Валадарцы», наадварот, было вельмі душна і горача. У камэры 9–15 чалавек. Праўда, ежа досыць добрая, што «ня кожны так дома есьць». Мэню, кажа, падобнае да таго, што даюць у дзіцячым садку. Хоць і там ад некаторай ежы ўсе адмаўляліся, прыкладам, ад сьмярдзючай капусты або «страшных кашаў». Васіль у СІЗА нават набраў вагу, бо мала было руху.
У камэры сядзеў мусульманін, які маліўся 5 разоў на суткі, нават ноччу, адмаўляўся ад шмат якой ежы.
«Перад сном адзін мужчына ў іх чытаў Біблію. Там няма няверуючых», — дадае Алена пра тое, што даведалася ад мужа.
«Там усе веруючыя. Ёсьць абразкі ўва ўсіх», — дадае Васіль.
Пра каранавірус у СІЗА ведаюць крыху, распавядае Васіль. У камэры ходзяць бяз масак. Нават афіцыйная статыстыка па хворых да іх не даходзіць. Аднак на ўсе сьледчыя дзеяньні зьняволеныя ходзяць у масках і пальчатках.
Мужчына кажа, што меў час падумаць, што зрабіў, а што яшчэ наперадзе, пераасэнсаваць жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрысты патлумачылі, чаму «справу Ціханоўскага» трэба закрыцьУшак хадзіў босы, а на Ціханоўскага «кінулі маляву»
Баброўскі кажа, што адразу пасьля затрыманьня Ціханоўскі трымаўся добра, крычаў «Стоп, таракан», выказаў здагадку, што іх будуць трымаць ад 2 да 6 месяцаў. Ведае, што ў ізалятары на Акрэсьціна нехта з затрыманых галадаў тры дні і так аслаб, што ўжо ня мог хадзіць. Яшчэ ў горадзенскім участку Баброўскі бачыў, што апэратара Вяргілія Ушака прымусілі зьняць абутак, бо падэшва была мэталічная, і хлопец хадзіў босы ўвесь вечар. Вяргілій быў бледны, меў павышаную тэмпэратуру.
Пра «нізкі сацыяльны статус» Ціханоўскага Баброўскі расказаў, што на «Валадарцы» «кінулі маляву» (ліст. — РС), якая пайшла па ўсёй турме. Хто яе «кінуў», невядома. Паводле гэтай цыдулкі, Ціханоўскі разам яшчэ з двума вязьнямі сядзеў у камэры з чалавекам зь «нізкім сацыяльным статусам».
Баброўскі мяркуе, што так зрабілі, каб з блогерам ніхто не хацеў сядзець. Ён кажа, што падобную інфармацыю перадаюць паміж камэрамі рознымі спосабамі, але не расказаў, якімі. Паводле Баброўскага, такая інфармацыя патрабуе яшчэ пацьверджаньня ці абвяржэньня, але ў гэты пэрыяд Ціханоўскі можа быць у падвешаным стане, яго могуць выгнаць з камэры.
Баброўскія вераць, што 9 жніўня ўлада ў краіне можа зьмяніцца.
«Калі кожны зразумее, якую адказнасьць ён нясе ня толькі перад самім сабой і Богам, але і перад сваімі нашчадкамі, тыя, ад каго залежыць гэта на месцах, у камісіях, калі кожны навучыцца не баяцца і зразумее гэтую адказнасьць, тады, пэўна, будзе справядлівасьць», — кажа Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найбольш не хапала свабоды». Два фігуранты «справы Ціханоўскага» вярнуліся ў Горадню. ФОТА, ВІДЭАГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.