У жывым эфіры на Youtube-канале «Свабода Premium» Ганна Канапацкая, патэнцыйная кандыдатка на пасаду прэзыдэнта, адказала на пытаньні пра лічбы ад Цэнтравыбаркаму, шанцы на рэгістрацыю, правакацыйныя пасты ў сацыяльных сетках і рэпрэсіі супраць удзельнікаў кампаніі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Глядзіце гутарку цалкам на відэа.
Прапануем фрагмэнты інтэрвію.
Сьцісла
- Я была на плошчы Незалежнасьці, але я не рабіла з гэтага піяр-акцыю. Я лічу, што салідарнасьць павінна быць ціхая.
- Я ня першы год у палітыцы, я ведаю, што на пікетах подпісы не зьбіраюць. Пікеты даюць прыгожую карцінку.
- У гульню ўступілі гульцы, якіх не чакалі. Моцна стаў гуляць расейскі бок праз сваіх прадстаўнікоў тут.
- Яго мэта — проста стаць палітычным зьняволеным, а не крымінальным. Мэнэджар «Газпрому» ня можа быць нават кандыдатам у прэзыдэнты нашай краіны.
- Усё сьвядомае жыцьцё я ў апазыцыі да дзейнай улады.
- Калі ўпершыню Сяргей Ціханоўскі сеў на суткі, я зьвязвалася з адвакатам Сяргея, зьвязвалася са Сьвятланай, я дапамагала ёй матэрыяльна.
- Я дазваляю сабе праўдзівыя, хоць і рэзкія, выпады ў дачыненьні да іншых удзельнікаў электаральнай кампаніі.
«Маіх актывістаў пераваблівалі, перакуплялі і запалохвалі»
— Ці ёсьць у вас давер да лічбаў подпісаў ад Цэнтравыбаркаму, як вашых, так і іншых кандыдатаў у кандыдаты на прэзыдэнта?
— Я магу казаць толькі пра сябе. У гэтай кампаніі я адчула ціск ня толькі з боку ўлады, але і з боку іншых прэтэндэнтаў, якія бачылі і бачаць ува мне дастаткова моцнага суперніка. Я бачыла ўсё тое супрацьдзеяньне, што абрынулася на мяне. На жаль, гэта адбівалася і на маіх актывістах, якіх проста пераваблівалі, перакуплялі і запалохвалі. Яшчэ два тыдні таму я адправіла ў рэгіёны 35 тысяч подпісаў. Абвясьціла пра гэта ў СМІ, напісала на старонцы ў «Фэйсбуку», але праз тры дні пасьля гэтага Ярмошына абвясьціла, што мае актывісты здалі некалькі соцень подпісаў. Мяне гэта крыху спалохала, і я прыняла рашэньне здаваць подпісы асабіста. І асабіста я здала каля 110 тысяч подпісаў.
— Што за прэтэндэнты, пра ціск з боку якіх вы кажаце?
— Маім каардынатарам прапаноўвалі грошы за тое, каб яны не давезьлі подпісы. Некаторыя мае каардынатары адмовіліся са мной працаваць. Некаторыя СМІ пісалі хлусьню пра мяне і сяброў каманды. Усё гэта ўнесла хістаньні ў нашы шэрагі, таму я сама зьезьдзіла ў кожную з раённых камісій у Менску. Кіраўніца маёй ініцыятыўнай групы езьдзіла па Віцебскай вобласьці і здала вялікую колькасьць подпісаў. Я змагла сабраць каля 150 тысяч і здаць каля 146 тысяч подпісаў. Я ўдзячная актывістам, якія данесьлі 35 тысяч па сваіх раённых камісіях у рэгіёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У двух прэтэндэнтаў у прэзыдэнты ЦВК выявіла больш подпісаў, чым яны здалі?— Амаль два мільёны спраўджаных подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Ці верыце вы ў сапраўднасьць гэтых подпісаў?
— Я зьбірала подпісы сама. Гэта цяжкая праца, але сабраць подпісы магчыма. Я ня першы год у палітыцы, я ведаю, што на пікетах подпісы не зьбіраюць. Пікеты даюць прыгожую карцінку, але асноўная колькасьць подпісаў зьбіраецца праз абход кватэраў і прадпрыемстваў. Гэта былі і прыватныя прадпрыемствы, якія дазволілі мне зьбіраць подпісы, і буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Я ўдзячная БелАЗу, які дазволіў зьбіраць подпісы ў іх. Я змагла сабраць там больш за 8 тысяч подпісаў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына патлумачыла, адкуль у Чэрачня дадатковыя подпісы, і адрэагавала на непрызнаньне подпісаў за Цапкалу
«Вельмі шмат маіх актывістаў таксама атрымалі штрафы, позвы ў суд»
— Учора ў жывым эфіры на Свабодзе былі прадстаўнікі штабоў Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай, а таксама праваабаронца Ўладзімер Лабковіч. Паводле Лабковіча, гэта першая выбарчая кампанія, калі ЦВК прызнаў такую вялікую колькасьць подпісаў несапраўднымі і калі на гэтым этапе ёсьць ужо столькі прызнаных праваабарончай супольнасьцю палітвязьняў. Гэта меркаваньне праваабаронцы. З вашага пункту гледжаньня, чым гэтая выбарчая кампанія адрозьніваецца ад ранейшых прэзыдэнцкіх кампаній?
— Яна адрозьніваецца тым, што ў гульню ўступілі гульцы, якіх не чакалі. Моцна стаў гуляць расейскі бок праз сваіх прадстаўнікоў тут. Моцна ўцягнуліся ў гульню з уладай тыя, хто раней гэтай уладзе служыў і хто змог пры гэтай уладзе зарабіць дастаткова грошай. Гэтая электаральная кампанія адрозьніваецца тым, што ўлада стала на раньнім этапе ўжываць рэпрэсіі ў дачыненьні да ўсіх кандыдатаў. Я, можа, пра гэта не гаварыла, але вельмі шмат маіх актывістаў таксама атрымалі штрафы, позвы ў суд у Менску, Горадні і Віцебску.
— За што?
— За правядзеньне пікетаў па зборы подпісаў. Гэтая кампанія дапамагла людзям аб’яднацца. І гэтае абʼяднаньне, з аднаго боку, дапамагло актывістам, а з другога боку, улада стала адным махам арыштоўваць і прыцягваць да адказнасьці вельмі многіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорная скрыня» Ярмошынай: як лічылі подпісы— Вы сказалі, што адметнасьць кампаніі — удзел Расеі. Якраз вялікую частку вашых запісаў у сацсетках вы прысьвячалі вашаму канкурэнту Віктару Бабарыку, якога называлі стаўленікам Крамля...
— Я ніколі не лічыла яго сваім канкурэнтам, таму што я бачыла і ведала, што ў яго няма мэты ўдзельнічаць у выбарах і перамагчы. Як толькі ён уступіў у электаральную кампанію, я сказала, што мне бачныя яго мэты. Яго мэта — проста стаць палітычным зьняволеным, а не крымінальным.
— Віктар Бабарыка цяпер за кратамі.
— Ён дасягнуў сваёй мэты. І цяпер многія праваабаронцы лічаць яго палітвязьнем.
— Ганна, а вы можаце назваць сябе нацыяналісткай? Вы фактычна працытавалі Зянона Пазьняка, які лічыць Бабарыку кандыдатам «Газпрому», Крамля?
— Так. Я так магу сказаць. Сёньня я адзін з кандыдатаў, які выступае за незалежнасьць і сувэрэннасьць Рэспублікі Беларусь, і я ня буду гандляваць незалежнасьцю Беларусі. Я зноў пераконваюся ў тым, што мэнэджэр «Газпрому» ня можа быць нават кандыдатам у прэзыдэнты нашай краіны.
— Пры гэтым вы адзіная выказаліся супраць высылкі зь Беларусі карэспандэнта расейскай тэлевізіі, прапагандысцкай тэлевізіі.
— Я выступіла за свабоду слова. Як у свой час тры гады таму я выступіла ў падтрымку тэлеканалу «Белсат», які незаконна зазнаў адміністрацыйнае ўзьдзеяньне. І калі заўтра, ня дай Бог, карэспандэнт Радыё Свабода таксама будзе пазбаўлены акрэдытацыі праз адміністрацыйны рэсурс, я гэтаксама выступлю ў падтрымку свабоды слова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая растлумачыла сваё выказваньне пра Бабарыку і «пэдафілію»
«Я ў апазыцыі з 1995 году, я была на ўстаноўчым зьезьдзе АГП»
— Якая ваша ацэнка дзеяньняў улады ў часе гэтай выбарчай кампаніі? У чым вы ня згодныя, акрамя заявы Аляксандра Лукашэнкі, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам у Беларусі?
— Я ў апазыцыі з 1995 году, я была на ўстаноўчым зьезьдзе АГП. Усё сьвядомае жыцьцё я ў апазыцыі да дзейнай улады. Я пасьлядоўная прыхільніца дэмакратычных пераўтварэньняў. Усе ідэі я ўвасабляю ў гэтай кампаніі. Я падтрымліваю незалежнасьць, выступаю за адраджэньне гістарычных сымбаляў, за свабоду слова. Я за эканамічныя пераўтварэньні, за роўнасьць усіх формаў уласнасьці, за гендэрную роўнасьць, за прыватную ўласнасьць на зямлю, незалежны суд і рэформу судовай і сьледчай сыстэмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой сабачка ня шпіц!» Ганна Канапацкая пра жыцьцё ў час пандэміі— А што наконт рэпрэсій улады, якія цяпер адбываюцца?
— Пры правядзеньні электаральнай кампаніі недапушчальна прымяняць сілу ў дачыненьні да прэтэндэнтаў на кандыдацтва і сябраў іх камандаў.
— Я ўпершыню пачула, што вашы людзі таксама сталі ахвярамі рэпрэсій. Чаму вы раней пра гэта не казалі?
— Я лічу, што сёньня ёсьць больш важныя рэчы, чым штрафы маіх актывістаў, таму што нам кардынальна трэба вырашыць пытаньне, каб Беларусь стала прававой дзяржавай.
«Як маці, як жанчына я Сьвятлану падтрымліваю. І як палітык, і як юрыст»
— Вы разам са Сьвятланай Ціханоўскай — патэнцыйныя кандыдаткі на прэзыдэнцтва. Было 4, цяпер засталіся 2 прэтэндэнткі на прэзыдэнцтва. Так можа стацца, што Сьвятлана глядзіць нашу размову. Што б вы ёй маглі сказаць? У чым бы вы маглі яе падтрымаць? Ці што параіць?
— Калі ўпершыню Сяргей сеў на суткі, я зьвязвалася з адвакатам Сяргея, зьвязвалася са Сьвятланай, я дапамагала ёй матэрыяльна. І цяпер я хачу сказаць Сьвятлане, каб яна была мужнай, не паддавалася на правакацыі. Як маці, як жанчына я яе падтрымліваю. І як палітык, і як юрыст. Яна можа да мяне зьвярнуцца, я дапамагу ёй. Хай яна знойдзе ў сабе мужнасьць і сілы падтрымаць сябе, сямʼю, свайго мужа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры прэтэндэнткі на прэзыдэнтку — пра жанчын у палітыцы, хатні гвалт, аборты, дыскрымінацыю і службу пратаколу— Валер Цапкала на прэсавай канфэрэнцыі сёньня заявіў пра тое, што гатовы ў выпадку нерэгістрацыі абʼяднацца зь іншым кандыдатам. Ці разглядаеце вы магчымасьць абʼяднаньня зь іншымі прэтэндэнтамі на прэзыдэнцкую пасаду, з той жа Сьвятланай Ціханоўскай?
— Я заўсёды гаварыла, што я гатовая абʼядноўвацца зь любымі палітычнымі сіламі, зь якімі ў мяне супадаюць мэты, ідэі і задачы. Пакуль ні з кім перамоваў не вяла, таму што сёньня ня бачу людзей, зь якімі магла б абʼяднацца.
— Ні з кім?
— Вы згадалі пра Цапкалу. Я не магу абʼяднацца з чалавекам, які быў слугой рэжыму, верай і праўдай служыў, і ён ня можа ў адзін момант стаць рэвалюцыянэрам і рэфарматарам.
«Чаму вы лічыце, што жанчына ня можа быць на вышыні хайпу?»
— Ганна, мы з вамі даўно знаёмыя. Вы часта бралі ўдзел у маёй перадачы «Толькі жанчыны», выказаліся пра гендэрную дыскрымінацыю, хатні гвалт, аборты ды іншыя тэмы. Вы давалі інтэрвію, камэнтары Свабодзе. І калі я з вамі размаўляю, мне здаецца, што я вас ведаю ў пэўнай ступені. Але калі я гляджу на фота з будзёнаўкай ці чытаю некаторыя вашы пасты ў «Фэйсбуку», у мяне ўражаньне, што гэта ня тая Ганна Канапацкая, якая шмат разоў адказвала на пытаньні Свабоды. Ну што гэта за будзёнаўка?
— Чаму вы лічыце, што жанчына ня можа быць на вышыні хайпу? Чаму вы лічыце, што наканаваньне жанчыны — быць ціхай і сьціплай у пастах у «Фэйсбуку» і фатаздымках? Я лічу, што пасьпяховая жанчына можа дазволіць сабе быць адкрытай да ўсіх сваіх выбарнікаў.
— Ці ёсьць у вас паліттэхноляг, паліттэхнолягі? Можа, гэта яны вам параілі? Будзёнаўка, вядома ж, пытаньне густу...
— У мяне, безумоўна, ёсьць абʼяднаная каманда, у якой ёсьць і прафэсійныя паліттэхнолягі. Мы пралічваем эфэкт. Я бачу пагрозы, якія стаяць перад краінай, таму лічу, што і цяпер ня час гуляць у палітыку, час гэтую палітыку рабіць. Я перастала ў яе гуляць, я яе раблю. І таму я дазваляю сабе праўдзівыя, хоць і рэзкія выпады ў дачыненьні да іншых удзельнікаў электаральнай кампаніі. Я дазваляю сабе крытыку дзейнай улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатка Канапацкая ўнесла папраўкі ў закон аб адтэрміноўках ад войска. Але разглядаць іх ня будуць
«Я была на плошчы Незалежнасьці, але я не рабіла з гэтага піяр-акцыю»
— Людзі, якія глядзяць наш стрым, пытаюцца: «Калі людзі выходзілі на вуліцу, дзе былі Дзьмітрыеў, Чэрачань, Канапацкая?»
— Я была сярод людзей. Я бяру адказнасьць і выходжу нават на адзіночны пікет, калі я нязгодная зь дзеяньнямі ўладаў. Але я не магу браць на сябе адказнасьць і заклікаць іншых людзей выходзіць на Плошчу. Бо я ведаю, якія наступствы цягне за сабой для кожнага з нас выхад на Плошчу. Я выйшла на Плошчу, я заплаціла за гэта штраф, у мяне ёсьць магчымасьць гэта зрабіць. Я маю на ўвазе мой адзіночны пікет у разгар пандэміі, калі я запатрабавала карантыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая выйшла да Дому ўраду, каб у Беларусі ўвялі карантын. ВІДЭА— А цяпер, калі былі ланцугі салідарнасьці, ці былі вы на іх?
— Так, была. Я была на плошчы Незалежнасьці, але я не рабіла з гэтага піяр-акцыю. Я лічу, што салідарнасьць павінна быць ціхая.
— Вы кажаце, што жанчына мае права на хайп. Зь іншага боку, кажаце, што салідарнасьць павінна быць ціхая.
— Я ня бачу супярэчнасьці. Калі б я хацела зладзіць паказуху, я б пайшла паставіла подпіс за некага зь іншых прэтэндэнтаў. Але гульні скончыліся. Ставіць подпіс у падтрымку некага іншага — гэта як бы Трамп паставіў подпіс у падтрымку Байдэна.
— Ці не баіцеся вы перасьледу ў будучыні? — пытаюцца ў вас.
— Я свае суткі і праверкі ДФР ужо прайшла. У 2014–2015 годзе я памятаю, як саджалі на суткі, было шмат праверак, мае дзеці былі вымушаныя выехаць вучыцца ў Нямеччыну. Бо гэта быў спосаб гарантаваць іх бясьпеку. У мяне ўсё гэта ўжо было. Я ўжо не баюся. Хай іншыя баяцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да затрыманых у Маладэчне прыехала дэпутатка Канапацкая. Са зламанай нагой. Відэа— Я памятаю «антыдармаедзкія» пратэсты 2017 году. Анатоль Лябедзька за ўдзел у іх трапіў за краты. Вы тады толькі сталі дэпутаткай, у вас была зламаная нага. І вы тады гадзінамі высьвятлялі, што робіцца з затрыманымі. За каго б вы зараз пайшлі грукаць у дзьверы аддзелаў міліцыі і патрабаваць вызваленьня затрыманых?
— За тых жа, за каго і тады. Мала хто памятае, што менавіта мой дэпутацкі зварот да прэзыдэнта стаў падставай для гэтых пратэстаў. Да гэтага ніхто — ні дэпутаты, ні апазыцыйныя палітыкі — ня браў на сябе адказнасьць аспрэчыць гэты дэкрэт у Канстытуцыйным судзе. Я як дэпутатка ПП зьвярнулася да прэзыдэнта на дэпутацкім блянку, што гэты дэкрэт не адпавядае Канстытуцыі, і запатрабавала яго скасаваць. Менавіта гэта стала пачаткам гэтых пратэстаў. Я прыехала ў Маладэчна са зламанай нагой выручаць тых, хто разам са мной падтрымліваў скасаваньне гэтага неканстытуцыйнага дэкрэту. Там была і Вольга Кавалькова, якая дапамагала мне ў гэтай кампаніі. І Віталь Рымашэўскі быў там. Там было каля 15 чалавек затрыманых.
— Цяпер за кратамі Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Вольга Мікалайчык, Сяргей Ціханоўскі. Ці будзеце вы патрабаваць іх вызваленьня?
— Я гэта ўжо рабіла, я зьвярталася ў пракуратуру, я аказвала дапамогу жанчынам, чые мужы за кратамі.
— Цяпер у сацсетках шмат крытыкі на ваш адрас. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Я да гэтага гатовая. Сёньня многія людзі адурманеныя тым, што адбываецца. Некаторыя лічаць, што калі ты не падтрымліваеш пэўнага кандыдата, значыць, ты за ўладу. Яны забываюць аб той працы, якая была зробленая. Людзям уласьціва памыляцца. Я ўпэўненая, што сваімі справамі, сваімі ўчынкамі я здолею пераканаць людзей, што яны памыляюцца. Я вяду свае сацсеткі, я размаўляю з журналістамі.
«Асаблівасьць гэтай кампаніі, што ў Беларусь прыходзяць гэтыя брудныя тэхналёгіі»
— Нашы гледачы пытаюцца, чаму вы дазваляеце сабе нэгатыўныя камэнтары ў дачыненьні да іншых кандыдатаў.
— Таму што і яны сабе гэта дазваляюць. Таму што зараз ідзе сурʼёзная палітычная барацьба. Ня я першая пачала.
— А хто першы пачаў?
— Тыя, хто заявіў, што прэтэндуюць на пасаду прэзыдэнта.
— А хіба нехта зь іх нешта пра вас нэгатыўнае казаў?
— Я проста не хаваюся за сьпінамі Telegram-каналаў. Я кажу адкрыта, ад свайго імя.
— Я нядаўна запісвала інтэрвію з былым прэмʼер-міністрам Міхаілам Чыгіром, і ён сярод іншага сказаў, што падтрымлівае вас на гэтых выбарах. Раней кіраўніца рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Саламаціна падтрымала вас. Якія знакавыя, вядомыя асобы ў вашай камандзе ці сярод тых, хто вас падтрымлівае?
— І Міхаіл Чыгір, і Вольга Кавалькова, зь якой я працавала падчас збору подпісаў. Я ўдзячная руху «За свабоду», удзячная кіраўніцтву партыі БНФ, якое дазволіла свайму актыву, «Моладзі БНФ», удзельнічаць у маёй кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая падала дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты. Якія даходы яна задэкляравала?— Хадзілі чуткі, што яны сышлі ад вас, нібыта там былі нейкія грашовыя праблемы.
— Мяне спрабавалі зьбіць яшчэ на старце. Хадзілі чуткі, што я некаму прапаноўвала пасаду прэмʼера, маім каардынатарам прапаноўвалі грошы, каб яны спынілі працу са мной. На некаторых гэта паўплывала, яны спынілі супрацу са мной. Усё гэта брудныя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца ў гэтай кампаніі. Асаблівасьць гэтай кампаніі, што ў Беларусь прыходзяць гэтыя брудныя тэхналёгіі.
— А вы імі не карыстаецеся?
— Не. І вы бачыце, што ўсе крытычныя пасты я пішу сама, ад свайго імя. Мне няма чаго хаваць, я абсалютна адкрытая перад сваімі выбарнікамі.
— Што будзе 9 і 10 жніўня?
— Будзе наша перамога.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.