Старшыня праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзь Давыдзька падчас сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласьці папярэдзіў, што ў выпадку «фальшывага выбару» сапраўдныя патрыёты рызыкуюць страціць краіну.
«Электаральная кампанія ў любой краіне — гэта ў прынцыпе складана, — падкрэсьліў Давыдзька. — Асабліва цяпер, на фоне пандэміі. У сьвеце расьце пачуцьцё незадаволенасьці і няпэўнасьці, усе прадчуваюць новыя праблемы. Агульнасусьветная нестабільнасьць балюча б’е па невялікіх краінах, да якіх адносіцца і Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і каранавірус: слабы лідэр ва ўмовах вострага крызісуНа яго думку, у тым ліку і таму правядзеньне электаральнай кампаніі выклікае столькі эмоцый. Таму старшыня «Белай Русі» даў «наказ» калегам годна супрацьдзейнічаць «сацыяльнай агрэсіі».
«Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным мэдыяўплывам з боку нашых ворагаў, — сказаў ён. — Дарэчы, гэтыя людзі ня хочуць прыйсьці да ўлады. Іх задача — пашумець, унесьці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць. Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці, якія апярэдзілі тут патрыятычныя сілы. Але гэтае поле трэба патроху адваёўваць, захопліваць часова страчаныя пазыцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прэзыдэнт не дапусьціць, каб пралілася кроў». Што Качанава казала на сустрэчы з актывістамі ў ЛідзеГенадзь Давыдзька даў «ёмістыя» ацэнкі ўсім тым, хто найбольш «агрэсіўна» спрабуе супрацьстаяць цяперашняму кіраўніку дзяржавы і яго курсу, намінуючыся ў якасьці патэнцыйных кандыдатаў на найвышэйшую пасаду. Паводле яго, неабходныя «прэвэнтыўныя захады», якія дазволяць захаваць краіну і грамадзтва ад самага страшнага — вялікай крыві, паралічу ўлады, развалу эканомікі.
Ён расказаў пра размову з маладымі людзьмі, якія стаялі ў «пратэставым ланцугу» ў цэнтры Менску.
«Вы думаеце, ім патрэбны перамены? — задаўся рытарычным пытаньнем Давыдзька. — Нічога падобнага. Ім не перамены патрэбны, а шоў, варушняк. Гэта проста безадказныя выхаванцы інтэрнэту. Такім людзям варта падказаць, каб яны шукалі праблемы не ва ўладзе, не ў прэзыдэнце, а ў сабе. Магчыма, тады іхнае жыцьцё наладзіцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калінкіна: Для Лукашэнкі ўлада — галоўная каштоўнасьць, галоўная мэта, галоўнае каханьнеТаксама Генадзь Давыдзька расказаў пра «важнасьць беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту». На яго думку, эўрапейскія суседзі Беларусі гэтай якасьці спрэс пазбаўленыя. І зразумела, што многім такі «палітычны дысананс» не падабаецца.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.