Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нагорная і Случак ініцыявалі кампанію #СЗЧ100 да 100-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну


Аліна Нагорная ў Семежаве, дзе месьціўся Першы Слуцкі полк. Там быў штаб, а ў пэўны момант і Часовая Рада Случчыны
Аліна Нагорная ў Семежаве, дзе месьціўся Першы Слуцкі полк. Там быў штаб, а ў пэўны момант і Часовая Рада Случчыны

Актывісты Ігар Случак і Аліна Нагорная пры падтрымцы Асамблеі недзяржаўных арганізацый ініцыявалі кампанію #СЗЧ100 да сотага юбілею Слуцкага паўстаньня супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Юбілей будзе адзначацца сёлета ў лістападзе. Аліна Нагорная ​распавяда Свабодзе пра кампанію і рэакцыю на яе ініцыятывы.

У канцы лістапада 1920 году ў раёне Слуцку пачалося збройнае паўстаньне з мэтай аднавіць незалежнасьць Беларусі, вядомае як Слуцкі збройны чын. Саветы разьбілі паўстаньне ў сярэдзіне сьнежня, але ад 1980-х гадоў беларусы адзначаюць 27 лістапада як Дзень герояў.

Афіцыйна гадавіна Слуцкага збройнага чыну не адзначаецца, пра яго практычна няма зьвестак у падручніках і дзяржаўных СМІ, Дзень герояў не адзначаюць на агульнадзяржаўным узроўні.

Аліна Нагорная расказала Свабодзе, як яна цікавілася ў мясцовых уладаў, ці будуць тыя адзначаць 100-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну. Яна разаслала пісьмовыя звароты ў 159 гарадзкіх, раённых і абласных выканкамаў, амаль з усіх атрымала адказы.

Статыстыка адказаў

  • 15 выканкамаў (у тым ліку Магілёўскі абласны) не адказалі;
  • Гомельскі райвыканкам адказаў толькі, што «бясспрэчна, Слуцкі збройны чын 1920 году мае пэўнае месца ў гісторыі».
  • 13 выканкамаў (у тым ліку Віцебскі абласны і Горадзенскі гарадзкі) адказалі, што не плянуюць адзначаць, яшчэ тры — што ня будуць адзначаць паводле рашэньня выканкаму;
  • 18 выканкамаў (у тым ліку Слуцкі раённы, Менскі абласны і Менскі раённы) не плянуюць адзначаць і спасылаюцца на Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, які лічыць, што «слуцкія падзеі не насілі характару шырокамаштабных баявых дзеяньняў і патрабуюць больш грунтоўнага аб'ектыўнага навуковага дасьледаваньня»;
  • 29 выканкамаў (у тым ліку Гомельскі гарадзкі і абласны, Менскі гарадзкі) спаслаліся на ўказ 1998 году, у якім пералічаныя дзяржаўныя сьвяты, і Дзень герояў ня ў іх ліку;
  • 5 выканкамаў не плянуюць адзначаць і спасылаюцца на іншыя прычыны («ня мае дачыненьня да раёну», «не паўплывала на станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці», «існуюць розныя пункты гледжаньня»);
  • 10 выканкамаў адказалі, што заплянаваныя пэўныя імпрэзы.
Аліна Нагорная ў палацы Мержыеўскіх у Грозаве. Там 17–19 лістапада 1920 году Пётар Бабарэка праводзіў запіс добраахвотнікаў у Другі Грозаўскі полк
Аліна Нагорная ў палацы Мержыеўскіх у Грозаве. Там 17–19 лістапада 1920 году Пётар Бабарэка праводзіў запіс добраахвотнікаў у Другі Грозаўскі полк

Што плянуюць выканкамы

  • У Бялыніцкім раёне заплянавалі гістарычны экскурс у цэнтральнай раённай бібліятэцы, гістарычныя гадзіны, урокі і экскурсы ў сельскіх бібліятэках.
  • У Веткаўскім раёне тэму Слуцкага збройнага чыну паабяцалі разгледзець на школьных уроках «у межах вучэбнай праграмы» (у сучасных школьных падручніках Слуцкі збройны чын ня згадваецца).
  • У Клічаўскім раёне краязнаўчы музэй заплянаваў заняткі і лекцыі пра Аркадзя Смоліча, на якіх плянуецца таксама інфармаваць пра 100-годзьдзе Слуцкага збройнага супраціву.
  • У Кобрынскім раёне з нагоды 100-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну супрацоўнікі музэю імя Суворава рыхтуюць артыкул у раённай газэце.
  • У Ленінскім раёне Горадні адказалі, што падзеі гэтага часу вывучаюцца на ўроках гісторыі Беларусі ў IX клясах, а для зацікаўленых ёсьць дадатковы факультатыўны курс.
  • У Лідзкім раёне гісторыка-мастацкі музэй дасьледуе тэму падзеяў Савецка-польскай вайны, ужо сабралі некаторыя матэрыялы, знайшлі чалавека, бацька якога быў сьведкам падзеяў паўстаньня.
  • У Ляхавіцкім раёне ва ўстановах адукацыі і культуры заплянавалі інфармацыйныя гадзіны і выставы. У Чавускім раёне — інфармацыйныя гадзіны, «выставы, бяседы».
  • У Магілёве ў бібліятэках ад 27 лістапада да канца сьнежня плянуюць шэраг тэматычных выставаў пра гісторыю стогадовай даўніны, у тым ліку пра «гістарычныя падзеі 1920 году ў Слуцку».
  • У Наваполацку абяцаюць аформіць тэматычныя кніжныя выставы.

Кампанія #СЗЧ100

Плянуецца, што кампанію #СЗЧ100, якую, у сваю чаргу, правядуць у межах большай кампаніі «Зробім лепш!» пры падтрымцы Асамблеі НДА.

Ужо ідзе збор подпісаў за помнік героям Слуцкага збройнага чыну ў Слуцку — на момант публікацыі на сайце Petitions.by сабралі 166 подпісаў.

Ужо створаны Telegram-канал #СЗЧ100, дзе Нагорная плянуе расказваць ня толькі пра кампанію, але і пра падзеі 1920 году.

Разам зь Ігарам Случаком Нагорная вярнула шыльду з гербам «Пагоня» на крыж памяці герояў Слуцкага збройнага чыну ў Грозаве. Некаторы час таму шыльда зьнікла пры невядомых абставінах, а калі яе аднаўлялі, выявілася, што ад часу і надвор’я пашкодзілася частка крыжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG