«Гэтыя жанчыны зрабілі тое, чаго не змаглі зрабіць мужчыны». Чаго могуць дасягнуць Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава на агітацыйным пікеце ў Менску 19 ліпеня.

Абʼяднаньне штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы абмяркоўваюць культуроляг і пісьменьніца Юля Чарняўская, тэлевядучая, галоўная рэдактарка «Беларускага партызану» Сьвятлана Калінкіна, паэтка і тэлевядоўца Валярына Кустава і гісторык, кіраўніца Беларускай жаночай лігі, адна зь першых беларускіх фэміністак Ніна Стужынская.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Глядзець дыскусію цалкам.

Прапануем фрагмэнты дыскусіі

Сьцісла

  • Чарняўская: «Гэта творчая інтэлігенцыя ў асобе Машы Калесьнікавай; настаўніца, жонка і маці — клясычны варыянт у асобе Сьвятланы Ціханоўскай; і Вераніка Цапкала — разумніца, прыгажуня з крэатыўнай клясы».
  • Кустава: «Ня хочацца казаць, што за кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына, бо там ёсьць прыназоўнік „за“. Хутчэй „поруч“».
  • Стужынская: «Рэжым выбівае ў першую чаргу моцныя фігуры — што мужчынскія, што жаночыя. І тое, што спадарыня Сьвятлана прайшла сіта Ярмошынай, сьведчыць пра тое, што рэжым не палічыў яе моцнай фігурай».
  • Калінкіна: «Ці захочуць заставацца ў палітыцы, залежыць ад саміх жанчын, але я спадзяюся, што зь іхнай дапамогай у наша жыцьцё вернецца палітыка».

«Яны выгадна адрозьніваюцца ад тых жанчын, якія былі да іх у беларускай палітыцы»

— Юлія Чарняўская, пасьля рэгістрацыі/нерэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта вы зьвярнуліся з адкрытым лістом да Сьвятланы Ціханоўскай, у якім выказалі ёй безумоўную падтрымку і патлумачылі, як незваротна мяняецца беларускае грамадзтва. Наколькі нечаканым для вас стала тое, што менавіта жанчыны ўвасобілі абʼяднаньне штабоў трох асноўных альтэрнатыўных кандыдатаў? І як вы расцэньваеце рэакцыю грамадзтва?

Юлія Чарняўская


Юлія Чарняўская: Я чакала, што кандыдаты і штабы пры добрым раскладзе зблізяцца. Гэта заканамерная рэч. Жанчыны, якія цяпер прыйшлі ў палітыку, ня мелі да яе дачыненьня і ня бачылі сябе ў палітычнай рэальнасьці. У гэтым пляне яны выгадна адрозьніваюцца ад тых жанчын, якія былі да іх у беларускай палітыцы. Там былі, безумоўна, вельмі сымпатычныя мне асабіста людзі. На маёй памяці жанчыны, якія дзейнічалі ў беларускай палітыцы, як правіла, былі вымушаныя дзейнічаць паводле мужчынскіх правілаў, таму што сцэнары палітыкі не прадугледжвалі жаночых правілаў. Гэта дастаткова косная структура.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Евалюцыя: жаночае аблічча цяперашніх пратэстаў

Яны спрабавалі карыстацца нейкімі мужчынскімі рытарычнымі прыёмамі, сьціплымі іміджавымі практыкамі. Была наўмысная сэксуалізацыя пад галівудзкую зорку, але ўсё роўна атрымлівалася Марына Ладыніна. Гэта не спрацоўвала, было не да месца, не па справе і абсалютна штучна. А тварам гэтай кампаніі (я кажу не пра гэтых жанчын) стаў жаночы твар, і таму заканамерна, што яны прыйшлі. Жанчыны больш ахвотна і актыўна, чым мужчыны, выказваліся ў стрымах, у сацсетках. Вядомыя жанчыны сталі рабіць заявы. Згадаем, што пра COVID-19, які спачатку і быў трыгерам, упершыню сказала жанчына, віцебская доктарка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агітацыйны пікет Ціханоўскай у Менску. ФОТА, ВІДЭА

Гэтыя жанчыны зрабілі тое, чаго не змаглі зрабіць мужчыны нават пры самых высакародных намерах. Усё роўна перацягваньне коўдры на сябе заўсёды прысутнічала. 15 гадоў часам былі цудоўныя мужчынскія вобразы, якія потым перараджаліся ў перацягваньне коўдры на сябе. І з жанчынамі многімі так было.

Іншыя проста сыходзілі са сфэры публічнай палітыкі. Магчыма, таму што жанчыны, якія дагэтуль удзельнічаюць у публічнай палітыцы, у яе ўрасьлі. А гэтыя жанчыны першапачаткова ісьці ў яе не зьбіраліся. Іх выштурхнулі наперад сацыяльнае запатрабаваньне, асабістая сытуацыя, гарачае абурэньне, пакуты, надзея, асабістая эмоцыя. Яны выступаюць ня толькі за сябе і ня толькі за жанчын, яны выступаюць за краіну і за тых, каго побач няма, хто цяпер зусім у іншых месцах.

«Яны гаварылі, што ўжо ня той час, але сутыкнуліся з усім тым, з чым сутыкалася наша традыцыйная апазыцыя»

— Сьвятлана, 16 ліпеня, камэнтуючы для «Белсату» абʼяднаньне штабоў, былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, вітаючы гэта, згадаў, што ў свой час ён выказваў ініцыятыву аб вылучэньні менавіта жанчыны на кандыдатку на прэзыдэнты ад апазыцыі, і менавіта вас прапаноўваў вылучыць. Калі казаць пра сёньняшнюю сытуацыю, як вам здаецца, гэта было спантанным удалым рашэньнем ці прадуманым загадзя і пралічаным крокам, тым плянам Б, якога чакалі ад альтэрнатыўных кандыдатаў іх прыхільнікі?

Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна: Я думаю, што гэта ўсё ж быў экспромт. І штаб Цапкалы, і штаб Бабарыкі, магчыма, і сама Сьвятлана Ціханоўская, ішлі на гэтыя выбары як рамантыкі. Яны гаварылі, што ўжо ня той час, калі будуць рэпрэсіі, але сутыкнуліся з усім тым, з чым сутыкалася наша традыцыйная апазыцыя. Гэтае абʼяднаньне — гэта ня нейкі плян B, С ці D. Хоць я дапускаю, што кожны з прэтэндэнтаў думаў, што трэба будзе з кімсьці аб’ядноўвацца. Але тое, што адбудзецца менавіта так, ня думаю, што гэта плянавалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра Лукашэнку: «Зьбіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, не прымусіш сябе любіць»

Я б гэта назвала рэакцыяй на несправядлівасьць, якая адбываецца. Можна адчайвацца, можна сказаць, што вось зноў нічога не атрымліваецца, Лукашэнка такі, які ён ёсьць, і трэба зьяжджаць з гэтай краіны, і нічога тут ня будзе, акрамя таго, што трапіш пад рэпрэсіі, страціш нешта нажытае, свае нэрвы, і цябе яшчэ і гразьзю пальюць з усіх афіцыйных прапагандысцкіх каналаў. А можна ўсё ж паспрабаваць нешта з гэтай несправядлівасьцю рабіць. І абʼяднаньне штабоў, на мой погляд, гэта нават ня вера ў тое, што можна перамагчы, ці ў тое, што ў Беларусі на апошняй стадыі будуць выбары, а гэта проста спроба сфармуляваць рэакцыю грамадзтва на тую несправядлівасьць, якая адбываецца.

«Гэта дае надзею ў нашай чарнаце, пакуце і безнадзейнасьці»

— Валярына, пасьля зьяўленьня здымак трох жанчын з трыма жэстамі-сымбалямі стаў вірусным, зьявілася шмат мэмаў, параўнаньняў з жанчынамі з атачэньня Лукашэнкі. Найбольш пашыраная першая рэакцыя была «Па-першае, гэта прыгожа». Але ваш падыход і прапановы мне здаюцца аднымі з найбольш яркіх і сьветапоглядных...

Валярына Кустава

Валярына Кустава: Для мяне як для чалавека, які працуе са словам, з вобразам, зь відэа і дапамагае ў нечым і беларускім незалежным кандыдатам, мне было найперш цікава, калі б я была сцэнарыстам і магла б ім дапамагчы, то якія б словы і лёзунгі можна было б падказаць. Безумоўна, гэта разумныя жанчыны, па-другое, гэта прыгожа, а па-першае, гэта натхняльна і гэта дае надзею ў нашай чарнаце, пакуце і безнадзейнасьці.

Першае, што прыйшло ў галаву, няхай не палічыць гэта за сэксізм, бо для мяне гэта быў пэрсаналізаваны слоган: «Беларусь — яна, а ня ён». І тут маецца на ўвазе вельмі канкрэтны мужчына. «Беларусь — яна мая». Альбо «У свабоды жаночае аблічча». І тыя лёзунгі і слоганы, які луналі ў паветры пра любоў, моц і перамогу — «Любім, можам, пераможам». Як тая тэза, якая ідзе апошнім часам з афіцыйных крыніц, што калі не служыў — не мужык. Апошнім часам хочацца сказаць: не нараджаў — не мужык. Не нараджаў — не прэзыдэнт.

У беларускіх жанчынаў неверагодная моц. Мне ня хочацца казаць, што за кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына, бо там ёсьць прыназоўнік «за». Хутчэй «поруч». І цяпер гэтая візуалізацыя стала відавочнай для бальшыні. Натуральна, што гэта жанчыны, якія ня самі выбралі гэты шлях, але ад таго яны ня сталі менш моцнымі, тымі, якія даюць надзею на сваіх месцах цяпер. Мяне гэта натхняе. Вядома, вельмі істотна, што за паліттэхнолягі, што за думкі стаяць за імі...

«Магчыма, такога варыянту аб’яднаньня жанчын рэжым не прадугледжваў»

— Ганна Севярынец напісала: «Маці, якая хвалюецца за сваіх дзяцей, жонка, якая кахае свайго заняволенага мужа... Няма мацней гэтай моцы. Гэтак можна і даскакацца, патрыярхальныя вы нашы». Ніна Стужынская, калі азірнуцца на 25 гадоў таму, на розныя выбары, на розных кандыдатаў ад апазыцыйных сілаў: магчыма, бракавала лідэрам апазыцыі ў цэлым падобных гендэрных падыходаў у кампаніях? Жанчыны перадачы насілі, за зьняволеных пакутавалі, але лідэркамі не станавіліся. Як вам думаецца, ці сасьпела беларускае грамадзтва да сапраўды жаночага лідэрства?

Ніна Стужынская

Ніна Стужынская: Думаю, што даўно сасьпела, нягледзячы на тое, што, як сказала спадарыня Юлія, жанчыны былі на нейкіх другасных ролях, але тым ня менш яны шмат зрабілі, каб палітыка мела моцную жаночую кампанэнту і ў тыя часы, і цяпер. Выхад гэтых жанчын у публічную прастору — вельмі прыгожая зьява, натхняльная і аптымістычная. Дай Бог, каб гэтыя надзеі людзі спраўдзілі, гледзячы на гэтыя тры прыўкрасныя жаночыя фігуры. Такія, як я, маюць і адмоўны досьвед; ніколі ня сталі зоркамі першай велічыні на палітычным полі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гапава, Дашкевіч і Стужынская адказваюць Пазьняку на закіды пра фэмінізм

Рэжым выбівае ў першую чаргу моцныя фігуры, што мужчынскія, што жаночыя. Яны вельмі добра пралічваюць. І тая сытуацыя, што спадарыня Сьвятлана прайшла сіта Ярмошынай, сьведчыць пра тое, што рэжым не палічыў яе моцнай фігурай. Магчыма, такога варыянту аб’яднаньня жанчын той бок і не прадугледжваў. Я думаю, што абʼяднаньне адбылося спантанна ад таго, што ўсе гэтыя тры бакі маюць патрэбу ў саюзе. Днямі спадарыня Сьвятлана скардзілася ў публічнай прасторы, што яна мае мала падтрымкі, і таму думаю, што прапанова штабу Бабарыкі стала якраз той формай падтрымкі, якая ёй была патрэбна.

«Спадзяюся, палітыка вернецца, а хто ў ёй будзе, мужчыны ці жанчыны, маладыя ці старыя, ня будзе важна»

— Сьвятлана Ціханоўская гаворыць, што ня лічыць сябе палітыкам, яна на гэта пайшла празь любоў да мужа, дзяцей і краіны. Флейтыстка і арганізатарка культурных праектаў Марыя Калесьнікава прыйшла ў штаб Бабарыкі на наступны дзень, калі даведалася пра яго жаданьне вылучацца. Пра Вераніку Цапкалу шырока стала вядома толькі некалькі месяцаў таму, але яна выклікала вялікую сымпатыю ў людзей. Якім вы бачыце палітычным і грамадзкі патэнцыял гэтых трох жанчын?

Юлія Чарняўская: Чаму так удала, што яны ўтрох? Гэта розныя сацыяльныя страты. Творчая інтэлігенцыя ў асобе Машы Калесьнікавай. Настаўніца, жонка і маці, клясычны варыянт у асобе Сьвятланы Ціханоўскай — соль зямлі, ды яшчэ і ціхая, яшчэ і такая сарамлівая. А Вераніка Цапкала — разумніца, прыгажуня з крэатыўнай клясы. У іх ёсьць розныя функцыі, ніводзін палітык у адзіночку гэтыя функцыі не пацягне. І вельмі важна, што пры ўсім наватарстве яны выступаюць у такой жа форме, як Ева, жанчына, якая заступаецца за Адама, за дзяцей, за мужчыну, за краіну. Так паціху разам і паедзем...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штабы аб’ядналіся. Галоўнае пытаньне — ці ўдасца аб’яднаць электарат?

Сьвятлана Калінкіна: Гэта залежыць ад саміх жанчын, ці захочуць яны заставацца ў палітыцы, ці ёсьць у іх пакліканьне. Але я спадзяюся, што зь іх дапамогай у нашай жыцьцё вернецца палітыка. Яе проста не было. Быў адзін палітык, вялікая колькасьць маўклівых людзей, і дысыдэнты. Палітыкі не было. Спадзяюся, што зь іх дапамогай палітыка вернецца, прынамсі цяпер вяртаецца. Для людзей гэта цікавая тэма, жыва абмяркоўваецца, выклікае эмоцыі, вымушае звычайных людзей дзейнічаць. Спадзяюся, палітыка вернецца, а хто ў ёй будзе, мужчыны ці жанчыны, маладыя ці старыя, ня будзе важна.

«Ня ведаю пра палітыку, але яны могуць стаць вельмі сьветлымі публічнымі сымбалямі»

Першы агітацыйны пікет у Менску 19 ліпеня.

Валярына Кустава: Сьвятлане пагражалі яе дзецьмі. Знаходзіцца з самым страшным страхам для жанчыны нікому не камфортна. Усе яны трапілі туды выпадкова. Ня ведаю пра палітыку, але мне здаецца, што яны могуць стаць вельмі сьветлымі публічнымі сымбалямі, якіх так не стае беларусам цяпер. Трошкі Галівуду, усьмешка, сэрцайка, трошкі сапраўднага мацярынскага хваляваньня, трошкі розуму — і гэта ўсё выяўляе прыгожыя натхняльныя вобразы. У публічнай прасторы ўсе шанцы застацца ў іх ёсьць пры іх уласным жаданьні. А палітыка ў нас сапраўды вельмі брудная і небясьпечная. І пакуль так ёсьць.

Ніна Стужынская: Хацелася б спадзявацца на лепшае. Маё пакаленьне паціху адыходзіць з розных прычын, і хацелася б бачыць новую генэрацыю жанчын, мужных, самастойных, ня тых, хто выпадкова вызірае ці выходзіць з-за пляча мужчыны (на самой справе гэта так). Жанчыны, якімі мы сёньня захапляемся, выйшлі на палітычнае поле абсалютна выпадкова, бо так здарылася зь іх мужчынамі. І Маша Калесьнікава ніколі б так не праявіла сябе, калі б Бабарыка быў на свабодзе. Абставіны адыгралі калясальную ролю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта жанчынам ісьці ў палітыку ў аўтарытарнай і патрыярхальнай краіне? Адказваюць Канапацкая, Стужынская і Шуст

Палітыка ня тая сфэра, дзе махаюць перад вамі капелюшом і кажуць: «Дарагая жанчынка, праходзь і займі сваё месца на троне». Такога не бывае. Я ўсё ж прыхільніца таго, што палітыка — прафэсійная сфэра, і да гэтай дзейнасьці трэба рыхтавацца. Патрэбны інструмэнты. Гэта абʼяднаньне. Чаму нам так спадабалася, што гэтыя тры жанчыны разам? Таму што толькі салідарным шляхам праз абʼяднаньне жанчын яны могуць самастойна прысутнічаць у палітыцы і абараняць інтарэсы народу і інтарэсы жанчын. А я б пайшла да іх, падтрымала і падзялілася досьведам з задавальненьнем. Усім, што ведаю і магу, падзялілася б.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.