На сайце catholic. by зьявілася заява кіраўніка Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, у якой ён жорстка выказваецца пра новую ініцыятыву пробашча Чырвонага касьцёла ў Менску ксяндза Ўладзіслава Завальнюка.
Некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя, што ксёндз Завальнюк зьбіраецца на монаколе аб’ехаць па пэрымэтры Беларусь з малітвай аб выбаўленьні краіны ад каранавірусу.
Раней, з 29 чэрвеня да 2 ліпеня, ксёндз Завальнюк зрабіў пілігрымку на монаколе ў Будслаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў на фэст у Будслаў на монаколеУ заяве кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча чатыры пункты:
1. Каталіцкая царква зь першых дзён распаўсюджваньня гэтай заразнай і вельмі небясьпечнай эпідэміі заклікала і далей заклікае маліцца ў інтэнцыі выбаўленьня ад яе і пераадоленьня выкліканых ёю наступстваў. Для гэтага было арганізавана шмат пастырскіх акцый як на агульнабеларускім, так і на дыяцэзіяльным узроўні.
2. Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк не зьвяртаўся да Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі з прапановай арганізаваць яго аднаасобную пілігрымку па пэрымэтры Беларусі. Таму яму ніхто не даваў дабраслаўленьня на гэтую акцыю.
3. Пілігрымка, якую арганізаваў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, носіць прыватны характар і ажыцьцяўляецца ў межах належнага кожнаму сьвятару штогадовага адпачынку.
4. Кананічнае права Каталіцкай царквы (кан. 935) забараняе нашэньне пры сабе Найсьвяцейшага Сакрамэнту, таму ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк ня можа браць яго з сабой у пілігрымку, гаворыцца ў заяве арцыбіскупа Кандрусевіча.
Рэакцыя ксяндза Ўладзіслава Завальнюка на гэтую заяву пакуль невядомая.