Каманда Бабарыкі пачала збор подпісаў пад скаргай на абмежаваньне месцаў агітацыі

Дзе ў Менску дазволілі агітаваць перад прэзыдэнцкімі выбарамі. ФОТА

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі заявіў, што магчымасьці для перадвыбарчай агітацыі ў Беларусі істотна абмежавалі, таму ў Менску пачалі зьбіраць подпісы пад калектыўнай скаргай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Раней рашэньне аб абмежаваньні месцаў для агітацыі абяцаў абскарджваць праз суд іншы патэнцыйны кандыдат — лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Калі на ранейшых выбарах агітацыю за кандыдатаў дазвалялі практычна паўсюль і забаранялі толькі каля пэўных месцаў (каля мэтро, чыгуначных станцыяў, дзяржаўных установаў і гэтак далей), то на сёлетніх прэзыдэнцкіх па ўсёй краіне вызначылі толькі 150 дазволеных месцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта горш, чым фарс». Інфармацыйны цэнтар у Кіеве зрабіў першыя ацэнкі беларускіх выбараў

У Менску ўсе шэсьць дазволеных месцаў далёкія ад цэнту гораду і галоўных вуліц: гэта парк Дружбы Народаў, пляцоўка ля фантану ў Кіеўскім сквэры, Тучынскі сквэр і сквэр Жукава, цэнтральная алея парку 50годзьдзя Вялікага кастрычніка і пляцоўка ля ўваходу ў парк Грэкавай.

Штаб Бабарыкі зьвяртае ўвагу і на такі прыклад: на ўвесь Дзяржынскі раён месца для агітацыі адно: «пляцоўка на аўтамабільнай стаянцы між жылым домам №11 на вуліцы Ціхай у г. Дзяржынску і існай сажалкай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы, як забясьпечыць празрыстасьць выбараў

Незадаволеным такімі абмежаваньнямі штаб Бабарыкі прапануе пакінуць подпісы пад зваротам у менскім офісе на вул. Харужай, 25/1. З сабой трэба мець пашпарт, подпісы прымаюць з 17 да 21 гадзіны 8 ліпеня і з 9 да 21 гадзіны 9 ліпеня. Скаргу зьбіраюцца падаць 10 ліпеня, усе падпісанты змогуць узяць удзел у судовым паседжаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Магілёве дазволілі агітаваць за кандыдатаў на прэзыдэнта. ФОТА

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.