5 ліпеня Цэнтаравыбаркам абвясьціў аб пачатку рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Паведамленьне пра гэта разьмешчана на афіцыйным сайце, прысьвечаным выбарам.
Паводле ЦВК, на гэты момант пададзеныя дакумэнты для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ад сямі прэтэндэнтаў. Гэта Віктар Бабарыка, Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская, Валеры Цапкала, Сяргей Чэрачань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЦВК падалі дакумэнты для рэгістрацыі Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты, ён зрабіў гэта апошнімВіктар Бабарыка ад 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ, у Валеры Цапкалы забракаваная большая частка подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Чэрачня пацьвердзіў, што подпісаў здалі менш, чым зарэгістравала ЦВКПрацэдура рэгістрацыі будзе доўжыцца да 14 ліпеня ўключна. Затым зарэгістраваныя кандыдаты маюць права пачаць агітацыю.
Датэрміновае галасаваньне прызначана на 4-8 жніўня, выбары — на 9 жніўня. Вынікі Цэнтарвыбаркам павінен падвесьці не пазьней за 19 жніўня.
Другі тур выбараў, калі спатрэбіцца, павінен адбыцца на працягу двух тыдняў — да 23 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску выбарчая камісія аднагалосна пацьвердзіла агучаныя ЦВК лічбы подпісаўЗа што па законе могуць не зарэгістраваць?
Артыкул 68/1 Выбарчага кодэксу дае тлумачэньне, што можа стаць падставай для адмовы рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты.
• неадпаведнасьць асобы, якая вылучаная кандыдатам, патрабаваньням Кодэксу: прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Беларусі ня менш за 10 гадоў перад выбарамі
• наяўнасьць судзімасьці ў асобы, вылучанай кандыдатам
• невыкананьне патрабаваньняў, прадугледжаных Кодэксам, да вылучэньня кандыдата: забарона на ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагарода выбарцам за ўнясеньне подпісу
• непрадстаўленьне аднаго або некалькіх дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата
• недастатковая для рэгістрацыі кандыдата колькасьць сапраўдных подпісаў выбарцаў, сабраных у падтрымку вылучэньня кандыдатам (менш за 100 тысяч)
• выкарыстаньне матэрыяльнай дапамогі замежных дзяржаў і арганізацый, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства
• наяўнасьць у падпісных лістах больш за 15% несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасьці правераных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорная скрыня» Ярмошынай: як лічылі подпісыЦВК таксама мае права адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты пры перавышэньні асобай, якая вылучаная кандыдатам, больш чым на 20% гранiчнага памеру расходаваньня сродкаў выбарчага фонду або выкарыстаньні ў гэтых жа памерах грашовых сродкаў акрамя сродкаў выбарчага фонду.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.