Аляксандар Лукашэнка зладзіў 29 чэрвеня сустрэчу з «пэдагагічным актывам краіны» ў менскім комплексе «БелЭкспа», на якую, піша БелТА, запрасілі каля тысячы настаўнікаў і выкладчыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Цытуем, што сказаў Лукашэнка, паводле БелТА.
Пра абяцаньні на «пяцігодку»
- Заробкі прафэсарска-выкладчыцкага складу ў наступнай «пяцігодцы» давядуць да 150% ад сярэдніх па краіне (у траўні 2020 году, паводле Белстату, сярэдні заробак у адукацыі складаў 879,5 рубля пры сярэднім па краіне 1227,9 рубля).
- У бліжэйшай «пяцігодцы» 100% іншагародніх студэнтаў будуць забясьпечаныя інтэрнатамі (цяпер, паводле Лукашэнкі, забясьпечаныя 89,5%).
- Пра студэнцкую вёску ў Менску: «Інтэрнаты ў ёй па ўмовах пражываньня цяпер на ўзроўні гатэлю. Хай 3-зоркавага, але гатэлю».
- «Хто хайпуе, хто посьціць у інтэрнэце. А вас я лічу сапраўды думкафармавальнымі людзьмі. Хто, калі не выкладчык ВНУ, палітоляг, дэпутат, хто, калі ня вы, сёньня фармуе думку нашага народу».
Пра рэформы адукацыі
- «Нам, маладой Беларусі, з усіх бакоў пачалі падкідваць розныя ідэі радыкальнага рэфармаваньня сыстэмы адукацыі. Тыя, хто старэйшы, памятаюць, як было. Упэўнены, калі б пайшлі на гэта, сёньня б пляліся ў ліку адстаючых, страцілі б і школу, і традыцыі, і людзей».
- «Калі разабрацца, мы ж своечасова выявілі ўсе падводныя плыні, схаваныя пад маскай шчырай дапамогі. Пытаньне ў адным: каму тут, у Эўропе, трэба існаваньне патэнцыйнага канкурэнта, самастойнага, інтэлектуальнага і разьвітога?»
- Калі ва ўладзе краіны «арудавалі нацыянальна сьвядомыя», яны перадусім «уварваліся ў сыстэму адукацыі». «Стаўшы прэзыдэнтам, мне, ратуючы краіну, прыйшлося займацца і сыстэмай адукацыі. Тады я ўлавіў тую нітку, якую трэба было падтрымаць. Я заявіў аб тым, што нам ня трэба нічога ламаць і выдумляць, нам трэба ўдасканальваць тую сыстэму адукацыі, якая ў нас ёсьць, была і будзе. І нам зь вялікай цяжкасьцю ў большай ступені вярнуцца да той сыстэмы, якая была, удасканаліўшы яе, і, вядома, не адмовіцца ад новых парасткаў».
- «Зьдзіўляе, што некаторыя асобы ад палітыкі, якіх у свой час дзяржава вывучыла бясплатна, выступаюць толькі за платную форму навучаньня».
Пра ЦТ
- «Пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыць чалавека, а ня толькі і ня столькі, можа, вынік тэставаньня. Міністру адукацыі дадзена даручэньне прапрацаваць гэтае пытаньне».
- «Сыстэмай тэставаньня ў найлепшыя ВНУ краіны мы адсякаем працавітую здольную моладзь, бацькі якой, будзем проста казаць, не ўваходзяць у эліту нашай краіны. Няма ў іх бацькоў-бізнэсоўцаў, вялікіх грошай... Сама сыстэма не дае магчымасьці паступіць у ВНУ хлопцам, скажам, зь сельскіх школаў, дзе выкладаньне яшчэ трошкі ніжэйшае, чым у буйных гарадах, у Менску. Дзе няма такога рэпэтытарства, што можна дадаткова атрымаць веды».
- «Ня трэба думаць, што ўсе выкладчыкі карупцыянэры і іншае... Усё ж такі гэта патрыёты, як мы спачатку сказалі. Дык калі гэта патрыёты, яны павінны, яны ўмеюць разгледзець у абітурыенту будучага сапраўднага грамадзяніна».
Пра інтэрнэт і замежных ідэолягаў
- «Ня будзем займацца сваімі дзецьмі мы — імі зоймуцца чужыя настаўнікі гэтага жыцьця. І тады ў гісторыі незалежнай Беларусі, якую павінны працягнуць нашыя дзеці, можам паставіць кропку. Нават тлустую».
- «На жаль, у параўнаньні з савецкім пэрыядам адбыўся адкат назад у працы з моладзьдзю».
- «Кожны ўнівэрсытэт, інстытут, факультэт павінен мець набор такіх мэханізмаў працы. І альтэрнатыва віртуальнаму жыцьцю павінна быць цікавай».
- «Вы ведаеце, што адбываецца з моладзьдзю, якая застаецца сам-насам з інфармацыйнай прасторай. Я шчыра кажу: там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі, замежныя ідэолягі, а часам і злачынцы».
- Трэба вучыць студэнтаў мысьліць самастойна, «але не губляючы сувязі зь дзяржаўнай ідэалёгіяй». «І ня трэба баяцца гэтага слова. Пакажыце мне хоць адну моцную і самадастатковую краіну ў сьвеце, якая не надае гэтай тэме вялікага значэньня».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.