Рада ААН у правах чалавека 14 ліпеня плянуе разгледзець даклад аб сытуацыі ў Беларусі. Пытаньне ўнесенае ў парадак дня 44-й сэсіі рады, што праходзіць з 30 чэрвеня па 17 ліпеня ў Жэнэве.
Як паведамляе БелаПАН, дакумэнт падрыхтавала спэцдакладчыца ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Даклад ахоплівае пэрыяд з 1 красавіка 2019 году па 31 сакавіка 2020 году.
У дакладзе Марэн адзначыла, што, «нягледзячы на яе спробы канструктыўна ўзаемадзейнічаць з урадам Беларусі, ён, як і ў папярэднія гады, не прызнаў яе мандат».
Ня маючы магчымасьці наведаць краіну, спэцдакладчыца абапіралася на інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, у тым ліку на заявы ўраду і афіцыйныя публікацыі, паведамленьні прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, а таксама «ахвяр і сьведак парушэньняў правоў чалавека», дыпляматычнай супольнасьці, міжнародных і рэгіянальных арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчыкі ААН заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у выбарчай кампаніі«Зыходзячы з сабранай інфармацыі, спэцдакладчыца ня можа канстатаваць нейкіх сур’ёзных паляпшэньняў у галіне нарматыўна-прававой абароны правоў чалавека ў Беларусі, — гаворыцца ў дакладзе. — Сыстэмныя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, на якія яна зьвяртала ўвагу ў сваіх папярэдніх дакладах, захоўваюцца ў заканадаўстве і на практыцы. Канстытуцыя і заканадаўчыя акты па-ранейшаму не забясьпечваюць дастатковую абарону правоў, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, і Беларусь не дамаглася істотнага прагрэсу ў справе стварэньня нацыянальнай праваабарончай установы».
На працягу разгледжанага пэрыяду ў краіне было вынесена пяць сьмяротных прысудаў і прыведзеныя ў выкананьне ня менш як два. «Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды, а таксама па-ранейшаму адмаўляецца ў доступе да інфармацыі аб справах, па якіх вынесены сьмяротны прысуд, — падкрэсьліваецца ў дакумэнце. — Разам з тым варта вітаць большую гатоўнасьць ураду Беларусі да ўдзелу ў міжнародным і нацыянальным дыялёгу па пытаньні аб сьмяротнай кары. Спэцдакладчыца зноў заяўляе, што Беларусь павінна неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку на шляху да яго адмены».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная праваабаронца ААН: Беларусь прымяншае сур’ёзнасьць пандэміі COVID-19Акрамя таго, у краіне не назіраецца «сыстэмнага паляпшэньня ў сфэры папярэджаньня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня».
«На працягу разгледжанага пэрыяду па-ранейшаму мелі месца адвольныя затрыманьні актывістаў грамадзянскай супольнасьці, мірных дэманстрантаў і незалежных журналістаў, — адзначаецца ў дакладзе. — Хоць дэкрыміналізацыя дзейнасьці членаў незарэгістраваных асацыяцый зьяўляецца пазытыўным крокам, спэцдакладчыца вельмі насьцярожана ставіцца да таго факту, што заканадаўства ў цяперашні час прадугледжвае замест крымінальнай адміністрацыйную адказнасьць і буйныя штрафы. Несувымерныя і дыскрымінацыйныя абмежаваньні свабоды меркаваньняў і іх свабоднага выказваньня, свабоды сходаў і свабоды асацыяцыі сьведчаць аб працягу задушэньня асноўных свабодаў».
Паводле Марэн, папярэднія яе рэкамэндацыі, скіраваныя на стварэньне спрыяльных умоў для ажыцьцяўленьня права на ўдзел у дзяржаўных справах і правядзеньне плюралістычных выбараў, засталіся без увагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі пра інцыдэнт у Горадні: «Невядомыя зладзілі правакацыю на загад дыктатара Лукашэнкі»У дакладзе адзначаецца, што інстытуцыйна-прававое асяродзьдзе ў краіне застаецца «варожым да іншадумства і неапраўдана абмяжоўвае ажыцьцяўленьне грамадзянскіх і палітычных правоў».
«Законы, накіраваныя на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню паклёпу і экстрэмісцкай ідэалёгіі, працягваюць выкарыстоўвацца ў якасьці рэпрэсіўных інструмэнтаў, — гаворыцца ў дакладзе. — Рэлігійныя свабоды па-ранейшаму ўшчамляюцца, у выніку чаго яшчэ больш абмяжоўваецца прастора для сапраўднага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці і свабоднага выказваньня меркаваньняў».
Як адзначае спэцдакладчыца, працягваецца дыскрымінацыя ў сфэры занятасьці, асабліва ў адносінах да жанчын, асоб з інваліднасьцю і асоб з ВІЧ.
«У краіне распрацаваны праект закону, скіраванага на паляпшэньне абароны асоб з інваліднасьцю, — гаворыцца ў дакладзе. — Хоць гэта зьяўляецца пазытыўным крокам, спэцдакладчыца па-ранейшаму занепакоеная распаўсюджанасьцю структурнай дыскрымінацыі і адсутнасьцю інклюзіўнага і даступнага асяродзьдзя для працы асоб з інваліднасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International патрабуе вызваліць арыштаваных у Беларусі блогераў і актывістаў«Нягледзячы на забарону ў заканадаўстве, у Беларусі па-ранейшаму сыстэматычна выкарыстоўваецца прымусовая праца, у прыватнасьці ў месцах утрыманьня пад вартай і так званых лячэбна-працоўных прафілякторыях, — адзначаецца ў дакумэнце. — Гэта робіць нэгатыўнае ўзьдзеяньне на ўразьлівыя супольнасьці. Гэтая незаконная практыка распаўсюджваецца і на дзяцей. Акрамя таго, на працягу разгледжанага пэрыяду ў Беларусі працягвалася палітыка задушэньня прафсаюзнай дзейнасьці, а таксама сыстэматычная дыскрымінацыя беспрацоўных».
Анаіс Марэн адзначае захаваньне дыскрымінацыі ў дачыненьні да носьбітаў беларускай мовы, асабліва ў сфэры вышэйшай і сярэдняй адукацыі. «Зьяўляючыся пагрозай выжываньню мовы, такая дыскрымінацыя таксама нэгатыўна ўплывае на культурнае жыцьцё ў Беларусі», — падкрэсьліваецца ў дакладзе.
Спэцдакладчыца лічыць, што Рада ААН у правах чалавека павінна па-ранейшаму «надаваць увагу становішчу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі».