За апошнія 26 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася на 764 тысячы чалавек. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2019 годзе з краіны зьехалі 20 976 беларусаў, гэта на 5 тысяч больш, чым у 2018-м. Але афіцыйныя зьвесткі Менску і эўрапейскіх статыстычных органаў адрозьніваюцца.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Беларусы зьяжджаюць у тым ліку ва Ўкраіну — працаваць, рэалізаваць свае творчыя пляны, пазьбегнуць палітычнага перасьледу, расказвае тэлеканал «Настоящее время».
Вячаслаў Сіўчык — заснавальнік руху «Разам». Жывучы ў Беларусі, ён праводзіў акцыі пратэсту супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. На радзіме за крытыку ўладаў яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасьці.
«Пакуль я езьдзіў, пачаліся новыя пасадкі, незаконныя »суткі«. Мяне гэта абышло, мяне не ўзялі, бо нікога ня бралі на саміх акцыях, каб паказаць прыстойную карцінку», — апавядае актывіст пра акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі ў сьнежні 2019 году.
Перад самым карантынам Вячаслаў прыехаў у Кіеў і затрымаўся тут, бо ўрад закрыў межы. За гэты час суд Беларусі завочна прысудзіў яму 1,5 месяца арышту. Цяпер практычна ўсе ягоныя паплечнікі сядзяць у турмах ці ізалятарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не даюць спаць, матрацы з вошамі, 5 сутак у карцары. Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна«Ім ноччу не даюць спаць, таму што ўрываюцца ў камэры. Сьпяць яны толькі на падлозе, удзень у іх забіраюць усё матрацы, я ўжо не кажу, у якім стане ўсе гэтыя матрацы, гэтая антысанітарыя была і ёсьць, так. Заліваюць хлёркай гэтыя ўсе камэры», — пераказвае Вячаслаў Сіўчык умовы зьняволеньня сваіх паплечнікаў.
Жонка Вячаслава жыве ў Менску, але абодва сыны выехалі за мяжу. Сам ён кажа, што будзе і далей весьці барацьбу супраць Лукашэнкі.
«Вось гэтыя два атавізмы — абсалютна антыбеларуская зьвярыная, нечалавечая дыктатура Аляксандра Лукашэнкі, якога падтрымлівае Масква, і ня менш зьвярыная пуцінская палітыка, якая ня бачыць незалежнай Беларусі, — яны могуць прывесьці да катастрафічных падзей у Менску і ў Беларусі», — лічыць актывіст.
Палітык лічыць, у Беларусі ёсьць альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку. Толькі важней не зьмяніць лідэра, а вярнуць беларускаму народу правы і свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятар кампаніі дапамогі лекарам #BYCOVID19 зьехаў зь Беларусі. ЧасоваДзяніс і Вікторыя Лаўнікевічы заканчваюць рамонт у сваёй новай кіеўскай кватэры. Зь Менску яны пераехалі ва Ўкраіну два гады таму. Расказваюць, што тут могуць пісаць на тэмы, якія на радзіме табу.
«Калі я пераехаў, для мяне быў абсалютны шок, што на мае пытаньні ў міністэрствах наогул адказваюць, што я магу патэлефанаваць цэлай кучы прэс-сакратароў — і мне адразу адказваюць на нейкія пытаньні. У Беларусі ты нават калі дазвонісься да кагосьці : „Адпраўляйце пісьмовы запыт, можа, праз два тыдні мы адкажам“. Але, хутчэй за ўсё, не адкажуць», — расказвае журналіст.
Дзяніс вядзе ўласны падкаст, Вікторыя ў асноўным піша на сацыяльныя тэмы. Яны абое пільна сочаць за падзеямі ў Беларусі. У тое, што сытуацыя ў краіне зьменіцца пасьля выбараў, ня вераць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці, — палітоляг«Тое, што адбываецца цяпер, больш падобна на падзеі 2010 году, калі дапусьцілі да выбараў усіх ахвотных, там дзесяць кандыдатаў было, якія пасьпяхова рвалі адзін аднаго. У выніку ўсё скончылася пабоішчам у цэнтры Менску», — успамінае Дзяніс Лаўнікевіч.
На радзіме ў сужэнцаў застаўся адзінаццацігадовы сын, які цяпер жыве з бабай і дзедам. Ён прафэсійна займаецца спортам, таму да бацькоў у Кіеў можа прыехаць пакуль толькі на вакацыі.
Ян Мельнікаў ва Ўкраіне зь верасьня 2018 году, кажа, што нелегальна: «Так, я нелегал, які наогул тут ня мае ніякіх правоў».
Ян ужо свабодна размаўляе па-ўкраінску. У Кіеў прыехаў у разгар Майдану, у студзені 2014 году, калі забілі актывіста зь Беларусі Міхаіла Жызьнеўскага. Тады Яну было 20. Пасьля Майдану ён паехаў ваяваць на Данбас, як ён сам кажа, абараняць Украіну.
«Як толькі я паехаў на вайну, у першыя месяцы пачалі цікавіцца маёй пэрсонай спэцслужбы: прыходзілі да мяне дадому, афіцыйна была адкрыта крымінальная справа ў лютым 2016 году паводле артыкулу 361 КК Рэспублікі Беларусь («Удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома аб затрыманьні і вызваленьні беларускіх добраахвотнікаў у КіевеЦяпер Ян Мельнікаў лічыць, што ў яго дзьве радзімы. У Кіеве яго часта наведваюць сваякі і беларускія сябры. Сам жа ён хоча абзавесьціся сям'ёй, хоць, прызнаецца, дзяўчыны пакуль не знайшоў.
Дзьмітры Танковіч жыве ў Кіеве з 2006 году. Былы КВЗшнік, цяпер папулярны ўкраінскі тэлевядоўца і шоўмэн. Пераехаў ва Ўкраіну, шукаючы творчай свабоды.
«Як бы гэта банальна ні прагучала, ва Ўкраіне ёсьць адчуваньне нейкай свабоды, ці што. Яе няма ні ў Менску, ні ў Маскве», — прызнаецца Дзьмітры Танковіч.
Тут ён змог рэалізаваць свае творчыя амбіцыі.
«Я вельмі марыў быць тэлевізійным вядоўцам. Вельмі марыў, вось праўда, яшчэ зь дзіцячых часоў. Праўда, калі я прыехаў сюды, мне адзін з топ-мэнэджараў аднаго з украінскіх тэлеканалаў сказаў: „Ты ніколі ня станеш вядоўцам“, – успамінае шоўмэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Пракоп’еў, які крытыкаваў урад і стварыў Асацыяцыю рэстаратараў, зьедзе зь БеларусіУсе беларусы, зь якімі сустрэлася здымачная група «Настоящего времени», кажуць, што сумуюць па радзіме.
Дзьмітры Танковіч плянуе і далей жыць і працаваць ва Ўкраіне. Актывіст Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што вернецца ў Беларусь.
«Я ня створаны для эміграцыі. І нават у больш жорсткіх сытуацыях ніколі не прасіў палітычнага прыстанішча і не зьбіраюся гэтага рабіць», — кажа ён.
Ян Мельнікаў лічыць, што на радзіму яму дарога закрытая. А журналіст Дзяніс Лаўнікевіч называе Ўкраіну другім домам.
Пры гэтым кожны зь іх марыць, каб у Беларусі зьявілася свабода, якую пакуль ім даводзіцца шукаць за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладны палітоляг, які «прадказаў» арышт Бабарыкі, думае, што яго не зарэгіструюць кандыдатамПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.