7 ліпеня рэжысэрка і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык выйшла на волю пасьля месяца арышту, які атрымала за ўдзел у выбарчых пікетах 30 траўня і 7 чэрвеня.
З 30 сутак арышту 22 дні актывістка прабыла ў карцары, астатнія ў агульнай камэры. Вольга Мікалайчык расказала пра карцар, вошай і стаўленьне да палітычных арыштантаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і ў Ізалятары часовага ўтрыманьня (абедзьве ўстановы знаходзяцца побач у завулку Акрэсьціна ў Менску).
Карцар
Такое ўжо даводзілася чуць ад іншых актывістаў, якія пабывалі на Акрэсьціна ў чэрвені — што іх зьмяшчалі ў карцар бяз нават фармальнай прычыны. Гісторыя Вольгі Мікалайчык — яшчэ адзін прыклад.
«Карцар лічыцца пакараньнем за нейкія парушэньні ўнутранага рэжыму, але за што мяне туды кінулі, шчыра кажу, дагэтуль ня ведаю. Як прывезьлі з суду і перавялі з ІЧУ ў ЦІП, дык зьмясьцілі ў пустую камэру. Але толькі я там прыбралася, навяла парадак, як выводзяць і саджаюць у карцар. За што — ня кажуць. Потым бачыла на сваёй справе ў руках сьледчага слова "ШИЗО" — гэта і ёсьць карцар. Магчыма, адразу вызначылі такіх, як я, накіраваць у "ШИЗО" для запалохваньня іншых», — мяркуе Вольга Мікалайчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава зьмясьцілі ў карцарАктывістка расказала, што сабой уяўляе карцар у ЦІП на Акрэсьціна.
«Бэтонны „мех“ два на два мэтры. На сьцяне вісіць шконка, якая адкрываецца толькі на ноч да 6 раніцы, пасярэдзіне зэдлік. Можна толькі хадзіць вакол і сядзець. У куце — туалет без агароджы, пад відэакамэрай. Вельмі холадна, асабліва ноччу. У выніку я захварэла на бранхіт, давалі праз „кармушку“ лекі.
Душу няма і не выводзілі. Давалі літар вады на суткі папіць і літар змыць „таўчок“. Матраца і пасьцельнай бялізны не давалі. На прагулку вывелі адзін раз за месяц. Як бавіла час? Думала, складала ў галаве сцэнар фільму, задумала аповеды. Мозг кіпеў, сумна не было. Так пражыла 22 ці 23 дні, дакладна ўжо і не падлічу» — расказвае Вольга Мікалайчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не даюць спаць, матрацы з вошамі, 5 сутак у карцары. Актывіст расказвае пра ўмовы на АкрэсьцінаАктывістка зьбірацца абскардзіць ня толькі пастановы Першамайскага раённага суду, паводле якіх яна была арыштаваная, але і накіраваць скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрыманьня.
«Асабліва мяне абурае, што не выконваліся элемэнтарныя нормы гігіены, тым больш адносна жанчын. У душ не выводзілі, рэчы адабралі, грэбень трымала ў руках адзін раз за месяц, і той дала арыштантка, якая неяк умудрылася прыхаваць яго ад ахоўнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль пры ўладзе гэты рэжым, усё пакрываюць», — маці зьніклага журналіста Дзьмітрыя ЗавадзкагаУ карцары Вольга Мікалайчык была першы раз у жыцьці. Актывістка назвала ўтрыманьне ў карцары сапраўдным катаваньнем, але кажа, што яе гэтым не напалохалі.
«Адчула сябе Міхаілам Жамчужным, які праводзіць у карцары па 150 дзён штогод. Гэта ўсё ж вельмі жахліва».
Актывістка не выключае, што ў карцар яе зьмясьцілі за тое, што на пікеце каля «Камароўкі» яна абвясьціла збор грошай на квіток для Лукашэнкі ў суд у Гаагу.
Вошы
Вольга Мікалайчык пацьвердзіла, што гэтая праблема на Акрэсьціна дагэтуль ня вырашаная.
«У карцары вошай не было, я іх не магла з сабой прынесьці, бо ў першай камэры не пасьпела ні з кім пасядзець. Але калі сядзела 5 апошніх дзён у агульнай камэры Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, дык адна жанчына скардзілася, што знайшла на адзеньні вошай. Ведаю, што і іншыя палітычныя сутыкнуліся з такой праблемай. Прыкладам, Вераніка Мішчанка казала, што ёй адмыслова падсялілі арыштантку з такой праблемай. Чаму ня могуць правесьці нармальную дэзынфэкцыю рэчаў, зь якімі прыходзяць арыштанты, ня ведаю. Пры гэтым матрацы не выдаюць якраз з такой прычыны: каб не распаўсюджваўся каранавірус, матрацы „на пражарцы“. Дык што, месяц іх ужо „жараць“ і ня могуць ніяк давесьці да ладу?» — абураецца Вольга Мікалайчык.
«Скажыце дзякуй палітычным»
Вольга Мікалайчык пацьвердзіла тое, пра што раней казалі іншыя актывісты пасьля турмы на Акрэсьціна — што нейкія абмежаваньні для арыштантаў ахоўнікі часта тлумачаць наяўнасьцю «палітычных». Маўляў, «ім скажыце дзякуй».
«Нават у ЦІП у камэры, як вярнулася з карцару, нікому не выдавалі бялізны і матрацаў ды казалі, што гэта праз нас, палітычных. Але людзі станавіліся на наш бок, ніхто не вымяшчаў злосьці. Толькі адна арыштантка, якую ўзялі на вакзале, спрабавала на нас „наехаць“, але яе не падтрымалі», — згадала Вольга Мікалайчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я спужаўся. Вельмі спужаўся». Што расказвае чалавек, якога міліцыя прымусіла выбачыцца на відэаЦі бачылася Вольга, хоць выпадкова, зь іншымі палітычнымі актывістамі? Мікалайчык згадала, як перагаворвалася празь сьцяну з Паўлам Севярынцам, калі той сядзеў у суседнім карцары. «Прыходжу з суду і крычу яму, што мне далі яшчэ 15 сутак. На заўтра ён крычыць тое ж. Але ахоўнікі адразу прыбягалі і папярэджвалі, што ім усё чуваць. Потым Паўла перавялі», — згадала Вольга Мікалайчык.
Ці скардзілася Вольга ахоўнікам на ўмовы, у якіх яна апынулася? Як тыя рэагавалі?
«Скардзілася ўсім: і ахоўнікам, і сьледчаму. Усьміхаюцца, кажуць, што ўсё разумеюць, ды разводзяць рукамі. Аднаго ахоўніка прасіла адвесьці ў душ, а ён мне дзьве катлеты прапануе. Чаго, кажу, ты мне сунеш свае катлеты, я ж на галадоўцы! Душ мне дайце! Не, кажа, не дазволена. Тады я і падумала: можа, мне рыхтуюць крымінальную справу? І да апошняга гэтак думала. А калі зь ЦІП перавялі ў ІЧС, дык амаль была ўпэўненая, што сьвеціць крымінальная справа і прыйдзецца па турмах паезьдзіць. Але раптам сёньня адчыняюць дзьверы і кажуць: „На выхад, вызваленьне“. І вось я на волі, ды яшчэ і не зламаная».