«Каб не чакаць, пакуль дзіця памрэ». У Горадні адкрыўся цэнтар па дапамозе цяжка хворым дзецям

Паліятыўны цэнтар у Горадні

Пры горадзенскім дзіцячым госьпісе адкрыўся паліятыўны цэнтар, дзе дапамагаюць дзецям з самай цяжкой формай інваліднасьці. Памяшканьне пад яго бясплатна дала праваслаўная царква.

Цэнтар паліятыўнай дапамогі адкрыўся пры Горадзенскім дзіцячым госьпісе ў сярэдзіне ліпеня. Памяшканьне бясплатна перадаў госьпісу прыход храма прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага. Ягоны настаяцель айцец Іаан Велісейчык будаваў цэнтар для паломнікаў, а калі пачуў, што госьпіс шукае будынак, вырашыў ахвяраваць гэтае памяшканьне.

Царква, побач зь якой адкрыўся паліятыўны цэнтар

Тут будуць аказваць сацыяльныя паслугі невылечна хворым дзецям з госьпісу. Госьпіс апякае сёньня 66 сем’яў, якія выхоўваюць такіх дзяцей. Таксама паслугі будуць аказваць усім цяжка хворым дзецям за ахвяраваньні.

Паслугі паліятыўнага цэнтру — клясычныя ЛФК і масаж; укладкі, якія дазваляюць правільна раскласьці рукі і ногі дзіцяці, каб цягліцы расслабляліся; нетрадыцыйная форма ўсходняй мэдыцыны — Су-джок-тэрапія; паслугі псыхоляга. Тут працуюць абілітолягі, псыхоляг, спэцыяліст па камунікацыі з бацькамі, Су-джок-тэрапэўт, шукаюць сацыяльнага работніка.

Паслугі будуць аказваць ня толькі дзецям з госьпісу, але і іншым

Су-джок-тэрапэўт Ірына Адамаўна

Раней тут ладзілі дабрачынную акцыю «Хвалі дабрыні» — у госьпісе малявалі карціны, а потым рабілі выстаўку і прадавалі іх. Так госьпіс набыў абсталяваньне для дзяцей, агульным коштам каля 20 тысяч эўра.

Адмысловыя крэслы дапамагаюць надаць дзіцячаму целу такое становішча, калі ня так моцна баліць. Хадункі для дзяцей з гіпэртонусам вучаць малых хадзіць. Сэнсорны гамак дазваляе дзіцяці асэнсоўваць сябе ў прасторы, атрымліваць новыя адчуваньні бяз болю.

Адмысловае крэсла для дзяцей з інваліднасьцю

Сэнсорны гамак

Гіпатрэнажэр замяняе каня, ён такі ж цёплы, робіць такія ж рухі. Столік з ацяпленьнем грэе адразу косьці, ад касьцей цяпло ідзе да цягліцаў і расслабляе іх.

Гіпатрэнажэр

Даша з ДЦП упершыню спрабуе «пакатацца» на гіпатрэнажэры і пачынае шырока ўсьміхацца

Матрац, які цалкам адаптуецца пад самыя дробныя няроўнасьці дзіцячага цела, дапамагае глыбока расслабіцца і здымае боль, як быццам у вадзе.

Абілітоляг Ірына Антонаўна робіць масаж Каці, якая мае інваліднасьць

«Вельмі шмат што цяжка хворым дзецям супрацьпаказана. Мы павінны знайсьці такія прыстасаваньні, так са спэцыялістамі падысьці, каб можна было не пакласьці і чакаць, пакуль дзіця памрэ, а каб можна было зь ім працаваць. Зь любым дзіцем можна працаваць», — кажа дырэктарка госьпісу Вольга Вялічка.

Вольга Вялічка

Паліятыўны цэнтар запрашае да сябе спэцыялістаў, мэдыкаў, абілітолягаў, рэабілітолягаў, сацыяльных работнікаў, псыхолягаў, якія гатовыя вучыцца, пераймаць досьвед і пазьней дапамагаць цяжка хворым дзецям. Тады дзецям не патрэбна будзе езьдзіць за мяжу, каб атрымаць рэдкія сёньня ў Беларусі паслугі.

«Тут так клясна, сьвежае паветра, тут зусім па-іншаму [пачуваюцца] дзеці. Тут як дома, там [у асноўным будынку госьпісу] усё ж паліклініка. Тут адчуваецца, што сваё, роднае, набліжана да хатніх умоваў. Больш месца. Ёсьць царква, касьцёл, можна вазіць дзяцей на прычасьце», — кажа маці Дашы Аксана.

Маці Дашы Аксана

Тут больш месца і «як дома»

У будучыні тут плянуюць стварыць месца сацыяльнай перадышкі для жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасьцю. Будзе працягваць працу бацькоўскі клюб.

Бацькі зьбіраюцца разам, каб пагаварыць, адпачыць, памайстраваць

Госьпіс у Горадні — недзяржаўная, некамэрцыйная арганізацыя. Яна існуе дзякуючы спонсарскай дапамозе перадусім буйных беларускіх прадпрыемстваў, ахвяраваньням людзей і праектнай дзейнасьці (гранты). Дзяржава не выдзяляе сродкаў на яе ўтрыманьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне апускаюцца рукі». Найвялікшую валянтэрскую пляцоўку па шыцьці камбінэзонаў для мэдыкаў у Горадні хочуць закрыць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі дзіцячы госьпіс увёў унікальныя паслугі для дарослых. За ахвяраваньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі дзіцячы госьпіс выпусьціў брэнд адзеньня, каб зарабляць для хворых. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны далі нуль грошай». Чаму горадзенскім дзіцячым госьпісам зацікавілася абласная камісія