Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Магілёве дазволілі агітаваць за кандыдатаў на прэзыдэнта. ФОТА


Пляцоўка перад Лядовым палацам — адна зь дзьвюх, дзе можна агітаваць у Магілёве
Пляцоўка перад Лядовым палацам — адна зь дзьвюх, дзе можна агітаваць у Магілёве

У Магілёве для перадвыбарчай агітацыі гарвыканкам вызначыў дзьве пляцоўкі на ўскрайках буйных жылых масіваў каля спарткомплексаў. У ініцыятыўных групах альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва заяўляюць, што пляцовак замала і агітацыя пройдзе незаўважанай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У Ленінскім раёне агітаваць на сьвежым паветры дазволілі каля спарткомплексу «Алімпіец». Ад цэнтру гораду да яго — 15 хвілін грамадзкім транспартам.

У «Алімпійцы» трэнуюцца лёгкаатлеты ды спартоўцы гульнявых відаў спорту. На пляцоўцы каля галоўнага ўваходу, дзе будуць ладзіцца агітацыйныя сходы, бавяць час жыхары прылеглага мікрараёну, які магілёўцы называюць «30 гадоў Перамогі» — так завецца вуліца, якая там праходзіць.

Уваход у «Алімпіец». На пляцоўцы каля яго неўзабаве зьбяруцца агітаваць за вылучэнцаў на прэзыдэнцтва
Уваход у «Алімпіец». На пляцоўцы каля яго неўзабаве зьбяруцца агітаваць за вылучэнцаў на прэзыдэнцтва

Непадалёк буйное прадпрыемства тэкстыльнай прамысловасьці «Магатэкс». Ягоныя работнікі вяртаюцца паўз тэрыторыю «Алімпійца».

На даляглядзе дамы мікрараёну «30 год Перамогі»
На даляглядзе дамы мікрараёну «30 год Перамогі»

У Кастрычніцкім раёне чыноўнікі палічылі прыдатным месцам для перадвыбарчай агітацыі пляцоўку перад Лядовым палацам. У ім гаспадарыць хакейны клюб «Магілёў». Ад цэнтру гораду да яго 10 хвілін грамадзкім транспартам.

Лядовы палац, каля якога дазволілі агітаваць у Кастрычніцкім раёне Магілёва. Пакуль жа пляцоўку перад ім упадабалі раварысты
Лядовы палац, каля якога дазволілі агітаваць у Кастрычніцкім раёне Магілёва. Пакуль жа пляцоўку перад ім упадабалі раварысты

Гэтае месца на ўскрайку буйнога жылога комплексу, адасобленага ад Лядовага палаца праезнай часткай вуліцы Гагарына.

Непадалёк Палац культуры вобласьці. Ажывае пляцоўка, калі ў нейкім з двух палацаў адбываецца канцэрт ці хакейны матч.

У астатні час людзей на пляцоўцы вобмаль, яе выкарыстоўваюць аматары актыўнага адпачынку.

Лядовы палац. На даляглядзе дамы жылога масіву, выбудаванага ўздоўж бульвара Нескароных. У часы Другой усясьветнай вайны тут нацысты арганізавалі канцэнтрацыйны лягер для ваеннапалонных
Лядовы палац. На даляглядзе дамы жылога масіву, выбудаванага ўздоўж бульвара Нескароных. У часы Другой усясьветнай вайны тут нацысты арганізавалі канцэнтрацыйны лягер для ваеннапалонных

8 ліпеня прадстаўнікі ініцыятыўных груп Бабарыкі, Цапкалы ды Ціханоўскай пойдуць да старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава, каб той распарадзіўся адвесьці для агітацыі больш пляцовак. Актывісты лічаць, што агітацыя толькі «на дзьвюх пляцоўках зробіць выбары непрыкметнымі ў горадзе». Яны будуць пераконваць чыноўніка, каб той дазволіў праводзіць агітацыю на пляцоўцы, дзе выстаўляліся выбарчыя пікеты: каля гандлёвага цэнтру «Атрыюм», што за тры сотні мэтраў ад гарвыканкаму.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG