Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня раз абвяшчаў перамогу над каранавірусам. Афіцыйная статыстыка Мінздароўя паказвае пасьлядоўнае зьніжэньне новых выпадкаў заражэньня COVID-19. Аднак шмат у якіх краінах сьвету заяўляюць пра новыя ўспышкі захворваньня. Свабода паглядзела, як жывуць найбуйнейшыя храмы абласных цэнтраў Беларусі.
Віцебск
Найбуйнейшы храм Віцебску — Усьпенскі сабор у гістарычным цэнтры. Верхні храм разьлічаны на паўтары тысячы чалавек. Ніжні храм Перамяненьня Гасподняга на цокальным паверсе зьмяшчае да 500 прыхаджанаў. Але цяпер вернікаў у храме няшмат.
У будні на ранішніх і вячэрніх набажэнствах людзей увогуле можа ня быць. У храме гэта тлумачаць тым, што сабор стаіць далёка ад жылых масіваў. Амаль у кожным раёне гораду ёсьць невялічкія храмы, якія вернікі наведваюць «па месцы жыхарства».
У катэдральным саборы больш вернікаў можа зьбірацца на службы ў пятніцу, суботу, нядзелю. І на сьвяты.
У храме па-ранейшаму прытрымліваюцца захадаў бясьпекі. Жанчына ў царкоўнай крамцы працуе ў масцы. Яна кажа, што абразы апрацоўваюць спэцыяльным растворам. Вернікам, якія хочуць пацалаваць ікону, прапануюць сурвэткі. Запіўку пасьля прычасьця падаюць у аднаразовых кубачках, якія адразу прыбіраюць. Царкоўны хлеб — прасфоры — незалежна ад эпідэмічнай сытуацыі раздаюць у сурвэтках.
«Людзей у храме стала значна менш», — кажа прыхаджанка Ўсьпенскага сабора. Перад працай яна наведвае ранішнюю службу ў ніжнім храме. На вечаровую, а пятай, прыходзіць у верхні храм. Мяркуе, што значнай частцы прыхаджанаў, асабліва пажылога веку, усё яшчэ больш бясьпечна маліцца дома. У храм жанчына надзявае маску, але зазначае, што такіх, як яна, цяпер зусім няшмат.
«Паглядзіце, як ходзяць у горадзе, — кажа яна. — Раней у тралейбусе двое-трое людзей бяз масак ехалі, а цяпер толькі два — у масках. Але гэта справа кожнага. Сябе я маскай не абараню. Іншага — так».
Уваскрасенская царква стаіць ніжэй за Ўсьпенскі сабор. Насупраць — помнік Альгерду. Побач ажыўлены прыпынак, дзе спыняецца шмат грамадзкага транспарту. У будныя дні людзей на набажэнствах тут звычайна болей.
На дзьвярах сьвятыні вісіць заклік наведваць храм у масках і захоўваць дыстанцыю падчас службы. Пры ўваходзе стаіць антысэптык апрацоўваць рукі.
Гомель
У галоўным гомельскім праваслаўным храме — Петрапаўлаўскім саборы — на падвоканьнях стаяць антысэптыкі. Прыслужніцы сабору ходзяць у масках. Па бягучым радку на дошцы аб’яў перадаюць, што «Запіскі аб здароўі хворых на COVID-19 прымаюцца ў іконнай крамцы бясплатна».
Прыслужніцы наракаюць, што ў храм рэдка хто прыходзіць у масцы. Вернікі ігнаруюць парады сьвятароў не прыкладацца да абразоў. «Прыйшла маці з малымі дзецьмі. І сама цалавала абраз, і дзеці цалавалі. Мы кажам, што так нельга, інфэкцыя. А яна кажа, што нічога не баіцца. Пасьля такіх людзей даводзіцца праціраць абразы і сачыць, каб не прыкладаліся», — паведамілі супрацоўнікі сабору.
У галоўным гомельскім касьцёле Нараджэньня Божай Маці стаяць антысэптыкі. Вернікі рэгулярна робяць «вільготную прыборку» з дэзынфэкцыйнымі сродкамі. У будні ў касьцёл прыходзіць мала людзей — да дзесяці чалавек. Яны садзяцца на значнай адлегласьці адзін ад аднаго, некаторыя — у масках.
«За нядзелю, за тры службы, у нас „перавярнуліся“ каля 150 чалавек, захоўвалі дыстанцыю, некаторыя былі ў масках. Тым часам на рынку за нядзелю „перавярнуліся“, можа, дзесяць тысяч чалавек — і амаль ніхто ня носіць масак. Але пільная ўвага — да касьцёла, а ня рынку, грамадзкага транспарту, месцаў масавага збору людзей», — заўважыў ксёндз Юры, пробашч касьцёла.
Горадня
У галоўным праваслаўным горадзенскім храме — Сьвята-Пакроўскім саборы, што паблізу ад чыгуначнага вакзала, амаль каля кожнага абраза стаяць антысэптыкі з анучкамі — праціраць абразы. Вернікі пераважна абразы не цалуюць. Супрацоўнікі храма ў масках, некаторыя ў прыспушчаных. Наведнікі збольшага таксама ў масках.
Настаяцель Сьвята-Пакроўскага сабора айцец Георгі Рой расказаў БелаПАН, што ў храме ад пачатку эпідэміі каранавірусу ўвялі комплекс засьцерагальных захадаў і трымаюцца яго дагэтуль. Падчас прычасьця пасьля кожнага чалавека апрацоўваюць лыжачку сьпіртавым растворам. Вернікам не даюць цалаваць чашы, не выціраюць вуснаў, не даюць запіўку пасьля прычасьця. Калі чалавек падае запісачку, яму не даюць просьвіркі, як раней. Сьвятары рэкамэндуюць вернікам не цалаваць абразы, толькі пакланяцца ім. Па словах айца Роя, застаюцца людзі, якія ўпарта працягваюць цалаваць абразы, бо лічаць, што адваротнае — праява малавер’я.
Багаслужбы ладзяцца не на вуліцы, а ў храме — праз надвор’е. Сьвятары просяць людзей захоўваць дыстанцыю. Прыкладна палова вернікаў працягвае насіць маскі. Максымальна раней насілі 80% чалавек. Сьвятары надзяваюць маскі, калі падыходзяць бліжэй да людзей на цэнтар храма, пры алтары могуць быць бяз масак.
Наведнікам храма пасьля літургіі не даюць цалаваць крыжа, толькі агульнае бласлаўленьне. Часова адмянілі індывідуальную споведзь, засталася толькі агульная. Сьвятары служаць ня больш як па трое адначасна, «вахтавым мэтадам»: адзін тыдзень — адна каманда, другі тыдзень — другая, трэці — трэцяя. Пакуль ніхто з духавенства ў саборы не хварэў на каранавірус.
Сёлета адмянілі паломніцтвы, летнікі, летнія нядзельныя школы, абмежавалі працу бібліятэкі. У самы крызісны момант людзей паменела на 40%, цяпер на 20% менш, чым звычайна.
«Усе мы моцна стаміліся. Ненармальнасьць царкоўнага ладу жыцьця цяжка ўплывае на наш душэўны і духоўны стан... Анабіёз існаваньня, калі амаль ніякай актыўнасьці няма. Цяжка гэта даецца... Эканамічна цяжка, ахвяраваньняў менш, запісак менш», — тлумачыць айцец Георгі.
У фарным касьцёле ў Горадні антысэптык стаіць на ўваходзе, большасьць наведнікаў адразу апрацоўваюць рукі. Большасьць людзей прыходзіць бяз масак. Вернікаў менш, чым звычайна, аднак людзі пачалі вяртацца на набажэнствы. Па-ранейшаму дзейнічае дазвол наведваць толькі онлайн-службы.
Магілёў
У магілёўскіх праваслаўных і каталіцкіх храмах запэўніваюць: карантынныя абмежаваньні застаюцца ў сіле. Вернікам рэкамэндуюць прыходзіць на набажэнствы ў масках, захоўваць дыстанцыю, выкарыстоўваць антысэптыкі ды рэгулярна мыць рукі.
У галоўным праваслаўным храме гораду, саборы Трох Сьвяціцеляў, у будні вернікаў няшмат. Яны прыходзіць у царкву паставіць сьвечку ды замовіць памінальную службу. Некаторыя застаюцца на богаслужэньне. У масках пераважна вернікі пажылога веку. Адна зь іх прызнаецца, што баіцца заразіцца каранавірусам, бо «яе ўзроставая катэгорыя ў групе рызыкі».
«На Бога спадзявайся, але сам старайся», — тлумачыць яна сваю пазыцыю. Паводле яе, на службы мала хто прыходзіць у масках.
«На жаль, яны ня сталі нормай у цяперашняй сытуацыі, — кажа пра маскі суразмоўца. — Людзі па-рознаму ставяцца да небясьпекі. Ёсьць такія, як я, а ёсьць аптымісты, якія перакананыя, што Бог адвядзе ад іх бяду».
Наступная суразмоўца, маладая жанчына, упэўнена, што на каранавірус перахварэла, бо «даводзіцца працаваць зь людзьмі, якія пабывалі на карантыне». Яна кажа, што ў царкве «трымаецца бясьпечнай дыстанцыі і блізка да людзей не падыходзіць». Маска, кажа, не бароніць ад інфэкцыі цалкам, «толькі працэнтаў на трыццаць», таму жанчына безь яе.
Прэсавы сакратар Магілёўскай эпархіяльнай управы Ільля Сідаровіч адзначае: вернікаў у цэрквах не прымушаюць быць на службах у масках, бо «яны і самі разумеюць, у якой сытуацыі жывуць».
«Мы толькі рэкамэндуем хадзіць у масках, захоўваць дыстанцыю і мыць рукі», — кажа ён.
На пытаньне, ці трымаюцца абмежаваньняў сьвятары, суразмоўца рэагуе: «Ці можаце сабе ўявіць сьвятара на амбоне ў масцы...»
У Катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі вернікаў таксама няшмат. На ўваходзе антысэптык, а на дошцы аб’яў — парады, як паводзіць сябе ў час пандэміі.
«Маску надзяваем у залежнасьці ад колькасьці людзей у касьцёле. Як многа, то ў іх, а калі на службе дзясятак бабак, то абыходзімся бяз масак», — кажа дзяўчына, сьпяшаючыся на службу. Паводле яе, іншыя вернікі таксама трымаюцца карантынных абмежаваньняў, бо «ў касьцёле можна заразіцца гэтак жа, як і ў краме».
«У касьцёле вісіць вадкасьць, каб дэзынфікаваць рукі, стараемся захоўваць дыстанцыю, у час пандэміі не перадаём знак супакою», — кажа яна і тут жа з іроніяй дадае: «Але нам жа паведамілі, што каранавірус пераможаны».
«У краму і аўтобус я ў масцы, — кажа пажылая верніца, — а ў касьцёле ўсе пад Богам ходзім, таму бяз маскі. Вядома ж, нам рэкамэндуюць трымацца правілаў, але ня тое перажылі. Часам рукі антысэптыкам спырсну і за гэта дзякую».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ