Па ўсёй Беларусі працягваюць судзіць актывістаў і выпадковых мінакоў, затрыманых падчас пікетаў салідарнасьці з прэтэндэнтам на найвышэйшую пасаду Віктарам Бабарыкам і ягоным сынам Эдуардам.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Абвінавачаным за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» прысуджаюць неадэкватныя штрафы, выплаціць якія многім не па кішэні. Агульная сума штрафаў набліжаецца да прынамсі 150 тысяч рублёў, сума дзён арышту перавысіла чатыры гады. Толькі за ўчора за вулічныя акцыі прысудзілі 44 тысячы рублёў штрафаў, 77 сутак арышту.
Матолька: MolaMola застаецца інфармацыйнай плятформай
Раней можна было разьлічваць на калектыўную дапамогу праз краўдфандынгавыя пляцоўкі, якія ўжо добра сябе зарэкамэндавалі пры зборы сродкаў для мэдыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белгазпрамбанк» заблякаваў працу сэрвісу MolaMola. Як цяпер зьбіраць грошыГэтым займаўся і Эдуард Бабарыка на рэсурсе MolaMola, які быў запушчаны з дапамогай іншай плятформы — Ulej.by. Фінансава-тэхналягічным партнэрам праекту выступаў «Белгазпрамбанк». Аднак пасьля ператрусаў і ўвядзеньня дзяржаўнай адміністрацыі дзейнасьць у ранейшым выглядзе спынілася.
«Рахункі арыштаваныя, афіцыйных дадзеных, якія сьведчылі б, што сытуацыя неўзабаве нармалізуецца, мы ня маем», — кажа Свабодзе іншы стваральнік MolaMola Антон Матолька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены лідзкі фэльчар закрыў збор грошай, бо ахвяравалі «непрыстойна шмат», 20 тысяч рублёўЦі засталася магчымасьць нейкім чынам дапамагчы рэпрэсаваным матэрыяльна?
«Найбольш эфэктыўны варыянт — збор сродкаў на карткі, як, уласна кажучы, і было да зьяўленьня MolaMola, — тлумачыць Антон Матолька. — Проста наша плятформа дазваляла гэта рабіць больш хутка, апэратыўна, празрыста. Вельмі зручна для ўсіх».
Як удакладняе суразмоўца, ствараць кампаніі ўзаемадапамогі на MolaMola можна і цяпер, пазначаючы ў альтэрнатыўных крыніцах на збор сродкаў нумары банкаўскіх картак. Іншымі словамі, выкарыстоўваць яе як інфармацыйную пляцоўку. Аднак з тэхнічных прычын зрабіць грашовы перавод немагчыма.
Стрыжак: Максымальна шырока расказваць пра сваю бяду
Грамадзянскі актывіст Андрэй Стрыжак мае досьвед некалькіх кампаній фінансавай дапамогі пакараным за сваю пазыцыю. І дае практычныя парады, як прыцягнуць увагу да сваёй бяды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніякага спаду няма і бліжэйшым часам ня будзе», — каардынатар кампаніі #ByCovid19, які перахварэў на каранавірус«Па-першае, MolaMola, нягледзячы ні на што, засталася пляцоўкай, якая аб’ядноўвае людзей у пошуку аднадумцаў. Па-ранейшаму можна запускаць кампаніі, трэба толькі ўпісаць рэквізыты карткі ці пазначыць іншы спосаб перадачы дапамогі. Цяпер гэта не плацёжная сыстэма, але ўжо сфармаваўся сталы кантынгент наведнікаў.
Другі шлях — выкарыстоўваць магчымасьці сацсетак. Інфармаваць, як чалавек трапіў у непрыемную сытуацыю і якая дапамога патрэбная. Калі пост добра выкладзены, ён стане вірусным, цікавасьць грамадзтва да рэпрэсій значная. Пра гэта сьведчыць гісторыя лекара-анколяга, якога затрымалі і выпісалі штраф 25 базавых. Патрэбная сума была сабраная літаральна за гадзіну.
Трэцяе — кампанія салідарнасьці. Бліжэйшым часам можна чакаць пэўных навінаў. Некалькі групаў ужо працуюць, і мы абавязкова пабачым яшчэ не адну хвалю салідарнасьці беларусаў, якія за апошнія гады паказалі, што нічым ня горшыя за ўкраінцаў ці іншыя гістарычна актыўныя народы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсіі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі: хто і за што арыштаваны. ІНФАГРАФІКАПаводле Андрэя Стрыжака, галоўнае — не заставацца сам-насам са сваімі праблемамі, максымальна шырока пра іх расказваць.
«Людзі нічога не рабілі супрацьзаконнага. Калі нехта ішоў з працы, а яго схапілі і адвезьлі ў пастарунак, што ён парушыў? І нават калі сьвядома стаў у пікет, дык гэта свабода меркаваньня, права на мірныя сходы. А яго хапаюць, зьбіваюць. Сытуацыя ненармальная, яе не павінна быць. На жаль, штрафы трэба плаціць. Ёсьць сыстэма спагнаньняў, судовых прыставаў, якія вытрасуць усю душу. Ня раю з гэтым гуляць, будзе толькі горш. Пеня, арышты маёмасьці — столькі папераў давядзецца сабраць, што высілкі таго ня вартыя», — кажа Андрэй Стрыжак.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.