Беларусь адмовіла Ўкраіне ў экстрадыцыі колішняга старшыні праўленьня банку «Київська Русь» Віктара Братка, якога ўкраінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць у вывядзеньні з банкаўскіх рахункаў у 2015 годзе больш як 44 мільёнаў даляраў.
У жніўні 2016 году Віктара Братка абвясьцілі ў міжнародны вышук, а праз два гады яго затрымалі беларускія праваахоўнікі і зьмясьцілі пад варту. Праз тры месяцы пасьля затрыманьня, 9 лістапада 2018 году, яго вызвалілі пастановаю намесьніка пракурора Менску, бо ў гэты ж дзень Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі надаў яму статус уцекача.
У адным з рашэньняў украінскага суду ўдакладняецца, што Беларусь надала экс-банкіру статус уцекача, матывуючы гэта тым, што ва Ўкраіне яго перасьледуюць з палітычных матываў, і адмовіла ў экстрадыцыі. У далейшым з гэтай прычыны Інтэрпол выключыў Віктара Братка і зь міжнароднага вышуку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваахоўныя органы Ўкраіны перадумалі арыштоўваць Парашэнку. Суд перанесьлі на ліпеньЦяпер украінскі суд абавязаў праваахоўныя органы цягам 2 месяцаў завяршыць дасудовае расьсьледаваньне і ўхваліць працэсуальнае рашэньне — сьледзтва ў справе Віктара Братка цягнецца больш як 4 гады.
Адвакаты экс-банкіра адмовіліся ўдакладніць, чым той займаецца ў Беларусі і ў якім горадзе цяпер пражывае. Паводле іх, у сьледчых было дастаткова часу, каб сабраць доказы вінаватасьці ці невінаватасьці Віктара Братка і выставіць абвінавачаньне або закрыць справу.
У чым абвінавачваюць банкіра
Паводле сьледчых, Віктар Братко за бесцань прадаў два офісныя будынкі ў Кіеве і Львове, якія былі ў закладзе ў банку. Гэтую апэрацыю ён ажыцьцявіў за дзень да ўвядзеньня ў банку часовай адміністрацыі згодна з рашэньнем Нацыянальнага банку Ўкраіны. У межах крымінальнай справы арыштаваная ўся ягоная рухомая і нерухомая маёмасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году, — кіраўнік фонду «Ўкраінская палітыка»Ва ўкраінскіх СМІ банк «Київська Русь» зьвязвалі зь Яўгенам Бакуліным і Юрыем Бойкам — у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча першы ачольваў НАК «Нафтогаз України», а другі — Міністэрства энэргетыкі. У 2016 годзе абодва ўжо працавалі ў парлямэнце, абраныя дэпутатамі паводле сьпісу «Апазыцыйнага блёку», што быў створаны на парэштках Партыі рэгіёнаў.
Банк інтэнсіўна пачаў нарошчваць свае актывы менавіта ў часы прэзыдэнцтва Януковіча, калі ў ім былі сканцэнтраваныя ўсе рахункі газаздабыўной кампаніі і кіраўніцтва НАК «Нафтогаз України». Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча праваахоўныя органы затрымалі Яўгена Бакуліна паводле падазрэньня ў сувязях са злачыннай групай, якая спрычыніла шкоду дзяржаве ў памеры 4 мільярды даляраў. Тады і высьветлілася, што ўсе рахункі НАК «Нафтогаз України» знаходзіліся ў прыватным банку «Київська Русь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нафтапрадукты зь Беларусі таксычныя». Кампанія Каламойскага просіць Зяленскага абмежаваць імпарт беларускага паліваКалі ў банк прыйшла часовая адміністрацыя, высьветлілася, што ўсе ягоныя актывы пазьнікалі недзе ў афшорах, у тым ліку і празь фінансавую структуру, якая нібыта была зьвязаная з расейскім «Газпромам».
Уласьнік банку Віктар Братко абвінавачваецца ў прысабечваньні і растраце чужой маёмасьці шляхам злоўжываньня ў асабліва вялікіх памерах і ў складзе арганізаванай групоўкі. Паводле ўкраінскага заканадаўства яму пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам трох гадоў.