Нешта чуецца да болю знаёмае ў гэтых успамінах пра Беларусь, зь якой мы выходзілі «ў лапцях і без штаноў» і дзе «на трое сутак мукі хапала, каб сьпячы хлеб».
(А.Лукашэнка на нарадзе ў пытаньнях эканомікі 19 чэрвеня г.г.: «Яны ня памятаюць Беларусь, зь якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 90-х. Яны ня памятаюць гэтых талёнаў, ня памятаюць, што мы не маглі купіць бутэльку нейкага малака. Яны ня памятаюць, што ў нас на трое сутак у Менску мукі хапала, каб сьпячы хлеб. Яны жывуць у чыстай і сьветлай Беларусі і думаюць, што ўсё гэта ўпадзе ім зь неба. Зразумела, гэта і наша недапрацоўка, што мы ім не патлумачылі. Але ж бацькі гэта ведаюць».)
Караеды, Махаеды і Бясхлебічы
Вось я — з тых бацькоў, якія добра памятаюць той час і маюць што адказаць дзецям, калі яны пра тое пытаюць.
Але першае, пра што я згадваю, калі чую апакаліптычныя апісаньні Беларусі сярэдзіны 90-х, — гэта тое, як пры камуністах нам, дзецям, апісвалі жыцьцё да прыходу бальшавікоў да ўлады.
Вось старонка з маскоўскага падручніка па гісторыі СССР для замежных студэнтаў (выдавецтва «Русский язык», 1981 год). Апісаньне Беларусі:
«Беларусь да 1917 году — край жабракоў і непісьменных людзей. Назвы вёсак гэтага краю — Караеды, Махаеды, Бясхлебічы — гавораць пра тое, як жылі сяляне. Цяпер у Беларусі буйная спэцыялізаваная сельская гаспадарка. Мільёны гектараў забалочанай зямлі асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя палі. Магутная прамысловасьць рэспублікі вырабляе станкі, аўтамабілі, трактары, тэлевізары, электронныя машыны».
Менавіта так выкладалі гісторыю нам, савецкім дзецям: да 1917 году — беспрасьветная галеча, голад і занядбанасьць; з прыходам бальшавікоў — росквіт, разьвіцьцё і ўсеагульны дабрабыт. І як можна нават думаць пра зьмену такой улады, якая прывяла да ўсеагульнага шчасьця?
Чым мы харчаваліся, калі «мукі заставалася на тры дні»?
Здаецца, цяпер нас гэтак жа спрабуюць пераканаць, што гісторыя сучаснай Беларусі пачалася ў 1994 годзе, а да таго былі галеча, жабрацтва (лапці і адсутнасьць штаноў), а таксама «мукі заставалася на тры дні».
Магчыма, моладзь у гэта і паверыць (як калісьці многія з нас верылі савецкім падручнікам гісторыі пра «караедаў-махаедаў» у дарэвалюцыйнай Беларусі«). Але даводзіць гэта нам — тым, хто ў сярэдзіне 90-х быў ужо дарослы і выдатна памятае рэаліі таго часу?
У старых паперах я адшукаў адзін цікавы дакумэнт. Гэта чэк з рэстарана «Плянэта» ад 17 ліпеня 1993 году.
Да прыходу да ўлады Лукашэнкі — амаль год. У тагачаснай Беларусі, калі верыць цяперашнім прапагандыстам, — суцэльны дэфіцыт і галеча.
Чым жа вячэрала і колькі заплаціла ў той ахопленай крызісам і бязладзьдзем Беларусі 1993 году кампанія маладых людзей (шасьцёра хлопцаў і дзяўчат, ва ўсіх — сярэднія на той час даходы, праца ў дзяржаўных установах)? Вячэралі катлетай па-кіеўску (савецкая клясыка); закусвалі сэрвэлятам, рулядай, салатамі з гародніны і шампіньёнаў. Хлопцы выпівалі гарэлку, дзяўчаты — віно «Букет Малдавіі». На дэсэрт было марозіва з шакалядам. Агулам вячэра на шасьцёх абышлася ў 40 000 рублёў. Паводле тагачаснага абменнага курсу — 8 даляраў на ўсіх, або 1 даляр і 33 цэнты на чалавека.
І гэта не было нешта элітарнае і даступнае толькі абраным. Ахвотных павячэраць у рэстаране была тады процьма, ля дзьвярэй часта стаяла чарга, і часам даводзілася падключаць знаёмага адміністратара, каб туды трапіць.
У мэтадычках, якія рассылаюць цяпер афіцыйным прапагандыстам, прадпісана хваліцца тым, што намінальны налічаны заробак з 1994 году ў Беларусі павялічыўся ў 25 разоў (быў 21 даляр, стаў 523 даляры). Наколькі некарэктнае супастаўленьне гэтых лічбаў, можна меркаваць ня толькі па тым, якімі былі і якімі сталі кошты ў рэстаранах. Камунальныя плацяжы за аднапакаёвую кватэру складалі ў 1993 годзе прыблізна 2 даляры на месяц. Пры тым, што мой сярэдні заробак журналіста ў газэце «Звязда» складаў тады каля 30 даляраў.
Магчыма, усё кардынальным чынам зьмянілася перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у 1994 годзе? Я вельмі добра запомніў той час, бо акурат у чэрвені 1994 году жаніўся. Бацькі жонкі — звычайная вясковая сям’я з «глыбінкі», са Старадароскага раёну, — настаялі, каб усё было «як у людзей», і зладзілі ў вёсцы вясельле. Ня памятаю, каб на стале чагосьці не хапала альбо каб здабываць пачастунак даводзілася зь нейкімі надзвычайнымі цяжкасьцямі.
Надзея, якую мы страцілі
Але галоўнае — нават ня гэтыя побытавыя дэталі. Так, у цэлым жылі ня надта заможна. Бушавала інфляцыя, ліхаманкава мяняліся цэньнікі ў крамах, няпэўнай выглядала будучыня многіх прадпрыемстваў і ўстаноў. Але ў грамадзтве (асабліва сярод моладзі) панавала атмасфэра чаканьня нейкіх важных пераменаў да лепшага.
Сьвет наўкол імкліва мяняўся. Узьнікала мноства магчымасьцяў — знайсьці новую працу, распачаць уласную справу, зарабіць. Адкрываўся навакольны сьвет: мы ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі атрымалі магчымасьць выяжджаць за мяжу. Бачылі, якія імклівыя зьмены ў лепшы бок адбываюцца ў суседзяў — у Польшчы, у краінах Балтыі... Нарэшце, была магчымасьць адкрыта выказваць уласныя думкі, крытыкаваць уладу, дыскутаваць, мітынгаваць. У газэтах, на радыё, на тэлебачаньні панавала разнастайнасьць думак, меркаваньняў, палітычных поглядаў. Тая Беларусь жыла надзеяй. Той надзеяй, якая ў 1994 годзе была страчана на доўгія дзесяцігодзьдзі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.