Міністэрства гандлю ЗША ў панядзелак унесла ў «чорны сьпіс» 11 кітайскіх кампаній, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне на захадзе КНР, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле зьвестак міністэрства, гэтыя кампаніі выкарыстоўваюць прымусовую працу ўйгураў і іншых мусульманскіх меншасьцяў у Кітаі. У лік кампаній, якія трапілі ў сьпіс — тэкстыльныя вытворчасьці і дзьве фірмы, якія займаюцца генэтычным аналізам з мэтай ажыцьцяўленьня далейшага прыгняценьня ўйгураў у КНР. Усе гэтыя кампаніі з гэтага часу ня змогуць свабодна купляць у амэрыканскіх кампаній кампанэнты, неабходныя ў іхнай працы.
Гэта ўжо трэцяя група кітайскіх кампаній і арганізацый, дададзеных у амэрыканскі чорны сьпіс у сувязі з рэпрэсіямі супраць уйгураў у Сіньцзяне.
«Пэкін актыўна прасоўвае заганную практыку прымусовай працы, а таксама схемы збору і аналізу ДНК з мэтай прыгняценьня сваіх грамадзян», — заявіў міністар гандлю ЗША Ўілбур Рос.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністрацыя Трампа можа забараніць уезд больш за 100 млн кітайцаўСярод кампаній, унесеных у чорны сьпіс — KTK Group Co, якая вырабляе больш за 2000 відаў прадукцыі, што выкарыстоўваюцца для стварэньня высакахуткасных цягнікоў; і Tanyuan Technology Co, якая зьбірае алюмініевыя кампазыты, армаваныя графітам.
Яшчэ адна кампанія — Changji Esquel Textile Co, заснаваная Esquel Group у 2009 годзе. Esquel Group вырабляе вопратку для модных брэндаў Ralph Lauren, Tommy Hilfiger і Hugo Boss. У красавіку кіраўніцтва кампаніі адмаўляла выкарыстаньне прымусовай працы ў Сіньцзяне.
Акрамя таго, у сьпіс трапіла кампанія Hetian Haolin Hair Accessories Co, якая займаецца экспартам чалавечых валасоў зь Сіньцзяну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай увёў санкцыі ў адказ супраць ЗША, занепакоеных становішчам уйгураў