Ініцыятыўныя групы па вылучэньні трох альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты — Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай — правялі перамовы 16 ліпеня. Зарэгістравалі кандыдаткай толькі Ціханоўскую. Штабы Бабарыкі і Цапкалы вырашылі аб’яднаць высілкі зь ейнай камандай.
Як піша штаб Бабарыкі, сілы аб’ядноўваюць дзеля пяці спраў:
- заклікаць выбарнікаў прагаласаваць на выбарах 9 жніўня;
- вызваліць палітычных зьняволеных і «эканамічных зьняволеных», даць ім права на перагляд спраў у незалежных і справядлівых судах;
- правесьці паўторныя справядлівыя выбары пасьля 9 жніўня;
- інфармаваць выбарнікаў пра спосабы абараніць свой голас;
- заклікаць удзельнічаць у ініцыятывах за справядлівыя выбары, станавіцца назіральнікамі.
«Мы працягваем працаваць — далучайцеся да большасьці! — заклікае штаб Бабарыкі. — Выконвайце прынцыпы кампаніі, расказвайце пра іх сябрам, пераконвайце тых, хто яшчэ сумняецца».
Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала Свабодзе супольную заяву штабоў Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы пра аб'яднаньне:
«Нам паступіла прапанова пра абʼяднаньне ад двух штабоў — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, — сказала Ціханоўская. — Мы абмеркавалі плян сумесных дзеяньняў, першы пункт зь якіх — справядлівыя выбары, другі — вызваленьне палітзьняволеных. Яны (штабы Бабарыкі і Цапкалы. — РС) будуць дапамагаць нам рэсурсамі, людзьмі. Мы абʼядналіся дзеля агульных мэтаў. Такое абʼяднаньне, супольныя дзеяньні ўзмацняюць нас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская турэмнікам: «Перастаньце зьдзекавацца з майго мужа»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.