Беларускае выданьне «Наша ніва» прааналізавала дакумэнт на 24 старонкі, падрыхтаваны ў чэрвені Акадэміяй кіраваньня, які, як піша сайт, можа быць «даведзены да ведама ідэолягаў» і зь якім «дзяржпрапаганда ідзе на выбары».
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Розныя матэрыялы пад назвай «Республика Беларусь: уверенным шагом по пути независимости» і падобнымі ня раз публікаваліся самымі рознымі дзяржаўнымі ўстановамі, ад Факультэту журналістыкі БДУ да адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску ці раённай лякарні ў Стоўпцах. «Адзіны дзень інфармаваньня» на такую тэму згадваўся ў навінах ідэолягаў Мастоўшчыны, Гомельскага пэдагагічнага каледжу, Магілёўскага інстытуту МУС і іншых дзяржаўных установаў.
Дакумэнт пад такой самай назвай і на 24 старонках, які апісвае «Наша ніва», ёсьць у тым ліку на сайце Менскага райвыканкаму. На сайце Акадэміі кіраваньня, якая распрацавала дакумэнт, яго няма.
«Наша ніва» мяркуе, што дакумэнт можна лічыць агітацыйным, «прасякнутым цытатамі Аляксандра Лукашэнкі», але ў ім «не знайшлося месца хаця б туманнаму вобразу будучыні». Выданьне пералічвае рэчы, якія «павінны выклікаць давер да дзяржаўнай сыстэмы кіраваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ж тыя «нацмэны», зь якімі змагаецца тутэйшы «нацбол»?Гэта, сярод іншага:
- сярэдні заробак у 2019 годзе ў параўнаньні з 1994-м;
- параўнаньні лічбаў з Армэніяй, Малдовай, Кіргізстанам і Таджыкістанам, але ня Польшчай ці Чэхіяй;
- дасягненьні беларускай трансплянталёгіі і колькасьць замежных пацыентаў (першая тэма асноўнага разьдзелу «Нам ёсьць чым ганарыцца»);
- даступнасьць ільготнага жытла, «шырокая палітра» фінансавых мэханізмаў для куплі камэрцыйнага жытла;
- харчовая бясьпека, статыстыка збору ўраджаяў і экспарту прадуктаў;
- лягістычная сыстэма і аб’ёмы аўтаперавозак;
- усе мэдалі Алімпійскіх гульняў, правядзеньне Эўрапейскіх гульняў у Менску;
- Беларусь — «культурны цэнтар Эўропы», пра што сьведчыць штогадовае правядзеньне «амаль 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фэстываляў»;
- будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і новага музэю Вялікай Айчыннай вайны, рэканструкцыя Купалаўскага тэатру;
- зьніжэньне ўзроўню злачыннасьці і адсутнасьць тэрарыстычных пагрозаў, «разгром» наркагандлю;
- рост IT-сэктару пры «сталай падтрымцы кіраўніка дзяржавы»;
- посьпехі прамысловасьці ў вытворчасьці трактараў і «БелАЗаў», калійных угнаеньняў;
- кітайска-беларускі парк «Вялікі камень», які «плошчай як возера Нарач»;
- Беларусь «як донар стабільнасьці», які «не адмовіўся ад сваіх нацыянальных інтарэсаў» (згадваецца спроба ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне на менскіх перамовах, але «саюзная дзяржава» з Расеяй ня згадваецца);
- запуск вырабленага ў Расеі касьмічнага спадарожніка БелКА-2 у 2012 годзе
- і іншае.
Беларуская мова ў гэтым дакумэнце, дадае «Наша ніва», ня згадваецца ніяк.
Выснова аўтара дакумэнту: «Першапачатковая задача сёньня, калі сьвет сутыкнуўся з наступствамі цяжкай эпідэміялягічнай сытуацыі, не растраціць тое, што намі заваявана за чвэрць стагодзьдзя незалежнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.