Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа можа забараніць ўезд ўсім камуністам з Кітаю. Забарона можа закрануць 150 мільёнаў чалавек.
Адміністрацыя Трампа разглядае магчымасьць забараніць уезд у краіну ўсім членам кампартыі Кітаю і членам іх сем’яў. Пра гэта паведамляюць газэта The New York Times і агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з тэмай. У выпадку прыняцьця закону неўязнымі ў ЗША стануць ня менш за 150 мільёнаў жыхароў Кітаю.
Высокапастаўленыя чыноўнікі абмяркоўваюць чарнавік прэзыдэнцкага ўказу, які пакуль яшчэ ня быў паказаны самому Трампу, сьцьвярджае ананімная крыніца Reuters. Яна адзначае, што дакумэнт знаходзіцца ў раньняй стадыі гатоўнасьці. Магчымая адмова ў візах дзясяткам мільёнаў жыхароў Кітаю можа быць адным з самых жорсткіх дзеяньняў Вашынгтону ў супрацьстаяньні з Пэкінам, адзначае агенцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША гатовыя да санкцыяў супраць парушальнікаў правоў чалавека, — дзяржаўны сакратар
У пачатку 2018 году паміж ЗША і Кітаем пачалася гандлёвая вайна. Тады прэзыдэнт Трамп павялічыў пошліны на шэраг кітайскіх тавараў. Вашынгтон заявіў, што Пэкін падрывае пазыцыі амэрыканскіх вытворцаў. Пазьней ЗША абвінавацілі Кітай у крадзяжы тэхналёгій. Кітайскія ўлады адказалі сымэтрычна. Бакі паведамілі пра ўрэгуляваньне канфлікту, але канчатковае вырашэньне пытаньня было спынена пандэміяй каранавірусу.
Белы дом падазрае Кітай ва ўтойваньні рэальнай інфармацыі аб пачатковай стадыі эпідэміі, што магло прывесьці да глябальнай пандэміі. Адначасова Вашынгтон абвінавачвае Пэкін у задушэньні грамадзянскіх свабодаў у Ганконгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай увёў санкцыі ў адказ супраць ЗША, занепакоеных становішчам уйгураў
Кітайская кампартыя — найбуйнейшая ў сьвеце паводле колькасьці, у ёй знаходзяцца каля 92 мільёнаў чалавек. У яе статуце напісана, што ў сваёй працы яна кіруецца марксізмам-ленінізмам, ідэямі Мао Цзэдуна, тэорыяй Дэн Сяапіна і ідэямі Сі Цзіньпіна пра сацыялізм з кітайскай спэцыфікай новай эпохі.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Кітая Хуа Чуньін, камэнтуючы магчымыя меры Белага дому, заявіла, што калі інфармацыя праўдзівая, то такія дзеяньні з боку ЗША былі б «вартымі жалю». Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа і прэс-сакратар Белага дому ня сталі пацьвярджаць ці абвяргаць падрыхтоўку забароны.