Апошнія падзеі падчас перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі выклікаюць «велізарную занепакоенасьць», заявіла 15 ліпеня Міністэрства замежных справаў Літвы.
Гэтыя падзеі — «сэлектыўная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, новая хваля рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі, палітычных апанэнтаў і кандыдатаў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і блогераў, затрыманьне соцень людзей».
«Цяперашнія здарэньні паказваюць, што Беларусь усё больш аддаляецца ад стандартаў дэмакратыі», — лічаць у замежнапалітычным ведамстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 30 чалавек затрымалі ў Беларусі 15 ліпеня, у дзень падачы скаргаў у ЦВК. Сьпіс«Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі забясьпечыць канкурэнтаздольнае перадвыбарчае асяродзьдзе, бясьпечныя, свабодныя і добрасумленныя выбары, адпусьціць усіх затрыманых і забясьпечыць асноўныя свабоды і правы чалавека, — гаворыцца ў заяве. — Працяг палітычна абгрунтаваных рэпрэсій, магчымы рост колькасьці новых палітычных зьняволеных будуць мець наступствы для далейшых стасункаў Эўрапейскага зьвязу і Беларусі».
У той жа час «мірныя, свабодныя і добрасумленныя прэзыдэнцкія выбары заахвоцілі б дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі, умацавалі яе сувэрэнітэт і незалежнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 300 затрыманых. МУС Беларусі пракамэнтавала разгон акцый 14 ліпеняЛітоўскі МЗС закрануў таксама тэму Астравецкай АЭС:
«Кіраўніцтва Беларусі шмат разоў публічна выказвала гатоўнасьць рэалізоўваць усе рэкамэндацыі міжнародных органаў, а таксама пацьвярджала сваю згоду з нагоды міжнароднага перагляду Нацыянальнага пляну дзеяньняў у рэалізацыі рэкамэндацый стрэс-тэстаў ЭЗ, аднак да гэтага часу рэальнага прагрэсу ў гэтай сфэры няма.
Мы заклікаем Беларусь да супрацоўніцтва з Эўрапейскім зьвязам у сфэры ядзернай бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя адносна праекту атамнай электрастанцыі на астравецкай пляцоўцы і не пачынаць пасьпешлівую эксплюатацыю атамнай электрастанцыі, а накіраваць намаганьні ўсіх беларускіх органаў на рэалізацыю патрабаваньняў ядзернай бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы склікае Дзяржаўную раду абароны ў сувязі з пагрозай БелАЭСАкрамя таго, Літва «як найбліжэйшая суседка Беларусі» «зь непакоем» назірае за сытуацыяй з пандэміяй COVID-19 у краіне і дала ёй «адпаведную гуманітарную дапамогу» (7 ліпеня на 50 тыс. даляраў ЗША — 16 800 л дэзынфэкцыйнай вадкасьці і 8 400 аднаразовых халатаў).
«Мы зацікаўленыя ў разьвіцьці добрасуседзкіх стасункаў зь Беларусьсю, заснаваных на ўзаемнай павазе і даверы. Аднак гэта залежыць таксама ад волі і дзеяньняў суседняй краіны», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.