Каардынатарка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава зьвяртае ўвагу, што галасы амаль 200 тысяч грамадзян не залічаныя, іх пазыцыі праігнараваныя.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Гэта азначае, што ўлада проста плюе ў твар грамадзянам, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў.
Усе ведаюць, гэтая інфармацыя ёсьць у нас на сайце, — у нас была шматступеньчатая сыстэма вэрыфікацыі подпісаў. Мы можам адказаць за сапраўднасьць кожнага подпісу. Мы перакананыя, што людзі, якія зьбіралі подпісы, прыклалі шмат намаганьняў, каб усе подпісы былі правільныя, дакладныя, вывераныя. І 62% па Менску забракавалі! А варта нагадаць, што мы ня ўсе сабраныя подпісы змаглі фізычна перадаць у камісіі з прычыны тых падзей, якія разгарнуліся два тыдні таму. Мы перадалі 360 тысяч, а насамрэч сабралі больш за 434 тысячы.
Гэта абуральна, гэта прыкмета асаблівай непавагі да грамадзянаў і да іх волевыяўленьня», — перакананая Марыя Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала ня зможа стаць кандыдатам у прэзыдэнты — ЦВК прызнаў толькі 75 тысяч подпісаўШто тычыцца подпісаў, сабраных за Валера Цапкалу, сытуацыя падобная да сытуацыі з подпісамі за Віктара Бабарыку.
«Вельмі вялікі працэнт забракаваных — гэта ня можа быць праўдай. Столькі подпісаў ня можа быць забракавана, бо мы часьцяком зьбіралі подпісы побач — за Бабарыку, Ціханоўскую і Цапкалу. І бачылі чэргі да іх зборшчыкаў, і дакладнасьць і ўважлівасьць, зь якімі яны працавалі», — кажа Калесьнікава.
Сытуацыю з Ганнай Канапацкай і Сяргеем Чэрачнем, якія самі заяўлялі пра значна меншую колькасьць подпісаў, чым прызнала ЦВК, Калесьнікава пакуль не гатовая камэнтаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У двух прэтэндэнтаў у прэзыдэнты ЦВК выявіла больш подпісаў, чым яны здалі?«Самі кандыдаты казалі пра істотна меншую колькасьць — Канапацкая пра 110 тысяч, Чэрачань — пра 106 тысяч. Гэта проста несур’ёзна», — мяркуе яна.
Штаб Віктара Бабарыкі будзе аспрэчваць рашэньні тэрытарыяльных камісій аб прызнаньні подпісаў цэлых раёнаў несапраўднымі.
«Мы ня будзем з гэтым мірыцца. Мы ўчора на сайце апублікавалі форму. Кожны грамадзянін, які лічыць, што яго подпіс не прызнаны альбо ня ўлічаны, можа накіроўваць скаргу ў ЦВК, каб тыя адказалі, куды падзеліся галасы.
Дый мне наагул цікава, як у такі кароткі тэрмін наагул маглі праверыць такую колькасьць галасоў?» — выказвае зьдзіўленьне Марыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава прызнала несапраўднымі вас і вашых сяброў». У штабе Бабарыкі адказалі на масавае непрызнаньне подпісаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без Цапкалы. Каго не зарэгіструюць улады. ВІДЭАПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.