Ініцыятыва «Ўмовы для мовы» вядзе кампанію «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску» у межах шырэйшай кампаніі «Зробім лепш 2020» пры падтрымцы Асамблеі НДА — піша звароты ў дзяржаўныя органы з просьбай ужываць беларускую мову ў квітках грамадзкага транспарту, на спартовыя гульні і культурныя імпрэзы. Большасьць адказаў станоўчая, але ёсьць і адмоўныя адказы.
«Адзін зварот мацнейшы за 100 пастоў»
Як успамінае Аліна Нагорная, першыя звароты за беларускамоўныя квіткі ў транспарце яна і Ігар Случак пачалі рассылаць амаль год таму — у Міністэрства транспарту. Пасьля пачалі пісаць у абласныя транспартныя структуры і аблвыканкамы, калі ад трох абласьцей атрымалі станоўчыя адказы. Але зразумелі, што ня ўсе гарады гатовыя рабіць квіткі па-беларуску, нават калі аб гэтым папрасіла абласное кіраўніцтва. Тады сталі пісаць звароты ў гарвыканкамы. Каб звароты пісала больш людзей, распачалі кампанію «Беларускім месцам — беларускія квіткі».
Каб ведаць, колькі людзей іх падтрымлівае, Случак і Нагорная паабяцалі кожнаму, хто дашле зварот, выслаць стыкеры і магніцік на халадзільнік. Атрымалася каля ста чалавек з тых, хто захацеў атрымаць падарункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьвярталіся грамадзяне». Як беларусізуюць квіткі грамадзкага транспартуЛюдзі напісалі «кропкавыя» звароты за беларускамоўныя квіткі ў транспарце канкрэтнага гораду або ў канкрэтнай установе — такіх зваротаў было каля ста. Прадстаўнікі «Ўмовы для мовы» пісалі звароты ва ўсе выканкамы Беларусі з просьбамі пра беларускамоўныя квіткі ў транспарце (выйшла каля 160 выканкамаў), таксама дасылалі звароты ва ўсе выканкамы, каб тыя рэкамэндавалі культурным і спартовым установам рабіць квіткі па-беларуску.
Агулам атрымалі больш за 300 адказаў, апрацаваць пасьпелі яшчэ ня ўсе. Большая частка адказаў станоўчыя, кажа Нагорная: выканкамы пішуць, што даюць рэкамэндацыю рабіць квіткі па-беларуску.
«Але тут ня варта сядзець і радавацца, — адзначае Нагорная. — Варта, каб людзі пісалі звароты ў гэтыя месцы і таксама казалі, што ім гэта патрэбна».
Нагорная дадае, што адзін зварот атрымліваецца мацнейшым за сотню камэнтароў і пастоў у сацыяльных сетках, і хоча, каб людзі зразумелі гэта і пачалі «бамбіць» дзяржаўныя ўстановы зваротамі ў сваіх пытаньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліна Нагорная і Ігар Случак расказалі ў стыкерах, як мяняюць вёску «зваротамі і барыкадамі»
Навошта наогул беларусізаваць квіткі?
Квіткі гэта не мастацкая літаратура, каб іх чытаць. Навошта наогул перакладаць такія ўтылітарныя рэчы? Нагорная тлумачыць: квіткі бачаць усе людзі, якія карыстаюцца транспартам, ходзяць у кінатэатры і басэйны.
«Гэта такі просты спосаб зрабіць, каб кожны чалавек амаль кожны дзень сутыкаўся зь беларускай мовай, — кажа яна. — Як мы ведаем, у Беларусі існуе дыскрымінацыя беларускамоўных грамадзянаў. Чалавек можа ўсё жыцьцё жыць у Беларусі і амаль ня бачыць нічога па-беларуску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэставых настрояў не назіралася». Кіраўскі райвыканкам памылкова адправіў справаздачу пра выбары грамадзкім актывістамДа таго ж, кажа Нагорная, квіткі — гэта тое, што могуць хутка зьмяніць — тады, калі сканчаецца партыя старых квіткоў, трэба замаўляць новыя. Квіткі ў асноўным даюць дзяржаўныя ўстановы, і беларускамоўныя квіткі паказваюць тым, хто карыстаецца беларускімі дзяржаўнымі паслугамі, што «гэтая краіна называецца Беларусь, што ў Беларусі мова беларуская».
«І чалавек, які выслаў зварот, зможа зразумець: калі сваім зваротам змог зьмяніць квіток, то гэтаксама можа зьмяніць і нешта іншае, — дадае яна. — Зварот — гэта вельмі моцная штука, юрыдычна правамерная, якой можна шмат чаго памяняць. І ня толькі беларускую мову кудысьці дадаць, а і зрабіць, напрыклад, каб на дарогах у двары не было ямінаў, каб сьвяцілі ліхтары, каб выбары менш фальсыфікавалі...
Звароты вымагаюць няшмат высілкаў і часу, але вельмі дзейныя, і нават калі зь першага разу не атрымліваецца, можна абскарджваць адказы, дасылаць звароты вышэй».
Што адказвалі чыноўнікі за апошні час
Прадстаўнікі «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная і Ігар Случак расказалі Свабодзе, што за апошні час пра квіткі па-беларуску былі такія адказы:
- ААТ «АТЭК-Магілёў» паведаміла, што «ва ўсіх раёнах [Магілёўскай] вобласьці будзе ажыцьцёўлены пераход на выкарыстаньне праязных дакумэнтаў на беларускай мове».
- Амсьціслаўскі райвыканкам — ва ўстанове ЦФАР «Алімп» заплянавалі выданьне абанэмэнту ў двумоўным выкананьні, які ўступіць у абарачэньне да 1 студзеня 2021 году.
- Асіповіцкі райвыканкам рэкамэндаваў кіраўнікам культурна-забаўляльных установаў раёну выпускаць уваходныя квіткі па-беларуску, лічыць слушнай прапанову аб вырабе квіткоў на беларускай мове.
- У Бабруйскім транспарце беларускамоўныя квіткі неўзабаве будуць уведзеныя ў абарачэньне.
- Быхаўскі райвыканкам: «Установы культуры пры распрацоўцы дызайну наступнай партыі квіткоў будуць арыентавацца на вашую прапанову».
- Івацэвіцкі райвыканкам рэкамэндаваў установам культуры і спорту вырабляць квіткі на беларускай мове.
- Карэліцкі райвыканкам: «Разглядаецца пытаньне аб замове ў далейшым уваходных квіткоў на культурныя мерапрыемствы ўстановаў культуры Карэліцкага раёну на беларускай і расейскай мовах».
- Крычаўскі райвыканкам — да 1 верасьня 2020 годау Крычаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс будзе перакладаць квіткі і абанэмэнты на беларускую мову.
- Лельчыцкі райвыканкам рэкамэндаваў установам культуры і спорту камунальнай формы ўласнасьці пры замове ўваходных квіткоў вырабляць іх на абедзьвюх дзяржаўных мовах.
- Лепельскі райвыканкам рэкамэндаваў установам раёну, у якія ўваходным квітком служаць касавыя чэкі, друкаваць іх на беларускай мове.
- Магілёўскі аблвыканкам «давёў да ведама» падпарадкаваных арганізацыяў прапановы перавесьці квіткі на беларускую мову. Квіткі на грамадзкі транспарт пасьля зваротаў кампаніі «Ўмовы для мовы» ў Магілёве ўжо друкуюць па-беларуску.
- Магілёўскі гарвыканкам: «Культурна-відовішчным і спартовым арганізацыям, падпарадкаваным упраўленьню культуры, аддзелу спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкаму, рэкамэндавана ў далейшым вырабляць уваходныя квіткі на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай».
- Маларыцкі райвыканкам: «Кіраўнікам культурных і спартовых установаў раёну рэкамэндавана разьмяшчаць інфармацыю на ўваходных квітках на правядзеньне культурных мерапрыемстваў як на расейскай, так і беларускай мовах».
- У пружанскім транспарце ўжо зьявіліся беларускамоўныя квіткі.
- Рагачоў: па меры выкарыстаньня наяўных запасаў квіткоў філіялам №9 ААТ «Гомельаблаўтатранс» будзе праведзена закупка квіткоў на беларускай мове.
- Сьвіслацкі райвыканкам — на балянсе ёсьць яшчэ больш за 20 тысяч нявыкарыстаных квіткоў з 40 тысяч раней выпушчаных на рускай мове, але райвыканкам гатовы разгледзіць выпуск квіткоў на беларускай мове, калі будзе неабходнасьць у выпуску новых.
- Бярозаўскі і Касьцюковіцкі райвыканкамы сьцьвярджаюць, што «скаргі грамадзян на пытаньні дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы адсутнічаюць».
- Бярозаўскі райвыканкам: «Згодна дадзеным на рэфэрэндуме 1995 г. за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай мовы прагаласавала 83,3% насельніцтва, якое ўзяла ўдзел у рэфэрэндуме. Таму гаворка аб дыскрымінацыі грамадзянаў паводле моўнай прыкметы выглядае надуманай і не сьцьвярджае сучаснасьці». Ігар Случак адзначае, што «адказ непісьменны, і трэба пісаць заяву аб праверцы супрацоўніка, які рыхтаваў адказ, адпаведнасьці займанай пасадзе».
- Мёрскі райвыканкам адказаў па-расейску на беларускамоўны зварот — заявіў, што «100% граждан Республики Беларусь одинаково понимают и воспринимают текст и речь как на русском, так и на белорусском языке». Ігар Случак адзначае, што ня толькі парушыў закон «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў» адказам па-расейску, але і выканаў блянк з парушэньнем (безь беларускай мовы), а гэтым «стварыў перашкоды ў карыстаньні дзяржаўнай мовай» (за гэта могуць пакараць паводле арт. 9.22 КаАП), а «заведама хлусьлівая інфармацыя» ў адказе «ставіць пытаньне аб парушэньні крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства».
Аліна Нагорная рэзюмуе: дзякуючы зваротам ад людзей, у Беларусі паступова зьяўляецца ўсё больш беларускай мовы — у транспарце. кінатэатрах, клюбах, стадыёнах, музэях, тэатрах і іншых месцах. Да кампаніі, кажа яна, можа далучыцца кожны: «Умовы для мовы» даюць падрабязныя інструкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літар «і» і «ў» няма ў праграме. Беларуская чыгунка адмовілася афармляць квіткі па-беларуску