Яшчэ 135 выпадкаў і 4 прызнаныя сьмерці. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 21 ліпеня

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала 21 ліпеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19.

Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой палове чэрвеня афіцыйная статыстыка пачала паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень. Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як тры беларускія сям'і жывуць у пандэмію. Рэальныя гісторыі пра COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус яшчэ тут. Як цяпер моляцца ў беларускіх храмах

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 21 ліпеня ў Беларусі:

  • агулам 66 348 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 507 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 58 592 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 135 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці (такую колькасьць сьмерцяў называюць чацьвёрты дзень запар), выпісалі 302 чалавек;
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў»7249; «актыўных выпадкаў» стала менш на 171;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 202​ 214 ​тэстаў, 2897 за дзень, зь якіх станоўчы вынік далі 4,66% (на мінулым тыдні паведамлялі пра 10 тысяч тэстаў на дзень, 20 ліпеня паведамілі пра 6155, 21 ліпеня гомельскі мэдык расказаў, што перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі загадалі зрабіць дадатковую тысячу экспрэс-тэстаў для «актыву вобласьці», зь якім сустракаўся Лукашэнка);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра пацьверджаныя 66 213 выпадкаў COVID-19 (плюс 118 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 503 чалавек (плюс 4 за дзень), выпісалі 58 290 чалавек (86 ​за дзень).

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не пытае пра COVID, усім і так зразумела, што гэта ён». Як цяпер хварэюць і лекуюцца з COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 23,7% беларусаў лічаць, што перахварэлі на COVID-19. Большасьць баяліся зьвяртацца да мэдыкаў, — апытаньне

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: спатканьні зь беларускімі вязьнямі аднаўляюцца з 1 жніўня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь сярэднецяжкай і цяжкай формай COVID-19 цяпер шпіталізаваць не абавязкова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ