У Кіеве беларусу абвясьцілі вырак у справе аб пагромах расейскіх банкаў

Васіль Парфянкоў

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева абвясьціў вырак кіраўніку «Добраахвотніцкага руху АЎН» Міколу Каханіўскаму і беларускаму добраахвотніку Васілю Парфянову, якія абвінавачваліся ў хуліганстве і былі затрыманыя 20 лютага 2016 году пасьля пагромаў офіса ўкраінскага алігарха Рыната Ахметава, а таксама аддзяленьняў расейскіх «Альфа-банку» і «Сбербанка России» у цэнтры Кіева.

Паводле рашэньня суда, яны абодва асуджаныя на 2 гады абмежаваньня волі з вызваленьнем на адзін год ад выкананьня пакараньня і абавязаньнямі зьяўляцца па рэгістрацыю і паведамляць пра ўсе зьмены месцаў жыхарства, працы і навучаньня.

«Апэляцыя будзе безумоўна. Я і цяпер мяркую, што маскоўскія банкі ва ўмовах вайны з Расеяй ня могуць працаваць ва Ўкраіне. Гэта абсурд і вялікае злачынства, бо яны фінансуюць вайну на ўсходзе», — сказаў Мікола Каханіўскі журналістам пасьля абвяшчэньня выраку.

Цывільны пазоў аб кампэнсацыі стратаў суд пакінуў без разгляду, паколькі прадстаўнікі пазоўніка не прыходзілі на разгляд справы.

«Я не шкадую аб тым, што браў удзел у нападзе на расейскія банкі, — сказаў Свабодзе Васіль Парфянкоў. — Выступаючы на судзе з апошнім словам, я казаў, што зараз ідзе вайна з Расеяй, таму прысутнасьць расейскага бізнэсу ва Ўкраіне мусіць быць абмежаваная. У расейцаў мусіць гарэць зямля пад нагамі паўсюль — і тут, у тыле, і там, на ўсходзе, дзе яны падтрымліваюць баевікоў ды сэпаратыстаў».

Напад на офіс Рыната Ахметава і аддзяленьні расейскіх «Альфа-банку» і «Сбербанка России» адбыўся 20 лютага 2016 году, у гадавіну масавага расстрэлу пратэстоўцаў на Майдане. У гэтых падзеях удзельнічала каля 10 чалавек у вайсковай форме, а таксама некалькі чалавек у цывільным. Сярод іх быў беларус Васіль Парфянкоў. Камандзір атрада Мікола Каханіўскі ўвесь час падкрэсьліваў, што Парфянкоў дзейнічаў у поўнай адпаведнасьці з указаньнем свайго камандаваньня.

Пасьля затрыманьня і Мікола Каханіўскі, і Васіль Парфянкоў пэўны час знаходзіліся пад хатнім арыштам, але пазьней іх абодвух вызвалілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус Парфянкоў арыштаваны ў Кіеве, яму пагражае да 4 гадоў турмы

Агулам сьледзтва і судовы працэс у гэтай справе трывалі амаль чатыры гады.

Васіль Парфянкоў ваяваў на ўсходзе Ўкраіны ў складзе добраахвотніцкага батальёну АУН, у верасьні 2015 году атрымаў раненьні, калі трапіў на мінную «расьцяжку» пад Пяскамі. Пасьля расфармаваньня добраахвотніцкіх батальёнаў ён застаўся ў Кіеве і далучыўся да «Добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў». У сьнежні 2017 году ў яго нарадзілася дачка ў грамадзянскім шлюбе з украінкай Аленай — яны пазнаёмілася ў зоне баёў на Данбасе, калі тая працавала ваенным тактычным мэдыкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каханьне на вайне. Васіль Парфянкоў жэніцца з вайсковай доктаркай

У судзе застаецца яшчэ адна справа супраць Васіля Парфянкова — яна датычыцца падзей 9 траўня 2017 году ў Кіеве, калі актывісты намагаліся перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк».