Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч сказаў Tut.by, што «вяртаецца на выбары» — стане даверанай асобай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паводле Алега Гайдукевіча, гэта «доказ таго, што прэзыдэнт чуе розныя пункты гледжаньня, розныя погляды», бо ЛДПБ мае «сваю праграму, ідэалёгію» і «прапануе альтэрнатыву».
Ён плянуе аб’ехаць вялікую колькасьць гарадоў і вёсак, праводзіць сустрэчы зь людзьмі і перадаць выказанае імі Аляксандру Лукашэнку. Ён паабяцаў выслухаць «мэдыкаў, настаўнікаў, рабочых, працаўнікоў сяла, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, гіпстэраў, рэстаратараў, айцішнікаў».
«Галоўнае — ня даць вырашаць лёс краіны на вуліцы і на плошчах, — дадаў Гайдукевіч. — Ня рваць краіну на часткі. Ня даць вырашаць лёс краіны за яе межамі».
Ягоная ініцыятыўная група была адной з 15 зарэгістраваных, у яе запісаліся 4034 чалавекі — гэта была трэцяя па масавасьці група пасьля Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Бабарыкі.
Неўзабаве пасьля рэгістрацыі групы ён заявіў, што здымаецца з выбараў, бо «нельга дапусьціць злому краіны» — маўляў, трэба галасаваць за дзейнага кіраўніка дзяржавы. Ён дадаў, што ня можа «быць прастытуткай», а будзе «адстойваць свае перакананьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не магу быць прастытуткай». Што стаіць за дэмаршам Гайдукевіча?Ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч чатыры разы ўдзельнічаў у выбарах. Незалежныя СМІ называлі яго «пастаянным спарынг-партнэрам» Лукашэнкі, сам ён віншаваў Лукашэнку зь перамогай. У 2010 годзе ён зьняў сваю кандыдатуру яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў, заявіўшы, што пасьпяхова сабраў 100 тысяч подпісаў. Паводле афіцыйных лічбаў ЦВК, на выбарах 2001 году ён атрымаў 2,48% галасоў, 2006-га — 3,5%, 2015-га — 3,32%.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.