7 ліпеня 2000 году тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Ад таго часу ніхто ня бачыў яго ні жывым, ні мёртвым.
«Народная воля» разам з удавой Дзьмітрыя Сьвятланай прыгадала некаторыя моманты справы, пра якія шмат хто за гэтыя гады забыўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль пры ўладзе гэты рэжым, усё пакрываюць», — маці зьніклага журналіста Дзьмітрыя ЗавадзкагаПрычынай стаў фільм «Чачэнскі дзёньнік»
За выкраданьне Дзьмітрыя Завадзкага асудзілі былых супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валера Ігнатовіча і Максіма Маліка. Афіцыйныя вэрсія — забойства з помсты за інтэрвію Завадзкага «БДГ», у якім ён згадаў пра беларускіх наёмнікаў. Сям’я лічыць, што прычынай быў фільм пра вайну ў Чачэніі.
«Я схіляюся да таго, што прычынай стаў фільм „Чачэнскі дзёньнік“, — кажа Сьвятлана Завадзкая. — Ён павінен быў выйсьці на ОРТ 10 ліпеня 2000-га. Па тэлевізіі круцілі анонс гэтай стужкі аўтарства Паўла Шарамета. Магчыма, наверсе спалохаліся. Ня выключана, што 7 ліпеня Дзіму ўзялі, каб даведацца пра зьмест, ці будзе там нешта пра Беларусь. Але, седзячы ў Менску, мантаваць ён, вядома, ня мог. Магчыма, яго катавалі, а калі ўбачылі, што ня змогуць схаваць сьлядоў, забілі...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР патрабуе расьсьледаваць зьнікненьне Завадзкага і іншых асобаўПадчас сьледзтва старанна вывучалі біяграфію Дзьмітрыя, у якой не было ніякіх чорных плямаў, успамінае Сьвятлана.
«Адзінае, за што ўдалося зачапіцца, вось гэтае інтэрвію «БДГ». І ў мяне такое ўражаньне, што ўжо потым да гэтага інтэрвію проста падцягнулі абвінавачаных. Гэтая вэрсія толькі на першы погляд моцная, але навошта бандытам было браць Дзіму ў аэрапорце, калі якраз напярэдадні ён адзін езьдзіў на рыбалку? І чаму камэры, як на зло, менавіта 7 ліпеня не працавалі і пост міліцэйскі ў аэрапорце зьнялі? Гэта ўсё Ігнатовіч зрабіў?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гадоў таму бясьсьледна зьнік тэлеапэратар Дзьмітры ЗавадзкіГалоўны рэчавы доказ знайшлі толькі з трэцяга разу
Ігнатовіча затрымалі 3 жніўня 2000 году. У гэты ж дзень праваахоўнікі правялі агляд яго аўтамабіля. Аднак галоўны рэчавы доказ — сапэрную рыдлёўку — у багажніку «Фальксваген Гольф» знайшлі толькі з трэцяга разу. Тады ж экспэртыза выявіла на рыдлёўцы біялагічныя сьляды Дзьмітрыя Завадзкага.
«Я спытала ў сьледчага, як здарылася, што рыдлёўку выявілі толькі пры трэцім аглядзе? Ён амаль шэптам сказаў: маўляў, гэтай рыдлёўкай цела не закопвалі, а выкопвалі, — кажа Сьвятлана. — Іншых падрабязнасьцяў выцягнуць не ўдалося. Але, можа, цела Дзімы ўсё ж знайшлі ў жніўні? Пра гэта ў інтэрвію казалі амаль усе былыя следчыя, якія мелі дачыненьне да справы. Можа, там была куля таго самага расстрэльнага пісталета, і вырашылі зрабіць выгляд, што цела наогул няма?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гараўскі, які прызнаўся ў саўдзеле ў забойствах крытыкаў Лукашэнкі, папрасіў прытулку ў ШвайцарыіІ яшчэ некалькі важных дэталяў, на якіх робіць акцэнт Сьвятлана Завадзкая.
«21 жніўня 2000 году на экспэртызу забралі тую самую рыдлёўку, кепку і частку плястмасавага кажуха аўтамабіля, на якой былі відаць плямы бурага колеру, падобныя на кроў, — працягвае Сьвятлана. — 6 верасьня ўзялі кроў у Дзімавых сваякоў, 20-га — прадметы ягонага адзеньня. Экспэртызу рыдлёўкі скончылі 18 кастрычніка таго ж году, а кажуха аўтамабіля — 4 красавіка 2001-га, літаральна за месяц да перадачы справы ў суд. 10 траўня справа была закрытая для накіраваньня ў суд».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якія яны палітыкі?» Лукашэнка ўпершыню пракамэнтаваў прызнаньні пра забойства зьніклых апазыцыянэраўСьведкі сьцвярджалі, што бачылі машыну Ігнатовіча каля дома Завадзкіх. Праўда, некаторыя блыталіся ў сваіх паказаньнях.
«У нашым двары яна дакладна не стаяла, — упэўненая Сьвятлана. — Справа ў тым, што такі ж бардовы „Фольксваген-Гольф“ быў у Дзімы аднаго. З нашай кампаніі ў яго першага зьявілася свая машына, і мы разам на ёй езьдзілі на рыбалку, на шашлыкі. Потым ён яе прадаў, але я заўсёды, калі бачыла падобны „Фольксваген“, прыглядалася: ці не нашага сябра сям’і гэта аўта? І каб такая машына стаяла ў нашым двары, не магла не заўважыць. Але яе тут не было. Многія доказы ў гэтай справе нібы прыцягнутыя за вушы...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклыхУ 2006 годзе расьсьледаваньне ў справе Завадзкага прыпынілі і больш не аднаўлялялі. Хто сьледчы ў справе, дагэтуль невядома. Кожны раз адказ на хадайніцтва сваякоў дасылае новы клерк са Сьледчага камітэту.
14 сакавіка 2002 году Ігнатовіча і Маліка па сукупнасьці злачынстваў асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Час ня лечыць
Прайшло 20 гадоў, а Сьвятлана Завадзкая ўсё роўна плача, калі гаворыць пра тое, што здарылася зь Дзьмітрыем:
«З гадамі яшчэ больш адчуваецца гэты боль. І толькі горш становіцца на душы. Таму што надзеі ўжо няма... Два дзесяцігодзьдзі мінула, а нічога не зьмянілася. Сьледзтва ў справе прыпынена з 2006 году; тыя, хто забіў Дзіму, па-ранейшаму на волі, цела Дзімы ня знойдзена.
Цяпер у Сьледчым камітэце мне кажуць, што ўсё сьледчыя дзеяньні ў справе праведзеныя ў поўным аб’ёме. Дык а далей што? Дзе цела? У 2006 годзе расьсьледаванне ў справе было прыпынена і больш не аднаўлялася. Хто сьледчы ў той справе, якую выдзелілі ў асобнае вядзеньне ў дачыненьні да неўстаноўленых асобаў, мне дагэтуль невядома. Кожны раз адказ на мае хадайніцтвы дасылае новы клерк са Сьледчага камітэту...
Проста няма палітычнай волі, каб расьсьледаваць справы аб гучных знікненьнях. Пры цяперашняй уладзе ніхто ня будзе нічога расьсьледаваць, бо нітачка вядзе ў высокія кабінэты чыноўнікаў, гэта яны замоўцы і арганізатары выкраданьняў».
Кім быў Дзьмітры Завадзкі
З 1994 па 1996 год Дзьмітры Завадзкі працаваў у апэратарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на Грамадзкай расейскай тэлевізіі (ОРТ). Летам 1997 году ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэньні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі. З кастрычніка 1999 году па травень 2000-га Завадзкі працаваў у Чачэніі, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзёньнік».
Раніцай 7 ліпеня 2000 году Завадзкі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў апэратара ніхто ня бачыў. Ягоны аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданьні Завадзкага групу былога байца спэцпадраздзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданьні Максім Малік асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі ў гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ў іншых злачынствах і асудзілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму адпаведна.
27 лістапада 2003 году суд Фрунзэнскага раёну Менску прызнаў Завадзкага памерлым, хоць яго цела так і не было знойдзена. У сакавіку 2004 году пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне справы аб выкраданьні Завадзкага «ў сувязі зь неадшуканьнем бязь вестак зьніклай асобы». У 2005 годзе расьсьледаваньне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.