Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты.
У Аляксандра Лукашэнкі 30 давераных асобаў. Як вынікае са сьпісу, найбольш масава прадстаўлены ў ім Савет Рэспублікі на чале з Натальляй Качанавай.
Акрамя яе, дапамагаць Лукашэнку заступіць на шосты прэзыдэнцкі тэрмін выказалі жаданьне «сэнатары» Дзьмітры Варанюк (першы сакратар ЦК БРСМ), Каліна Капуцкая (дырэктарка СШ № 14 Маладэчна), Ігар Каско (галоўны лекар Магілёўскай абласной дзіцячай лякарні), Алег Румо (дырэктар Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі), Анатоль Шчасны (рэктар Віцебскага дзяржаўнага мэдунівэрсытэту), Аляксандар Шышко (старшыня сельгаскаапэратыву «Азёры» Горадзенскага раёну), Андрэй Іванец (галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук), Аляксандар Ляхаў (кіраўнік «Беларуснафты»), Іван Галаваты (гендырэктар «Беларуськалію»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнт не дапусьціць, каб пралілася кроў». Што Качанава казала на сустрэчы з актывістамі ў ЛідзеЗ Палаты прадстаўнікоў у давераныя асобы Лукашэнкі запісаліся яе кіраўнік Уладзімер Андрэйчанка, дэпутаты Алег Гайдукевіч і Іван Гардзейчык.
Шырока прадстаўлены чыноўнікі: старшыня Браслаўскага раённага савету дэпутатаў Ніна Пучынская, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, старшыня канцэрну «Беллегпрам» Тацяна Лугіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераная асоба Ціханоўскай, блогер — чым цяпер займаюцца Казлоў, Лябедзька і іншыя лідэры традыцыйнай апазыцыіФігуруюць у сьпісе кіраўнікі навучальных устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Дзяніс Дук (Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт), Ірына Кітурка (Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт), Юры Кулажанка (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту), Надзея Лазарэвіч («Бабруйскаграмаш»), Уладзімер Лук’янаў (агракамбінат «Дзяржынскі»), Алег Жыдкоў (кандытарская фабрыка «Спартак»).
Ад спартоўцаў у складзе давераных асобаў намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі гандболу алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі, які таксама ўзначальвае замежнае прадпрыемства Belabedding. Таксама сярод давераных асобаў Усевалад Янчэўскі, які заняў дырэктарскую пасаду замест заснавальніка Парку высокіх тэхналёгій і забракаванага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты дакумэнт сапраўдны», — палітычны аглядальнік БТ Крывашэеў пра 76%-ы рэйтынг ЛукашэнкіТаксама ў сьпісе старшыня назіральнай рады Беларускага камітэту моладзевых арганізацый Вадзім Баравік, салістка гурту Aura Юлія Быкава, старшыня Беларускага саюзу журналістаў і вядоўца БТ Андрэй Крывашэеў, начальнік Берасьцейскай памежнай групы Ігар Гутнік, галоўны доктар Менскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні Дзьмітры Зайцаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.