Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі перадрэвалюцыйная сытуацыя, вэртыкаль улады можа абрынуцца зьнянацку», — украінскі палітоляг


Пікет Салідарнасьці ў Менску, 19 чэрвеня 2020 года
Пікет Салідарнасьці ў Менску, 19 чэрвеня 2020 года

Аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа абрынуцца ў любы час, і гэта будзе нечаканым як для самой улады, так і для апазыцыі. Няправільная рэакцыя на пандэмію каранавірусу і надзвычайны ціск на апанэнтаў па выбарчай кампаніі дэманструюць слабасьць рэжыму, а не ягоную абачлівасьць і сілу.

Свой погляд наконт сытуацыі ў Беларусі Свабодзе выказаў Міхаіл Мінакоў, доктар філязофскіх навук, старшы навуковы супрацоўнік Міжнароднага навуковага цэнтру імя Вудра Вільсана і галоўны рэдактар часопісаў «Ідэалёгія і палітыка» і «Kennan Focus Ukraine».

Сьцісла:

  • У Беларусі назіраецца электаральная рэвалюцыя — мабілізацыя вялікай часткі насельніцтва, якая спрабуе паўплываць на вынік выбараў;
  • Падобныя рэвалюцыі разьвіваюцца па нечаканым шляху. Яны непрадказальныя і для ўлады, і для апазыцыі;
  • У Беларусі можа адбыцца ўкраінскі сцэнар 2004 году, але не 2013–2014;
  • Звычайна гэта мірны супраціў і бяскроўная зьмена ўлады;
  • Вэртыкаль улады пабудаваная на асабістых стасунках, на ляяльнасьці і падпарадкаваньні. Яна рассыпаецца вельмі лёгка.
  • Існуюць разумныя аўтарытарныя рэжымы, якія не выклікаюць у грамадзян жаданьня пратэставаць. Але гэта не пра Беларусь.
  • Рэсурсы беларускага аўтарытарызму вычарпаныя. Палітычныя рэпрэсіі дэманструюць слабасьць рэжыму.

Такія рэвалюцыі нечаканыя як для ўладаў, так і для апазыцыі

Міхаіл Мінакоў
Міхаіл Мінакоў

— Міхаіл, як бы вы назвалі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Як палітычныя навукоўцы мы спрабуем усё катэгарызаваць. Я б сказаў, што цяпер у Беларусі мы назіраем адзін з тыпаў так званых электаральных рэвалюцый. Пры набліжэньні выбараў мабілізуецца даволі вялікая частка насельніцтва, якая спрабуе паўплываць на вынік выбараў праз пратэст, праз падвышаную грамадзянскую актыўнасьць. Гэта робіцца за кошт таго, што на палітычны і публічны парадак дня выносяцца тыя пытаньні, адказаў на якія не дае ці пазьбягае аўтарытарная фігура.

На гэты момант у Беларусі, як гэта адбывалася на пачатку іншых электаральных рэвалюцый, выносяцца вострыя пытаньні на парадак дня. І ўжо потым будуць узьнікаць пытаньні па працэдуры, па кантролі за падлікам галасоў і гэтак далей.

Такія рэвалюцыі заўжды ідуць па нечаканым шляху. Прычым яны нечаканыя як для ўладаў, так і для апазыцыі.

— А можаце прасьцей патлумачыць, што значыць электаральная рэвалюцыя?

— Гэта тыя самыя «каляровыя рэвалюцыі», такі тэрмін больш прыжыўся. Хваля такіх рэвалюцый пайшла па постсацыялістычных і постсавецкіх краінах пачынаючы з Сэрбіі ў 2000 годзе, потым дакацілася да Грузіі (2003), Украіны (2004) і Кірігізстану (2005). Часьцей іх называюць каляровымі рэвалюцыямі, але яны хутчэй прывязаныя да мабілізацыі, зьвязанай з выбарамі. Гэта «рэвалюцыі» ў двукосьсі, гэта вельмі важна памятаць.

Але гаворка ідзе менавіта пра тую ж мадэль, якая была ва Ўкраіне, скажам, у 2004 годзе. Я б ніяк ня зьвязваў яе з падзеямі 2013–2014 гадоў.

— То бок гэта бяскроўная зьмена ўлады?

— Так, у дадзеным выпадку тыя падзеі, якія даносяць СМІ зь Беларусі, яны кажуць менавіта пра такі напрамак. Гэта мірны супраціў, гэта грамадзянскі дух, гэта непасрэдная сувязь з выбарамі, якія рыхтуюцца ў Беларусі.

— Як такія рэвалюцыі разьвіваюцца?

— У такой рэвалюцыі ёсьць тры фактары, як гэта вызначае Чарльз Тылі (Charles Tilly). Першае — гэта вялікі пратэст, мабілізаваны адзінай праграмай. Другое — узьнікненьне рэвалюцыйнай сытуацыі, калі ўрад губляе манаполію на ўладу і ўзьнікаюць розныя цэнтры ўлады, якія змагаюцца паміж сабой. І толькі адзін з гэтых цэнтраў перамагае. Трэці элемэнт — гэта стварэньне міту пра тое, што гэта была рэвалюцыя.

Вось цяпер, напэўна, у Беларусі ёсьць такая перадрэвалюцыйная сытуацыя — мабілізацыя насельніцтва. Але ці пойдзе далей па гэтым шляху — цяжка сказаць.

Кіраўнікі вераць у вечнасьць сваіх рэжымаў, але іх улада разбураецца зьнянацку

— Цяперашні рэжым за 26 год падпарадкаваў сабе абсалютна ўсю ўладу, у тым ліку кантралюе правядзеньне выбараў. Людзям цяжка нават уявіць, што гэты рэжым можа пахіснуцца.

— Тым ня менш гэта адбываецца. Гэта дакладна адбудзецца. Толькі пытаньне, ці зараз, ці ў будучым.

У грамадзтвах, якія доўга жылі пад аўтарытарным кіраваньнем, пачынаецца стомленасьць ад аднаго кіраўніка. Тут і ўзрост лідэра адыгрывае ролю. Ёсьць пытаньні, зьвязаныя зь бягучымі падзеямі, якія гэтую стомленасьць ператвараюць у пэўны палітычны ці сацыяльны пратэст. Цяпер гэта эканамічныя праблемы і постковідная сытуацыя. Увогуле, эпідэмія справакавала праведны гнеў грамадзян. Ён, відаць, таксама трансьлюецца ў нешта нечаканае і непрадказальнае.

Пратэст у Менску, чэрвень 2020 году
Пратэст у Менску, чэрвень 2020 году

Мне давялося размаўляць з групай філёзафаў з Эгіпту. Гэта было празь некалькі месяцаў пасьля перамогі пратэстоўцаў — апазыцыі над рэжымам Мубарака. Было дзівосна пачуць, як палітычныя і сацыяльныя філёзафы апісвалі і аналізавалі эфэкт уяўленьня.

Справа ў тым, што і кіраўнікі, і падданыя ў аўтарытарных сыстэмах прызвычайваюцца да нязьменнасьці. І тады і інстытуты, як дзяржаўныя, так і прыватныя, забываюць, што гэта ўсё адно мае адбыцца. Лёгіка аўтарытарнага праўленьня і 2 тысячы год таму, і цяпер, — яна зьвязаная з эфэктам уяўнай вечнасьці. Нібыта гэтае праўленьне ніколі ня скончыцца.

Але дзе там! Чалавек сьмяротны, старасьць прыносіць свае абмежаваньні для кіраўніка. І тады ўзьнікае рух за зьмену.

Іншае пытаньне, ці адбудзецца зьмена толькі кіраўніка, рэжыму, ці ўсёй палітычнай сыстэмы.

— Наколькі ў такіх рэжымах магчымае разбурэньне вэртыкалі? Калі павінен настаць момант, каб Лукашэнка даў загад міністру, а той адказвае: «Прабач, не».

— Вэртыкалі рассыпаюцца вельмі лёгка. Гэтыя волаты заўжды стаяць на гліняных нагах. Яны пабудаваныя на асабістых стасунках, на ляяльнасьці і падпарадкаваньні. У нейкі момант інстытуты, якія прымушалі ўдзельнікаў вэртыкалі выконваць негалосныя правілы, яны раптам перастаюць працаваць. І гэта адбываецца зьнянацку.

Мубарак быў упэўнены, што ён памрэ на сваёй пасадзе. Але тым ня менш яго зьнесьлі. У Лібіі адбывалася прыкладна тое самае. Ва Ўкраіне вэртыкалі часам узьнікалі. Спробы былі пры позьнім Кучму, пры Януковічу пасьля выбараў 2012 году. Але гэтыя вэртыкалі не былі ўстойлівымі і вельмі лёгка зносіліся. У нас цяпер няма вэртыкалі ўлады.

Сустрэча Алякснадра Лукашэнкі з рабочымі прадпрыемства "Гродна Азот" е
Сустрэча Алякснадра Лукашэнкі з рабочымі прадпрыемства "Гродна Азот" е

— Вось вы на лекцыі ў Менску расказвалі пра разумныя аўтарытарызмы, яны ўстойлівыя. Ці ў Беларусі падобная сыстэма?

— Пры дэмакратычнай мадэлі рашэньні прымаюцца марудна. У гэта ўцягнутая вялікая колькасьць груп інтарэсаў. Ідзе пошук і ўзгадненьне нейкага кампрамісу. Гэта займае час. Але такое рашэньне больш эфэктыўнае, у ім менш памылак.

Пры аўтарытарнай мадэлі рашэньне прымаецца вельмі хутка. І ў ім патэнцыйна закладзена вялікая колькасьць памылак. Гэта неразумныя рашэньні.

А вось у 21 стагодзьдзі ўзьнікаюць даволі ўстойлівыя аўтарытарныя рэжымы, якія не выклікаюць у грамадзян жаданьня пратэставаць, дамагацца ад уладаў выкананьня Канстытуцыі. Паступова гэтыя грамадзяне прымаюць статус падданых. Гэта і ёсьць разумны аўтарытарызм.

Такія рэжымы ўмеюць пралічваць памылкі. Гэта ўсё яшчэ аўтарытарнае рашэньне, але ў ім мала памылак. Або яны маюць такую будову, каб улічваць інтарэсы важнай часткі насельніцтва, і тады не ўзьнікае пратэставага руху.

Вось такі разумны аўтарытарызм быў у Расеі да 2013 году. Пасьля было зроблена шмат памылак, якія падрываюць рэжым. Тым ня менш, пакуль што вэртыкаль улады ў Расеі вытрымлівае наступствы памылак.

У Беларусі памылкі былі зьвязаныя, напрыклад, з каранавірусам. Улады не рэагавалі, ня чулі эпідэміёлягаў, а ў Беларусі даволі добрая эпідэміялягічная і мэдычная сыстэма. Гэта кажа пра неразумны аўтарытарызм.

Пакуль рэжым утрываў, але наколькі хопіць устойлівасьці — вялікае пытаньне. Мне падаецца, рэсурсы і рэжыму, і сыстэмы ўжо вычарпаныя. І калі пасьля толькі што зробленых памылак з каранавірусам дадаюцца спробы даволі жорстка прыціснуць супернікаў на выбарах, гэта хутчэй дэманструе слабасьць рэжыму, чым яго сілу. Гэта не дэманстрацыя розуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG