Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава зьмясьцілі ў карцар


Арцём Сакаў у судзе 9 траўня, архіўнае фота
Арцём Сакаў у судзе 9 траўня, архіўнае фота

Апэратара Youtube-каналу «Страна для жизни», фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА №1 у Менску, зьмясьцілі на 5 дзён у карцар. Акрамя гэтага, яму прысудзілі яшчэ 7 сутак арышту, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Як паведамілі «Вясьне» сваякі Арцёма Сакава, прызнанага палітвязьнем, яго перавялі ў карцар за павуціньне ў куце камэры. Раней за такое ж парушэньне на 7 дзён працягнулі тэрмін знаходжаньня ў карцары блогеру Сяргею Ціханоўскаму.

Як стала вядома, 29 чэрвеня ў Кармянскім раённым судзе (Арцём родам з Кармы) Сакаву прысудзілі 7 сутак адміністрацыйнага арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» — нібыта ён удзельнічаў 3 траўня ў мітынгу ў Мазыры. У той дзень Сяргей Ціханоўскі рабіў у Мазыры рэпартаж пра мясцовы дом-інтэрнат, які ўлады хацелі закрыць. Арцём Сакаў у той момант знаходзіўся ў іншым месцы ў горадзе.

Сваякі Арцёма даведаліся пра суд пастфактум. Палітвязень з дапамогай адваката будзе абскарджваць гэтае рашэньне. Паводле маці Сакава, на яго таксама склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Жлобіне 8 красавіка, калі Ціханоўскі браў інтэрвію ў мясцовых жыхароў.

2 ліпеня Арцёма Сакава ўжо асудзілі на 5 сутак арышту паводле артыкулу аб дробным хуліганстве (17.1 КаАП). Суд адбыўся ў Горадні, празь відэасувязь. Паводле сьведкаў-амапаўцаў, якія затрымлівалі Сакава 31 траўня, той нібыта лаяўся матам, але падрабязнасьцяў сьведкі прыгадаць не змаглі.

Адміністрацыйныя арышты ад 5 да 15 сутак атрымалі ўсе фігуранты «справы Ціханоўскага», затрыманыя ў Горадні 29 траўня.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG