Фігурант «справы Ціханоўскага», які выйшаў на волю: «Я да ўсяго гатовы»

Сяргей Калмыкоў

Гарадзенец Сяргей Калмыкоў — адзіны абвінавачаны ў «справе Ціханоўскага», які пасьля затрыманьня апынуўся на волі. Ён расказаў Свабодзе, чаму пачуваўся ў турме на Валадарцы як дома, як ажаніўся пасьля СІЗА і чаму перастаў знацца зь некаторымі сваякамі.

Прыехаў на плошчу пакінуць подпіс за Ціханоўскую

Сяргей Калмыкоў — 20-гадовы гарадзенец. Разам са сваёй дзяўчынай Ірынай ён 29 траўня прыйшоў на Савецкую плошчу пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую. Літаральна празь некалькі хвілін пачалася мітусьня. Міліцыянт аказаўся на зямлі, а блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ зь дзясятак людзей затрымалі.

Ірына і Сяргей

Сяргей Калмыкоў стаяў за некалькі мэтраў ад тузаніны і ў ёй ня ўдзельнічаў, але і яго схапіў АМАП. Хлопец прайшоў праз горадзенскі ІЧУ, ізалятар на Акрэсьціна ў Менску і СІЗА на Валадарскага. Праз тыдзень за кратамі яго выпусьцілі на волю пад падпіску аб неразгалошваньні. Аднак ён мае права расказваць пра ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ і СІЗА.

Скрын зь вечаровага эфіру БТ 31 траўня. У аранжавым коле — цэнтар тузаніны, у зялёным — Ірына Федарэнка зь Сяргеем Калмыковым

Сяргей — верагодна, той адзіны па справе, каму прад’явілі абвінавачваньне ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянта (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны выскачылі з аўтобуса і бралі ўсіх спрэс», — дзяўчына маладзёна, затрыманага па «справе Ціханоўскага»

«Правяралі на кожным кроку»

Сяргей кажа, што назіраў за тузанінай на плошчы здалёк, з клюмбы на ўзвышэньні. Калі пачаліся затрыманьні, да яго са сьпіны падышлі два амапаўцы, узялі пад рукі і пацягнулі да аўтобуса. Па словах хлопца, ён не супраціўляўся, ня лаяўся. У аўтобусе адзін з амапаўцаў, якога называлі Арцём, ударыў яго кулаком у грудзі, калі затрыманы пачаў званіць блізкім людзям. Па словах Сяргея, яму ніхто не прадстаўляўся і не тлумачыў, чаму затрымліваюць.

Пра ўмовы ў горадзенскім РАУС, дзе ён прабыў першыя гадзіны, кажа, што там непрыемна пахла. На першым допыце яму паабяцалі пад «слова афіцэра», што адпусьцяць у той жа вечар, калі ён добраахвотна дасьць паказаньні. Ноччу яму паведамілі, што ён зрабіў шкоду супрацоўніку міліцыі.

«Хаця ніякіх доказаў і сьведак не было, якія б гэта пацьвярджалі», — кажа Сяргей.

Раніцай наступнага дня Калмыкова перавезьлі ў горадзенскі ізалятар, у адзіночную камэру.

«Правяралі на кожным кроку, прымушалі цалкам разьдзявацца. Цалкам, без усяго адзеньня. Глядзелі там... Карацей, ня вельмі прыемныя адчуваньні, калі цябе ні за што разьдзяваюць, правяраюць, у кайданках водзяць», — успамінае гарадзенец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адбываўся ператрус у «справе Ціханоўскага». ВІДЭА

Удзень 30 траўня яго разам зь іншымі перавезьлі ў Менск на Акрэсьціна. Зьмясьцілі ў часовае памяшканьне на некалькі гадзін. Там сьмярдзела, была адчыненая фортка, празь яе ліў дождж, было вельмі холадна. Потым перавялі ў халодную камэру.

«Я два дні нічога ня еў. Увечары мне прынесьлі прасяную кашу з рыбным фаршам. Я паспытаў, і спрацаваў рвотны рэфлекс. Я ўсё выкінуў у сьметніцу», — узгадвае Сяргей.

На Акрэсьціна шмат спаў, каб хутчэй прайшоў час. Чытаў кнігу пра вайну, хадзіў на шпацыр.

Пасьля прад’яўленьня абвінавачаньня на трэція суткі Калмыкова перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Думаў, што там умовы будуць горшыя, аднак адчуў сябе як дома. Быў прыязны «смотрящий» (галоўны ў камэры), які патлумачыў, як сябе паводзіць у новых умовах.

«Мяне там адразу напаілі гарбатай, зрабілі кашу, пачаставалі печывам, тым, што было, пакармілі», — узгадвае ён.

Сяргей сабраў рэчы ў суд па адміністрацыйнай справе на выпадак арышту

З «общака» хлопец узяў адзеньне, бо сваё ўжо было бруднае. Адзін з сукамэрнікаў стаў для Сяргея бізнэс-трэнэрам і трэнэрам па каратэ. Яны трэнаваліся падчас шпацыру. Так прыязна ставіліся да ўсіх новенькіх.

Пра большасьць затрыманых, з кім давялося сядзець, хлопец кажа як пра разумных, годных людзей. Аднаго мужчыну пасадзілі на 2 гады, бо ўладкаваў да сябе на працу сваякоў. Некалькі маладзёнаў мелі па 9–11 гадоў за наркотыкі. Па «народным артыкуле» сядзеў і сталы мужчына за 60 гадоў. Адным з «суседзяў» быў дырэктар прыватнай фірмы.

Білет сябра БРСМ. Добраахвотна Сяргей туды не ўступаў

Раней Сяргей ня меў ніякіх судзімасьцяў, штрафаў. Калі ён выйшаў зь СІЗА, на яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за тое, што не падпарадкоўваўся міліцыі пры затрыманьні і нецэнзурна лаяўся. Суд Ленінскага раёну Горадні 19 чэрвеня вярнуў справы ў РАУС на дапрацоўку.

«Будзеш маёй жонкай?»

Калмыкова нечакана выпусьцілі зь СІЗА 5 чэрвеня. Ён застаўся абвінавачаным па справе. Неўзабаве хлопец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Ірыне, якая перад гэтым шмат расказвала мэдыя, што ейны хлопец ня ўдзельнічаў у тузаніне і нічога кепскага на плошчы не рабіў.

У адзін з ранкаў пасьля вызваленьня Сяргей проста запытаўся ў Ірыны: «Будзеш маёй жонкай?». Кажа, што ўбачыў у дзяўчыне патэнцыял на будучыню.

Сяргей і Ірына зрабілі супольную татуіроўку, якая для іх азначае лінію жыцьця: «Цяпер жыцьцё толькі пачынаецца»

«Убачыў самаахвярнасьць з боку Ірыны, гатоўнасьць за мяне змагацца і шчырае пачуцьцё любові», — прызнаецца Сяргей.

Вясельле зь белай сукенкай і гасьцямі яны плянуюць пазьней. Цяпер проста расьпісаліся, зрабілі прыгожыя фота і паехалі на возера смажыць шашлыкі.

Фатаздымкі зь вясельля

Што яшчэ адседка зьмяніла ў жыцьці

Сяргей кажа, што пасьля адседкі ён ужо гатовы да ўсяго і не баіцца. Яго загартавалі заняткі спортам: вольнай барацьбой, каратэ, лёгкай атлетыкай.

Перажывае за бабулю, у якой таксама рабілі ператрус, забралі старэнькі кампутар. У яе пасьля ператрусу некалькі дзён быў падвышаны ціск. Бабуля перастала верыць свайму ўнуку і думае, што той — злачынца.


Да таго ж хлопец перастаў размаўляць зь некаторымі сваякамі. Муж ягонай стрыечнай сястры працуе ў АМАП. У той дзень 29 траўня ён стаяў за некалькі мэтраў ад Сяргея і мог бачыць яго затрыманьне.

Першыя грошы зарабіў у 4 гады

Сяргей кажа, што ў яго было нялёгкае дзяцінства. Выхоўвалі яго пераважна бабулі і дзядулі. Бацька адседзеў за «перавышэньне абароны». Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Потым тата аднавіў свае бацькоўскія правы. З усімі сваякамі Сяргей цяпер падтрымлівае добрыя адносіны. Галоўнай сваёй выхавацелькай лічыць бабулю па бацьку Еву.

Першыя грошы зарабіў у 4 гады — хадзіў у грыбы, ягады. За ягоны заробак можна было набыць цэлы пакет ежы. Тады ж навучыўся пасьвіць і даіць каровы, даглядаць гаспадарку. Умее гатаваць усё, «як звычайная гаспадыня», але найбольш любіць мяса. Праўда, цяпер кухня на Ірыне.

Сяргей вучыўся на тэхніка-мэханіка машынабудаўнічага абсталяваньня, але кінуў, бо зразумеў, што «не яго». Пазьней вывучыўся на будаўніка. Пакуль афіцыйна не працуе. Вядзе свой праект у сацыяльных сетках, дзе дапамагае гарадзенцам знайсьці працу. Цяпер у яго каля 10 тысяч падпісчыкаў. У будучыні Сяргей з Ірынай плянуюць зьехаць жыць за мяжу. Пакуль, кажуць, самае галоўнае — перажыць суды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якая ў нас бяспраўная краіна!» Што расказваюць блізкія затрыманых разам зь Ціханоўскім
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіця», — жонка гарадзенца, затрыманага ў справе Ціханоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсіі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі: хто і за што арыштаваны. ІНФАГРАФІКА