З затрыманьняў на «ланцугу салідарнасьці» ў Менску 19 чэрвеня прайшоў тыдзень, але гісторыі беларусаў, якія пацярпелі ад дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, не канчаюцца. Ільля Стаўроў расказаў Свабодзе, як увечары мінулай пятніцы вяртаўся з жонкай з трэніроўкі, а ў выніку тры дні правёў у ЦІП.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Склалася ўражаньне, што мяне зараз вывезуць у лес і закапаюць»
Каля 20:30 19 чэрвеня Ільля Стаўроў выйшаў з трэнажорнай залі. Разам зь ім была жонка Аліна. Маладыя людзі сустрэліся зь сябрам і рушылі на плошчу Перамогі праз вуліцу Зыбіцкую.
«На плошчы Перамогі ўжо былі аўтазакі, езьдзілі мікрааўтобусы з падазронымі людзьмі ў цывільным. Мы пайшлі на Якуба Коласа, там было шмат людзей, кагосьці затрымлівалі, таму адразу адтуль сышлі, — кажа Ільля. — Узялі каву ў кавярні. Людзей на вуліцы стала менш, таму мы выйшлі і зноў накіраваліся да плошчы Перамогі, каб сустрэцца зь іншым сябрам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі ў розных гарадах выйшлі на «ланцугі салідарнасьці»У нейкі момант Ільля, Аліна і іх сябар апынуліся ў натоўпе людзей. Да прыяцеля заставалася некалькі соцень мэтраў.
«Пад’ехаў аўтазак, забралі дзядулю... Мы зразумелі, што дарогі назад няма, бо ўжо былі на мосьце празь Сьвіслач. Мы ішлі наперад, лёзунгаў не выкрыквалі, у ладкі ня пляскалі. У натоўпе людзі ў цывільным пачалі затрымліваць людзей. І яны ня тое каб затрымлівалі, а проста падбягалі, хапалі аднаго чалавека ўпяцёх і запіхвалі ў аўтобус. Мы паскорылі крок, я ў гэты момант курыў электронную цыгарэту. І тут да мяне падляцелі людзі ў цывільным, агледзелі на мяне з ног да галавы і адбеглі. Схапілі майго сябра. Я крыху адцясьніў жонку да плота каля сквэра, схапіў сябра і пачаў пытацца: „Хто вы такія? Што вы робіце?“».
Ільля кажа, што пасьля гэтага некалькі невядомых у цывільным затрымалі і яго самога. Па словах хлопца, ён крычаў і прасіў дапамогі, але людзі навокал маўчалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Траўма галавы і гематома пад вокам». Пасьля затрыманьня АМАПам хлопец у свой дзень народзінаў трапіў у шпіталь«Мяне разам зь вялікай спартовай сумкай закінулі ў бусік. Я проста маліўся, каб жонку не чапалі. І тут у мікрааўтобус закідваюць Аліну. Яна ляцела пад стольлю з бакавых дзьвярэй у самы зад — спадніца на грудзях, майткі на пятках. Яна крычала, а я ляжаў на падлозе. Пачаў крычаць на людзей у цывільным, бо яшчэ не зачыніліся дзьверы бусіка.
Калі б па-чалавечы папрасілі прайсьці, то я б прайшоў, я ні ў чым не вінаваты. Але ніхто з намі не размаўляў, ніхто не прадставіўся. Я ўвогуле ня мог зразумець, хто гэтыя людзі. Гэта маглі б быць бандыты, галаварэзы. У мяне да гэтых хлопцаў былі прэтэнзіі: хто яны такія? За што мяне затрымлівалі? Я ня быў упэўнены, што мяне завязуць у РУУС. Больш склалася ўражаньне, што мяне зараз вывезуць у лес і закапаюць, мяркуючы па тым, як з намі абыходзіліся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі рукамі і нагамі». Пасьля затрыманьня 19 чэрвеня айцішнік апынуўся ў лякарні
«Жонка кульгала, не магла абаперціся на нагу»
У бусіку, па словах Ільлі, сядзелі амапаўцы ў форме, а вёў машыну чалавек у цывільным, ён жа аддаваў загады, кажа хлопец. Ён лічыць, што так быць не павінна. З затрыманых там былі незнаёмы яму хлопец, Аліна і сябар.
«Куды нас вязуць, ніхто спачатку не сказаў. Я папрасіў хлопцаў у форме прадставіцца, пытаўся ў іх, ці ня сорамна ім, ці ёсьць у іх сумленьне. Яны апускалі вочы, было бачна, што ім сорамна, але нічога зрабіць яны ня могуць. Кіроўца сказаў, каб я замаўчаў, бо магу сказаць штосьці лішняе. І ўсё ж паведаміў, што нас вязуць у Цэнтральнае РУУС».
На тэрыторыю РУУС затрыманых, паводле Ільлі, завезьлі не праз галоўны ўваход.
«Калі нас вывелі з машыны, мая жонка кульгала, не магла абаперціся на нагу. Яна плакала. Нас паставілі да сьцяны, агулам было каля 40 затрыманых. У машыне казалі, што калі нас прывязуць, то нам зачытаюць нашыя правы і абавязкі, хтосьці нам прадставіцца, патлумачыць, чаму мы затрыманыя. Але нічога гэтага не адбылося. Жонка не магла стаяць каля сьцяны, таму што ёй моцна балела нага. Я кінуў сваю сумку на зямлю, каб яна села. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што так нельга. Потым выйшаў нейкі мужчына ў цывільным і сказаў, што Аліна можа сядзець. Так нас пратрымалі тры гадзіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На дзяўчыну напалі ззаду пяцёра ў цывільным». Як адбываліся жорсткія затрыманьні ў НаваградкуКаля другой гадзіны ночы, кажа Ільля, на затрыманых пачалі складаць пратаколы.
На Аліну склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП. У ім запісана, што дзяўчына парушала вызначаны «парадак правядзеньня пікетаваньня». Гэта выразілася «у прыняцьці ёй актыўнага ўдзелу ў несанкцыянаваным пікетаваньні... з мэтай публічнага выказваньня свайго пратэсту па факце затрыманьня Віктара Бабарыкі і правядзеньня сумленных выбараў».
У Ільлі два пратаколы — адзін як у Аліны, па 23.34, а на дадатак па артыкуле 23.4 — непадпарадкаваньне патрабаваньню супрацоўніка міліцыі. Пасьля таго як на Ільлю склалі пратаколы, яго адвезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна. Аліне не паведамілі, куды адвезьлі мужа. Яе і сябра сям’і адпусьцілі дадому прыкладна а 5-й раніцы ў суботу.
«Скатаў сабе хлебны мякіш, зрабіў зь яго штосьці падобнае да падушкі»
Па словах Ільлі, у ЦІП з затрыманымі абыходзіліся «як з жывёламі».
«У камэры не адчынялі акно, прагулкі былі не дазволеныя. На патрабаваньне патэлефанаваць і зьвязацца з адвакатам нам казалі: „Не дазволена“. Матрацаў не давалі ні ўначы, ні днём. Як казаў нам супрацоўнік, „як мы ставімся да сваёй краіны, гэтак жа яны ставяцца да нас“.
Я вельмі хацеў спаць днём, але калі я спрабаваў, то супрацоўнікі падляталі да дзьвярэй, адчынялі акенца і крычалі, каб мы ўсталі з ложкаў, ня спалі. Уначы паспаць далі, але каб паспаць, я скатаў сабе хлебны мякіш, зрабіў зь яго штосьці падобнае да падушкі, засунуў у пакет і спаў так. У аднаго хлопца ложак быў прапалены, то бок ён спаў проста на вуглі. У яго шорты былі як у сажы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашні кашмар цяжка было перажыць». Актывіст расказвае пра ўмовы на АкрэсьцінаАднаго з хлопцаў, якія сядзелі ў ЦІП разам з Ільлёй, моцна зьбілі, у яго балелі рэбры, дадае Ільля. Калі затрыманых абыходзіў доктар, яны папрасілі ў яго анальгін, але той адмовіў. Тады хлопцы некалькі разоў выклікалі дзяжурнага з патрабаваньнем зноў паклікаць доктара. Пасьля некалькіх спробаў мэдык усё ж прыйшоў.
«Мая жонка тры дні была ў гістэрыцы, напісала заяву аб маім зьнікненьні. Міліцыя званіла ў ЦІП — там казалі, што я ў ІЧУ. А ў ІЧУ казалі, што я ў ЦІП. А потым у ЦІП нібыта не маглі датэлефанавацца ўвогуле».
У панядзелак Ільлю асудзілі па двух артыкулах — 23.4 і 23.34. Аштрафавалі на 45 базавых велічынь.
Падчас затрыманьня Аліна атрымала цялесныя пашкоджаньні. Ільля кажа, што яна напісала ў міліцыю заяву аб пабоях. Суд па адміністрацыйнай справе Аліны Стаўровай адбудзецца ў панядзелак, 29 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 тысяч рублёў штрафаў, 77 сутак арышту. Суды за «ланцугі салідарнасьці» 22 чэрвеня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку выбарчай кампаніі больш за 300 чалавек агулам асудзілі на 1568 сутак і 167 000 рублёў штрафаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запусьцілі краўдфандынг для падтрымкі сямей затрыманых