Дзікае паляваньне на блогераў. Чаму і навошта

Блогер Ігар Лосік

Чаму аб’ектамі самага жорсткага, у тым ліку і крымінальнага, перасьледу сталі відэаблогеры і ўладальнікі папулярных відэаблогаў? Ці можа гэта зьбіць хвалю незадавальненьня і пратэстаў? Ці ня ўзмоцніць атака на беларускіх блогераў расейскія Telegram-каналы, якія выконваюць зразумелыя задачы адносна Беларусі?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Сьцісла

Навумчык:

  • З аднаго боку, Telegram лічыцца рэсурсам для больш вузкага кола, чым фэйсбук альбо «ЎКантакце», а з другога — пэўныя Telegram-каналы чытаюць і чыноўнікі. Можна казаць пра ўплыў Telegram'а на кіроўную эліту. Лукашэнка прыгадвае Telegram ці ня ў кожным другім сваім выступе. Адсюль і такая ўвага да адміністратараў Telegram-каналаў, у прыватнасьці, да Ігара Лосіка.
  • Характэрна, што менавіта блогеры (найперш Сяргей Ціханоўскі) абудзілі тую частку насельніцтва, якая раней была палітычна індыфэрэнтнай.
  • Нэўтралізаваць нейкае СМІ даволі цяжка, бо цяпер выданьні выступаюць на некалькіх плятформах — гэта і інтэрнэт-вэрсія, і старонкі ў сацсетках, і акаўнты на ютубе. Урэшце, і самі супрацоўнікі могуць мець уласныя каналы. А нэўтралізаваць блогера проста — дастаткова яго арыштаваць.
  • Тэарэтычна, улада можа заблякаваць ня толькі асобных блогераў, але і сацсеткі. Але тут яна можа сустрэцца зь непажаданым для яе эфэктам, бо значная частка карыстальнікаў сацсетак выкарыстоўваюць іх не як крыніцы палітычнай інфармацыі, а як сродак камунікацыі на розныя непалітычныя тэмы — скажам, групы аўтамабілістаў ці ўладальнікаў хатніх жывёлаў. І пазбаўленьне іх гэтага выкліча азлабленьне ў бок улады.
  • Мяне зьдзівіла ацэнка міністрам МУС Караевым мірных пратэстаў як «нібыта мірных». Я лічу яго чалавекам непараўнальна больш адукаваным за папярэдняга міністра, і ён мог бы прагназаваць, як успрымуць такія яго ацэнкі «ланцуга салідарнасьці» ў ЗША, у Парыжы ці ў Лёндане, дзе акцыі пратэсту цяпер маюць зусім іншы характар.
  • Я ніколі ня бачыў ні ў Telegram-каналах, ні ў фэйсбуку, ні ад блогераў, ні ўвогуле ад карыстальнікаў ніводнага закліку да нейкіх гвалтоўных дзеяньняў. Што цяпер абмяркоўваюць у сацсетках? Слушна ці памылкова прапанаваў Бабарыка канстытуцыйны рэфэрэндум. Калі, умоўна кажучы, «лідэры думак» будуць нэўтралізаваныя — іх месца зоймуць асобы, якія будуць разважаць зусім ня ў рэчышчы мірных канстытуцыйных рэформаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кватэры маці блогера Пятрухіна прайшоў ператрус. Паводле сваякоў, блогера вінавацяць па трох артыкулах

Дракахруст:

  • Міністар Караеў казаў, што падзеі ў Менску накіраваныя на разгойдваньне сытуацыі, і пад выглядам нібыта мірных пратэстаў «тоіцца часам вялікая небясьпека. Яны кіруюцца праз Telegram-каналы і праз стрым Радыё Свабода». Я думаю, што ў іх у галовах сядзіць «твітэр-рэвалюцыя», «фэйсбук-рэвалюцыя», а цяпер і «Telegram-рэвалюцыя» (можна прыгадаць Эгіпет ці другі Майдан у Кіеве). І, магчыма, яны лічаць, што гэта дасягне свайго выніку. Але ў тым жа Эгіпце проста на некалькі дзён інтэрнэт вырубілі па ўсёй краіне. Але прэзыдэнту Мубараку гэта ня вельмі дапамагло.
  • Гэта такая лёгіка аўтарытарнай улады — «павінны быць нейкія завадатары», нейкія «мудрацы», якія ўсім кіруюць. Калі высьвятляецца, што «мудрацоў» няма, дык каго тады лавіць?
  • У пэўным сэнсе ўлады атакай на беларускіх блогераў, беларускія Telegram-каналы пілуюць сук пад сабой. Я памятаю, некалькі гадоў таму Юры Зісер пісаў пра атакі на tut.by і казаў: «Вам не падабаецца tut.by? Дык вы атрымаеце tam.ru, калі прыйдзе „русский мир“ у ягоным аўтэнтычным выглядзе».
  • Існуе суквецьце Telegram-каналаў, якія проста працуюць на расейскі парадак дня. І «Незыгаря» не пасадзіш. Так, беларускія каналы ня любяць Аляксандра Рыгоравіча, але яны любяць Беларусь. А вось тыя таварышы — у іх іншы парадак дня. І калі вы вырубаеце беларускія — вы аддаяце поле іншым.
  • Нядаўна была цікавая статыстыка ВВС, статыстыка гвалтоўных і негвалтоўных супраціваў. І выяўляецца, што негвалтоўны супраціў больш эфэктыўны. І калі супраць людзей у вайсковай форме прымяняюць зброю — яны страляюць у адказ, бо давалі прысягу. Але калі гэта мірны пратэст, а ім загадалі страляць, дык загад загадам, але страляць у бяззбройных... І справа ня толькі ў гуманізьме, а ў тым, што гэта больш эфэктыўны інструмэнт дасягненьня мэтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі: У Беларусі сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў