На пачатку 2020 году ў Камітэце правоў чалавека ААН быў зарэгістраваны зварот былых фігурантаў справы «Белага легіёну» Віктара Данілава, Андрэя Дундукова, Віктара Мароза і Сяргея Стрыбульскага.
Крымінальная справа ў дачыненьні да былых актывістаў моладзевага клюбу «Патрыёт» з Бабруйску была распачатая і расьсьледавалася Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, а затым Сьледчым камітэтам, нагадвае Праваабарончы цэнтар «Вясна».
21 сакавіка 2017 году пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра «баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй», затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ 26 мужчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скаргу на «справу патрыётаў» пачалі разглядаць у ААН, фігуранты патрабуюць кампэнсацыіБылі прад’яўленыя абвінавачваньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу і ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня паводле артыкулу 287. Справа расьсьледавалася на працягу 8 месяцаў і была спынена праз адсутнасьць складу злачынства. Кожны з абвінавачаных правёў пад вартай каля трох месяцаў.
Пасьля спыненьня справы Данілаў, Дундукоў, Стрыбульскі і Мароз зьвярнуліся ў суд па кампэнсацыю маральнай шкоды ў сувязі зь незаконным прыцягненнем да крымінальнай адказнасьці і зьняволеньнем. Аднак ім адмовілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарсуд: кампэнсацыі фігурантам справы «Белага легіёну» ня будзеТады былыя фігуранты зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН на парушэньне дзяржавай іхных правоў паводле артыкулаў 9, 7 і 10 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пасьля разгляду скаргу з дадаткамі накіравалі беларускай дзяржаве для камэнтароў.
Беларуская дзяржава настойвае, што затрыманьне і ўзяцьце пад варту былі «абгрунтаваныя». Аўтары пярэчаць, што супрацьпраўныя дзеяньні не пацьвердзіліся нават пасля 8 месяцаў расьсьледаваньня.
У пярэчаньнях дзяржавы сьцьвярджаецца, што пытаньне аб кампэнсацыі разглядалася нацыянальнымі судамі, якія прыйшлі да высновы, што аўтары ня маюць права на пакрыцьцё шкоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёра былых фігурантаў «справы патрыётаў» патрабуюць па 100 тысяч рублёў кампэнсацыі. Мінфін супрацьДанілаў, Дундукоў, Стрыбульскі і Мароз адказваюць, што менавіта з гэтай прычыны яны і зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН. Беларускія судовыя інстанцыі зыходзілі з таго, што орган расьсьледаваньня не прызнаў за імі гэтага права, хоць судам было неабходна даць уласную ацэнку неправамернасьці затрыманьня, а не спадзявацца на думку сьледчых органаў.
У інфармацыі пра жорсткае абыходжаньне пазначана, што Данілаў, Дундукоў і Стрыбульскі не зьвярталіся са скаргамі да пракурора, які наглядае за парадкам і ўмовамі ўтрыманьня пад вартай. Заяўнікі адказваюць, што пракурор не сустракаўся зь імі ў СІЗА КДБ. Адпаведна, ніякага расьсьледаваньня не праводзілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш арыштаў і штрафаў, але спынілі справу «Белага легіёну». Праваабаронцы падсумавалі вынікі 2017 годуЗаяўнікі адзначаюць, што дзяржава ніяк не пракамэнтавала большасьць парушэньняў: асабістай недатыкальнасьці пры затрыманьні (ужываньне сілы, застрашваньне шляхам перавозкі з тканінай на твары); прымус да самаагавору падчас гутарак з супрацоўнікамі КДБ; стварэньне перашкодаў для канфыдэнцыйных сустрэчаў з адвакатамі; распаўсюд у дзяржаўных СМІ лжывай інфармацыі ў пэрыяд расьсьледаваньня крымінальнай справы і г. д.
Згодна з працэдурай Камітэту правоў чалавека ААН, пярэчаньні аўтараў звароту зноў будуць накіраваныя дзяржаве, а справа будзе чакаць сваёй чаргі на разгляд па сутнасьці.