Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў, былы амбасадар у ЗША Валеры Цапкала 24 чэрвеня падаў у ЦВК дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у прэзыдэнты.
«Сабралі 220 тысяч, аддалі ў выбаркамы 160 тысяч, — сказаў Цапкала журналістам. — Мы самі правялі рэвізію якасьці сабраных подпісаў... На сёньняшні момант мы ня бачым ніводнай прычыны, якая б магла паслужыць падставай для адмовы ў рэгістрацыі».
Ён выказаў спадзяваньне, што ўсе «асноўныя, так званыя рэйтынгавыя кандыдаты будуць зарэгістраваныя».
Цапкала заявіў, што яго каманда «будзе абапірацца на ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці», каб пазьбегнуць фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала сказаў, што «тэарэтычна не выключае» магчымасьці затрыманьня«Мы бачым, якім чынам гэтым разам неабыякавыя людзі, як яны праяўляюць сваю грамадзянскую ініцыятыву, актыўна запісваюцца ў мясцовыя выбарчыя камісіі. Гэты працэс, няхай і не без праблем, але ідзе. Думаю, наступным этапам будзе запіс у склад назіральнікаў. Вельмі шмат цяпер зьявілася новых інструмэнтаў у сувязі з разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгіяў, якія дазволяць забясьпечыць працэс падліку [галасоў] больш празрыста, чым ён быў дагэтуль», — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На паседжаньні камісіі Фрунзенскага раёну ў Менску забыліся выключыць гук. АЎДЫЁЦапкала заявіў, што ніхто ня мае права быць па-над законам і трэба «паважаць права беларускага народу выбіраць сабе той палітычны курс, які ён хоча, выбіраць таго кіраўніка, які павядзе беларускі народ у наступныя пяць гадоў. Я не кажу, што ён павядзе за сабой. Ён, магчыма, будзе мэнэджарам, магчыма, проста добрым кіраўніком, але ён будзе тым чалавекам, які на нейкі вызначаны пэрыяд часу зможа зьяўляцца адлюстраваньнем спадзяваньняў, чаканьняў беларускага грамадзтва», — падкрэсьліў Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго зарэгіструюць улады? Палітычны расклад пасьля збору подпісаўВалер Цапкала сказаў, што падтрымлівае ініцыятыву Віктара Бабарыкі аб правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму, але лічыць яе несвоечасовай: «Мне здаецца, што неабходна, каб усе кандыдаты сёньня засяродзіліся на галоўным парадку дня — зьмене цяперашняга курсу».
Выбары прызначаныя на 9 жніўня. Рэгістрацыя кандыдатаў будзе праходзіць з 5 па 14 ліпеня.