Мікалай Казлоў будзе даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай. Анатоль Лябедзька захапіўся блогерствам. Аляксей Янукевіч і Юрась Губарэвіч заклапочаныя арганізацыяй назіраньня на выбарах. А старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў рыхтуе першы перадвыбарчы сход.
Свабода высьвятляла, чым падчас цяперашняй выбарчай кампаніі займаюцца лідэры традыцыйнай апазыцыі.
Мікалай Казлоў: «Лукашэнка павінен сысьці. Даў згоду стаць даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай»
Выканаўцы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты, але подпісы не здаваў, па-ранейшаму будзе дамагацца зьмены ўлады.
«Лукашэнка павінен сысьці. Будзем працаваць у гэтым кірунку. Да мяне зьвярнулася Сьвятлана Ціханоўская з прапановай, каб я стаў яе даверанай асобай. Я даў згоду. Таксама мы гатовыя супрацоўнічаць з камандай Віктара Бабарыкі. Таму буду браць самы актыўны ўдзел у агітатацыйнай кампаніі, і я думаю, што мы пераможам», — кажа Мікалай Казлоў.
Аднак яго турбуе тое, што агітацыйныя мерапрыемствы можна праводзіць толькі ў нязручных месцах. Менгарвыканкам выдзеліў для гэтага шэсьць пляцовак, якія Мікалай Казлоў называе «пляцоўкамі для выгулу сабак». Прычым, Парк Дружбы народаў — самае «цэнтральнае» месца.
«Мы паспрабавалі двойчы правесьці мерапрыемствы ў Парку Дружбы народаў паводле паведамляльнага прынцыпу — нібыта ня трэба атрымліваць дазвол Менгарвыканкаму, каб правесьці акцыю там. І высьветлілася, што паведамляльны прынцып — для эўрапейцаў, якім улады хочуць паказаць, што ў нас як у людзей. Насамрэч перш чым паведаміць пра акцыю, мы павінны дамовіцца і заплаціць міліцыі, хуткай дапамозе, зеленбуду.
Што тычыцца выбарчага заканадаўства і практыкі, якую дзяржава нам спрабуе навязаць, нават уявіць цяжка, як падчас гэтай кампаніі ўсё рабіць у межах закона», — абураецца Мікалай Казлоў.
Анатоль Лябедзька: «Я сур’ёзна захапіўся блогерствам»
Экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька стаў блогерам і займаецца раскруткай Youtube-каналу ОГП-ТВ. Ён вельмі ганарыцца, што за 7 месяцаў існаваньня каналу ў яго ўжо 63 тысячы падпісчыкаў.
«Робім як можам, крыху па-аматарску, але шчыра і адкрыта, імкнемся, каб перамены хутчэй прыйшлі ў Беларусь. Зараз адзін з прыярытэтаў — рэакцыя людзей на тое, што адбываецца. Там кожны дзень ідуць рэфлекцыі на падзеі, мы даем парады людзям, што і як рабіць у складаных сытуацыях. Мы першыя, хто пачаў кампанію міжнароднай салідарнасьці», — кажа Анатоль Лябедзька.
Другі кірунак ягонай працы — пляцоўка «Эўрапейскі дыялёг», у межах якой ладзіцца шмат публічных мерапрыемстваў
«У „Экспэртным клюбе“ ўпершыню сабралі прадстаўнікоў чатырох штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты. Гэта была першая спроба наладзіць камунікацыі, каб была пэўная карысьць.
Яшчэ працягваю кантактаваць з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, даю парады і кансультацыі. Трымаю руку на пульсе», — распавёў экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Аляксей Янукевіч: «Прыярытэт працы партыі — арганізацыя назіраньня на выбарах»
Намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што ў ягоных плянах на бліжэйшы месяц — арганізацыя назіраньня на прэзыдэнцкіх выбарах.
«У нядзелю ў нас адбыўся сойм, і мы яшчэ раз пацьвердзілі, што галоўным прыярытэтам партыі на бліжэйшыя тыдні стане арганізацыя назіраньня, у першую чаргу, у межах кампаніі „Права выбару“. Ёсьць дзьве мэты. Першая — гэта сур’ёзнае назіраньне з выкарыстаньнем адпаведнай мэтадалёгіі і падрыхтаваных назіральнікаў, каб вынікі назіраньня можна было зь вялікай даставернасьцю атрымаць і перадаць міжнародным структурам. Колькасьць такіх падрыхтаваных назіральнікаў будзе адносна невялікая, хочам ахапіць да 300 участкаў па Беларусі, якія будуць шчыльна „закрытыя“ на ўсе 6 дзён галасаваньня, уключна з датэрміновым.
Другая мэта — заангажаваць як мага больш людзей на асноўны дзень галасаваньня. Разьлічваем, што такіх назіральнікаў будзе 1 — 1,5 тысячы. Мы бачым актывізацыю моладзі, інтэлігенцыі, людзей з малога бізнэсу, людзей, занятых у недзяржаўнай сфэры. Вельмі важна гэтым людзям даць магчымасьць грамадзянскага ўдзелу ў назіраньні», — перакананы намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
БСДП (Грамада) 17 ліпеня правядзе першы сход з выбарцамі
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч таксама кажа пра засяроджанасьць на назіраньні падчас выбараў. Таксама сябры Руху «За Свабоду» бяруць актыўны ўдзел і ў масавых акцыях, ланцугах салідарнасьці, што адбываюцца па ўсёй Беларусі.
Сустаршыня партыі БХД Вольга Кавалькова паведаміла, што пакуль яны яшчэ ня вызначыліся, што рабіць далей. У найбліжэйшыя дні будуць ладзіць перамовы са штабамі розных кандыдатаў і кансультавацца.
А Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў паведаміў Свабодзе, што яны рыхтуюцца да першага перадвыбарчага сходу.
«У пятніцу 17 ліпеня ў сярэдняй школе № 91 імя Хасэ Марці ў Менску будзем зьбіраць выбарцаў, будзем зь імі размаўляць, як і куды мусіць рухацца Беларусь, чаму трэба галасаваць супраць кандыдата Лукашэнкі. Так што скарыстоўваемся сваім канстытуцыйным правам, якое закладзена ў Выбарчым кодэксе. Думаю, мы першыя, хто гэтым правам скарыстаўся — зь не так званых кандыдатаў у прэзыдэнты», — кажа Ігар Барысаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.