За 26 чэрвеня ў сьвеце выявілі рэкордныя за ўвесь час 194 190 выпадкаў COVID-19. У наступныя два дні выяўленых выпадкаў стала крыху менш, але ўжо 27 чэрвеня агульная колькасьць выяўленых выпадкаў перавысіла 10 млн, а колькасьць памерлых перасягнула 500 тысяч.
Месяц таму выяўлялі ня больш за 127 тысяч новых выпадкаў за дзень, два месяцы таму — максымум 102 тысячы.
Пры тым колькасьць штодзённых сьмерцяў ад каранавірусу пакуль не дала новага піку: рэкордныя 8470 сьмерцяў зафіксавалі 17 красавіка, цяпер жа штодзённа фіксуюць каля 5000 сьмерцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працы стала яшчэ больш», — лекарка пра паўторныя шпіталізацыі з пнэўманіяй і «камічныя» даведкі пра сьмерць
Дзе найгорш
Найбольшы прырост новых выпадкаў цяпер даюць ЗША (плюс 40,5 тысячы за ўчора), Бразылія (29,3 тысячы за ўчора), Індыя (плюс 19,6 тысячы за ўчора), Расея (плюс 6,8 тысячы за ўчора) і Саудаўская Арабія (плюс 6,3 тысячы за ўчора).
«Актыўных выпадкаў» — хворых на COVID-19 проста цяпер, без уліку выпісаных і памерлых — выявілі найбольш у ЗША (1,415 млн), Бразыліі (553,7 тысячы), Расеі (226,3 тысячы), Індыі (210,9 тысячы), Пакістане (106,2 тысячы) і Пэру (102,1 тысячы).
Памерлых за ўвесь час найбольш у ЗША (128,4 тысячы), Бразыліі (57,7 тысячы), Вялікай Брытаніі (43,5 тысячы), Італіі (34,7 тысячы), Францыі (29,8 тысячы), Гішпаніі (28,3 тысячы) і Мэксыцы (26,6 тысячы).
Калі лічыць выпадкі на душу насельніцтва, то найбольш іх у малых дзяржавах: Катары, Сан-Марына і Бахрэйне. З буйных дзяржаваў найбольш у Чылі — на 19 млн насельніцтва там амаль 272 тысячы выпадкаў, гэта 14 тысяч на мільён. Найбольш сьмерцяў на душу насельніцтва ў Сан-Марына, але ўжо на другім месцы Бэльгія, дзе на 11,5 млн насельніцтва зафіксавалі 9,7 тысячы сьмерцяў ад каранавірусу, 840 на мільён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ: колькасьць новых захворваньняў на COVID-19 у Эўропе пачала зноў расьці
Што ў Беларусі
У Беларусі на 28 чэрвеня афіцыйна паведамлялі пра 61,5 тысячы выпадкаў, 383 сьмерці інфікаваных COVID-19. Гэтай статыстыцы выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі. Але нават афіцыйная статыстыка ставіць Беларусь у эўрапейскі топ распаўсюду каранавірусу.
Паводле агульнай колькасьці выяўленых выпадкаў Беларусь на 8-м месцы ў Эўропе (больш толькі ў Швэцыі, Францыі, Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі і Расеі). У колькасьці «актыўных выпадкаў» — на 6-м месцы ў Эўропе. У колькасьці новых выпадкаў на дзень — на 5-м месцы ў Эўропе (больш у Партугаліі, Брытаніі, Украіне і Расеі). У колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва — на 5-м месцы ў Эўропе (больш толькі ў мікрадзяржавах: Люксэмбургу, Андоры, Ватыкане і Сан-Марына).
Пры тым у колькасьці прызнаных сьмерцяў ад каранавірусу Беларусь толькі на 20-м месцы ў Эўропе, у сьмерцях на душу насельніцтва — на 30-м. Ужо два месяцы афіцыйна паведамляюць пра 4–6 сьмерцяў на дзень, пры тым кожны дзень Міністэрства здароўя сьцьвярджае, што паміраюць толькі людзі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў).
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.