Дзіцячы госьпіс у Горадні вырашыў сам зарабляць грошы для хворых дзяцей і прапанаваў іншым людзям пераходзіць на новыя формы дабрачыннасьці. Незвычайная падзея адбылася 3 сакавіка.
Госьпіс зладзіў арт-галерэю аднаго дня. Падчас яе прэзэнтавалі адзеньне ад брэнду «Коска». Гэта праект госьпісу, які неўзабаве стане камэрцыйным. Грошы ад продажу адзеньня пойдуць на патрэбы хворых дзяцей.
Адзеньне ад госьпісу
Да таго ж падчас імпрэзы прэзэнтавалі новы лягатып госьпісу з выкарыстаньнем абрысаў старых цагляных горадзенскіх дамкоў. У лягатыпе ёсьць адсылка да герба «Калюмны» і да кароны, бо Горадню называюць каралеўскім горадам. На новай лінейцы адзеньня ёсьць гэты лягатып. Ягоны аўтар — Ігар Варкулевіч.
Калекцыю адзеньня прэзэнтавалі танцоры ў кашулях з гэтым лягатыпам. Яны ўцягвалі ў інтэракцыю прысутных.
Піяніст Аляксей Пятроў сыграў невялікі канцэрт для прысутных.
Усё ладзілася ў нядаўна адрэстаўраваным будынку, якому 130 гадоў. Там раней працаваў першы ў Горадні госьпіс пры фарным касьцёле, пазьней у ім жыў лекар. Архітэктары лічаць, што рэканструкцыя ў будынку праведзена дбайна і якасна. Цяпер ён будзе выкарыстоўвацца як офісны цэнтар.
Як патлумачыла дырэктарка Горадзенскага дзіцячага госьпісу імя сьвятога Губэрта Вольга Вялічка, яны паспрабавалі зрабіць нестандартны фармат для Горадні.
«Мы хацелі паказаць, што дабрачыннасьць павінна ўскладняцца і абʼядноўваць рэсурсы. Ня так, што мы сабралі грошы і адправілі адно дзіця лячыцца за мяжу. Мы бы хацелі паказаць, што дабрачыннасьць павінна грунтавацца на патрэбах, якія ёсьць сёньня ў Горадні, і разьвіваць тыя рэсурсы, якіх нам не хапае», — адзначыла Вольга Вялічка.
Па словах кіраўніцы госьпісу, у іх атрымалася абʼяднаць рэсурсы, каб стварыць добрую культурную і дабрачынную падзею, якая ў выніку прынесла карысьць госьпісу, уласьнікам адноўленага будынка, дзе адбывалася прэзэнтацыя, і ўдзельнікам імпрэзы.